У Слуцку – усё па-людску!
10:16 / 14.01.2019
Аказваецца, ужо не адзіны. Астравецкую эстафету падхапіў Слуцк пасля таго, як райвыканкам там узначаліў выхадзец з Астравеччыны Андрэй Янчэўскі. Андрэй Уладзіслававіч, вялікі аматар інтэлектуальных гульняў, ігрок каманды «Зямляне» – на жаль, ужо былой, – вырашыў у сваім раёне ўкараніць інтэлектуальныя «забавы» для дарослых. Больш таго: сёлета там раённы чэмпіянат прайшоў ужо ў чацвёрты раз. На Калядны турнір, які падводзіў вынікі мінулага інтэлектуальнага года, запрасілі калег па гульні з Астравеччыны.
На жаль, праходзіў ён вечарам напрыканцы звычайнага рабочага дня, і вырвацца змаглі нямногія. Калі канкрэтней, то толькі рэдакцыйны «Востраў шанцавання», удала дапоўнены капітанам «Гульняў розуму» Сяргеем Гаўрыловічам і іграком «Шасці чалавек» Андрэем Касцюком, які стаў да таго ж і транспартным спонсарам паездкі, за што яму асаблівая падзяка!
Тчэ, не забыўшыся, рука…
Апроч гульні гасцінныя гаспадары пазнаёмілі нас са сваім горадам – адной з калысак беларускай нацыянальнай і гістарычнай спадчыны. З моманту заснавання Слуцка – а першы ўспамін пра яго ў «Аповесці мінулых часоў» адносіцца да 1116 года – случчане беражліва захоўваюць памяць пра мінулае, свае здабыткі і традыцыі.
У гэтым мы пераканаліся падчас экскурсіі, якую для супрацоўнікаў рэдакцыі арганізавала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слуцкага райвыканкама Алена Рахманава.
Падарожжа па ціхіх вулачках старой часткі горада, гісторыя Слуцка праз асобы Анастасіі Слуцкай і яе праўнучкі Сафіі Слуцкай, прызнанай праваслаўнай святой, і герояў нашага часу, чые партрэты занесены на раённую дошку гонару, – вельмі шкада, што час быў абмежаваны.
Наведаць Слуцк і не зайсці ў музей гісторыі слуцкіх паясоў, не пабачыць, як на адзіным у свеце станку зараз ткуць знакамітыя слуцкія паясы – гонар не толькі гэтага горада, але і ўсёй Беларусі, і свету – гэтага мы сабе дазволіць не маглі! Хоць гісторыя слуцкіх паясоў пачынаецца з 18 стагоддзя, сакрэт іх вырабу расшыфраваны і адноўлены толькі некалькі гадоў назад, дзякуючы дзяржаўнай праграме «Слуцкія паясы». І цяпер на адным з буйнейшых прадпрыемстваў мастацкіх промыслаў нашай краіны «Слуцкія паясы» арганізавана вытворчасць іх копій і сувенірнай прадукцыі. Убачыць гэты працэс можна, набыўшы квіток у музеі гісторыі слуцкіх паясоў.
Першая поўная копія арыгінальнага слуцкага пояса была ўручана Прэзідэнту нашай краіны і цяпер захоўваецца ў Палацы Незалежнасці. З таго часу на прадпрыемстве штогод у сярэднім вырабляецца каля 90 паясоў, якія, нягледзячы на тое, што каштуюць нятанна – ад 1 500 долараў у эквіваленце, «раз’язджаюцца» па розных кутках краіны, блізкага і далёкага замежжа.
А вось пахваліцца сапраўдным старажытным слуцкім поясам музей гісторыі слуцкіх паясоў не можа: адзіны, выкуплены ў калекцыянера на грошы, сабраныя жыхарамі горада, захоўваецца у мясцовым краязнаўчым музеі!
Слуцкія цікавосткі:
- Анастасія Слуцкая на чале войска стала на абарону горада і выратавала яго ад татар.
- Сафія Слуцкая – адна з самых паважаных праваслаўных святых.
- Найбольшы ўклад у развіццё слуцкай мануфактуры зрабіў Ян Маджарскі.
- Слуцкія паясы ткалі мужчыны – праца за станком была вельмі цяжкай. Жанчыны толькі наматвалі ніткі.
- Сёння адноўлена тэхналогія вытворчасці 13 відаў слуцкіх паясоў.
Астравецкія «яблыкі» – у слуцкім садзе
Сапраўднае задавальненне атрымалі мы і падчас Каляднага турніру, прычым сяму-таму нам, «ветэранам» інтэлектуальных гульняў, можна было павучыцца ў случчан.
Напрыклад, калі ў нашым раёне колькасць каманд-удзельнікаў раённага чэмпіянату пакрысе змяншаецца – на вялікі жаль! – то ў Слуцку мінулы год завяршылі 26 каманд, а сёлета збіраюцца яшчэ прыбавіць. Практычна ўсе прадпрыемствы і арганізацыі маюць свае каманды інтэлектуалаў, некаторыя, як, да прыкладу, райвыканкам, цэнтральная раённая бальніца, раён электрычных сетак, – і па дзве-тры. Напэўна, у гэтым ёсць пэўная заслуга старшыні райвыканкама Андрэя Янчэўскага, які арганізаваў чэмпіянат і цяпер, хоць і не гуляе сам, але па-ранейшаму надае інтэлектуальнаму руху вялікую ўвагу.
Вось і на гэтым Калядным турніры ён увесь час быў са знатакамі, павіншаваў іх, узнагародзіў пераможцаў, «журыў». Нямала цёплых слоў прагучала і ў адрас «пасланцоў» малой радзімы – і, у сваю чаргу, ад іх – свайму земляку, якім мы маем усе падставы ганарыцца.
У многім случчане «скапіравалі» вопыт арганізацыі інтэлектуальных гульняў у астраўчан: нават галоўныя прызы – «яблыкі азарэння» – у іх такія ж, як і ў нас.
Калядны турнір – яшчэ адна астравецкая традыцыя, якая прыжылася ў Слуцку, – складаўся толькі з гульні «Што? Дзе? Калі?».
Гулялася весела, разняволена, прыемна. Пераможцам у Слуцку ў чарговы раз стаў нязменны лідар – каманда раённай бальніцы «Гіпакрат». Астраўчане не сталі «крыўдзіць» гасціных гаспадароў, але і ў бруд тварам не ўпалі: дахаты вярнуліся з дыпломам і керамічнай савой ручной работы – такой яшчэ няма ў нашай рэдакцыйнай калекцыі.
Але галоўным вынікам гэтай паездкі можна лічыць тое, што мы дамовіліся сябраваць – гарадамі і сем’ямі, у тым ліку – інтэлектуальнымі.
Алена ЯРАШЭВІЧ, Ніна РЫБІК.
Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.