Актывісткі аграрнага прафсаюза напярэдадні Першамая пабывалі на абласной урачыстасці

17:00 / 29.04.2024


З нагоды 120-годдзя прафсаюзнага руху і Дня працы Гродзенская абласная арганізацыя прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу зладзіла ўрачыстасць. Падчас яе ўшаноўвалі актывістаў і ветэранаў гэтай грамадскай арганізацыі, у тым ліку трох чалавек з нашага раёна.

Віншаванні, кветкі, падзякі, пасведчанні аб занясенні на абласную Дошку гонару, нагрудныя знакі “75 гадоў Гродзенскаму абласному аб’яднанню прафсаюзаў” актывістам вобласці уручылі старшыня Гродзенскага абкама Рамуальд Юроўскі, яго намеснік Марына Арцыман, саветнік абласнога аб’яднання прафсаюзаў Барыс Казялкоў.

Старшыня абласной арганізацыі галіновага прафсаюза падзякаваў актывістам за самаадданую працу на ніве абароны правоў і інтарэсаў работнікаў сельскай гаспадаркі і павіншаваў з надыходзячым Першамаем.

У межах святкавання Падзякі ўручылі 19 ветэранам прафсаюзнага руху, у тым ліку былому эканамісту КСУП “Гервяты” Ганне Махнач. Партрэт прафсаюзнага лідара гэтай гаспадаркі Марыны Івашкі занесены на абласную Дошку гонару абкама, дарэчы, не ўпершыню. А інспектар па ахове працы РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” Анастасія Крывіцкая прызнана лепшым прафсаюзным актывістам.




Урачыстасць завяршылася выступленнем музычнага тэатра “Рада”.

З першых вуснаў

Марына Івашка:


Пярвічную прафсаюзную арганізацыю КСУП “Гервяты” ўзначальваю з 2019 года. За гэты час было арганізавана шмат мерапрыемстваў, паездак, урачыстасцей. Удзячна за дапамогу і падтрымку прафсаюзным актывістам нашай гаспадаркі. Лічу, што занясенне мяне на абласную Дошку гонару – плён нашай сумеснай работы. На абласной ўрачыстасці была магчымасць пастасавацца з калегамі з іншых раёнаў, падзяліцца напрацоўкамі і планамі на будучыню. Удзячна кіраўніцтву абкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК за давер і высокую ацэнку маёй працы. 


Фота з архіва райкама прафсаюза работнікаў АПК.

Текст: Алёна Ганулич