І хто вінаваты?

19:00 / 10.04.2024




Фото: Pexels

Дзеці розныя бываюць. Адно расце – і не чуваць яго, і не відаць. А з другім бацькі спакою ні днём, ні ноччу не ведаюць.

З такіх, апошніх, быў і Мішка. Яго ні на хвіліначку нельга было пакінуць без нагляду: абавязкова некуды ўлезе і нейкую шкоду зробіць. 

Асабліва даставалася ад малога свавольніка хатняму кату Кузьме. Той быў ужо стары і ўвогуле спакойны па натуры. Трое дзяцей пры ім вырасла, і нікога ніколі Кузьма не пакрыўдзіў. ведаў вусаты хітрун, што малых чапаць нельга, нават калі яны цябе шкамутаюць, як анучу, бо сам потым адхопіш ад гаспадароў.

На ўсіх дзяцей кацінага цярпення хапіла – а на Мішку яно скончылася! Ды і які, скажыце, кот, нават самы міралюбівы, будзе цярпець, калі яго ўхопяць за хвост і пацягнуць на расправу ў суседні пакой? Вось і Кузьма цапнуў – не балюча, толькі каб выпусціў, – малога хулігана за руку. А той – у слёзы! І кінуўся жаліцца бацьку, якому даручана было з малога вачэй не спускаць: ручку пад нос падсоўвае, на якой тры кропелькі крыві выступіла, плача: «Кузя, Кузя…»

Бацька, які да таго адным вокам прыглядваў за малым, а другім маніторыў «ЦікТок», адчуваючы сваю віну, што недагледзеў, кінуўся за катом. Кузьма зразумеў, што ён крайні, кінуўся наўцёкі. Бацька схапіў першае, што трапілася пад руку, і шпурнуў у ката…

Першай пад руку трапілася сынава цацка. Як на тое, ёй аказаўся драўляны трактар. Кот, вядома, уцёк і зашыўся пад канапу. Што ён, дурны, каб падстаўляцца? 

…А вось новенькі плазменны тэлевізар з экранам на ўсю сцяну, які толькі месяц назад купілі і яшчэ нават крэдыт не выплацілі, не ўцёк: драўляная цацка трапіла якраз у цэнтр экрана…

Што было далей і што сказала мама, калі вярнулася з работы, можаце прыдумаць самі – усё будзе праўдай…

І хто, скажыце, вінаваты? Кот? Сын? Бацька? Ці тэлевізар, які не ўмее бегаць і бараніцца, хоць і каштуе, як кола ад самалёта?

І калі ўжо штучны інтэлект іх і гэтаму навучыць…

_________________________________________________________________________________________________________________________________________________________________

Тамара РАБІНКІНА.