Любишь свое - уважай и чужое

09:00 / 16.08.2015
Апошнім часам, асабліва у маладзёжным асяроддзі, актывізавалася цікавасць да роднага, беларускага: сваіх каранёў, культуры, літаратуры. Гэта заўважна нават у паўсядзённым жыцці: моднымі сталі так званыя “вышымайкі” – футболкі з нацыянальным арнаментам, ды і ўвогуле адзенне, упрыгожанні ў беларускім стылі; набіраюць папулярнасць курсы “Мова нанова”, створаныя ў многіх гарадах краіны, у тым ліку і ў нашым Астраўцы.


Такое “навяртанне” да свайго, роднага асабіста мне вельмі даспадобы. Хоць і насцярожвае, што часта моладзь з уласцівым ёй рэвалюцыянізмам імкнецца не проста ўспомніць ці нанова вывучыць прызабытае, а спрабуе стварыць новую мову на руінах, як ім здаецца, “няправільнай” ранейшай: маўляў, і Караткевіч, і Быкаў, і Танк, і Панчанка пісалі няправільнай беларускай мовай, так званай “наркомаўкай”, – а вось мы зараз усіх навучым, як трэба.

Зрэшты, не аб гэтым зараз размова – можа, неўзабаве мы на старонках нашай газеты ў чарговы раз вернемся і да гэтай тэмы. Сёння ж хочацца пагаварыць аб іншым: аб адносінах да гэтай з’явы – пашырэння ў грамадстве цікавасці да ўсяго беларускага – за не вельмі далёкай, суседняй мяжой.

…Не так даўно на маю старонку ў сацыяльных сетках знаёмы – дарэчы, разумны і адукаваны чалавек, шчыры патрыёт Беларусі – кінуў ссылку на расійскі сайт, дзе адзін з “палітолагаў” закаціў сапраўдную істэрыку з-за таго, што ў Беларусі, як ён сцвярджае, уздымае галаву нацыяналізм, які падтрымліваецца на дзяржаўным узроўні – у якасці прыкладу прыводзіліся неаднаразовыя выказванні Кіраўніка дзяржавы аб тым, што ў нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы і створаны ўмовы для развіцця і вывучэння абедзвюх, і нават выказванне на адной з прэс-канферэнцый Аляксандра Рыгоравіча аб тым, што ён, як бацька, хацеў бы, каб яго сын добра валодаў абедзвюма мовамі – беларускай і рускай. А раз так, робіць выснову “шырока вядомы ў вузкіх колах” – і тым не менш шырока расцытаваны беларускімі “патрыётамі” “спецыяліст”, то, значыць, хутка рускім у Беларусі гэтак жа не будзе месца, як і ў Заходняй Украіне. Словам, ратуйцеся, хто можа! І ўсе іншыя шматлікія выказванні Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі аб тым, што рускі і беларускі народы – аднакроўныя браты, якіх не можа разарваць ніякая палітыка і не падзеляць ніякія межы, што ніколі рускі чалавек не будзе адчуваць сябе ў Беларусі чужым – пад увагу не бяруцца. Ну як жа, у Беларусі ўжо ў “вышымайках” ходзяць – значыць, уздымае галаву нацыяналізм!

З гэтага можна было б пасмяяцца, як з няўдалага жарту. У крайнім выпадку – пакруціць пальцам ля скроні: ва ўсіх бывае – не ва ўсіх мінае… Калі б не каментарыі тых “патрыётаў”, якія кінулі мне гэтую ссылку: вось, маўляў, мы да гэтых расіян з усёй душой, а яны тут пра нас вось што пішуць… Так што будзем пільнымі, браткі-беларусы, бо не паспеем азірнуцца, як будзе ў нас тут другі Крым – толькі без мора!

Пачытала раз і два і сам артыкул, і каментарыі да яго: ці то ў мяне “дах едзе”, ці то ў тых, хто гэта піша? Паспрабавала разабрацца. Высветліла, што артыкул, які дазволіў майму знаёмаму зрабіць такія далёкасягаючыя высновы, з’явіўся на адным з расійскіх чарнасоценных нацыяналістычных сайтаў. І што, гэта падстава, каб “уздымаць хвалю” ў інтэрнэце і цкаваць адзін на аднаго суседзяў? Ва ўсе часы і ўсюды былі людзі, якія сябе лічылі “вышэйшай расай”, лепшымі, разумнейшымі за іншых толькі на той падставе, што яны належаць да той ці іншай нацыі. І ў якасці прыкладу не варта ўспамінаць Другую сусветную вайну і “сапраўдных арыйцаў”. Думаю, кожны з вас можа ўспомніць “махровых нацыяналістаў” сярод прадстаўнікоў іншых нацый і народнасцей. Я ўжо не кажу пра амерыканцаў, якія ўвогуле лічаць, што яны – самыя галоўныя ў свеце. Хапае такіх і сярод іншых народаў: палякаў, рускіх, украінцаў… Ды і нашых талерантных беларусаў, будзем шчырымі, – таксама. Інакш з-за чаго б было ўзняцца гэтай істэрыі ў інтэрнэце на пустым, здавалася б, месцы? Ну знайшоўся нехта, хто ўбачыў праяву нацыяналізму ў вышыванай майцы, іншы “вастраслоў” прыдумаў тэрмін “вышыванцы” для характарыстыкі беларусаў-патрыётаў – і што? Аб’яўляць з-за гэтага Расіі вайну ці мазаць дзёгцем дзверы тым расіянам, што жывуць у Беларусі?

Нехта разумны сказаў: “Ніколі не спрачайся з дурнем – паміж вамі могуць не зразумець розніцы”. А матуля некалі, калі канфлікт даходзіў до кропкі кіпення, прасіла маіх братоў: “Сыночак, будзь разумнейшы – саступі”. Бо ў канфлікце не бывае межаў… Асабліва ў тых, дзе закранаецца нацыянальны гонар і годнасць – гэта ўсё роўна, што абразіць маці ці бацьку. І за прыкладамі далёка хадзіць не трэба...

...Не памятаю, хто правёў гэтую дакладную мяжу паміж патрыятызмам і нацыяналізмам: патрыёт любіць сваё, а нацыяналіст ненавідзіць чужое. Нянавісць – а значыць, і нацыяналізм – разбуральныя па сваёй прыродзе, яны не могуць прынесці нічога станоўчага.

А яшчэ ў вядомага беларускага гурта “Крамбамбуля” ёсць цудоўная песня “Суседзі” – аб тым, што ўсе мы суседзі “па дому, па вёсцы ці на Сусвеце – бярыце вышэй”. А ў ёй – радкі: “Любіш сваё – зразумей і чужое, любіш чужое – шануй і сваё…”

Мне здаецца. цудоўны закон для мірнага суіснавання суседзяў – няважна дзе: на лесвічнай пляцоўцы, вуліцы, краіне ці Сусвеце.


--------------------

Ніна РЫБІК.