Вывучылася на бібліятэкара, працую рэнтгенлабарантам

19:00 / 11.02.2024


Сацыяльныя сеткі стракацяць фота­сведчан­­нямі нядаўніх вечароў сустрэч выпускнікоў – спаткаўшыхся праз дзесяцігоддзі пасталелых пасівелых колішніх віхрастых цыбатых хлопчы­каў і дзяўчынак.

Шчыра скажу: зайздрошчу… Па-добраму, радуючыся за тых, хто знайшоў час і магчымасць вырвацца з колавароту будняў, каб сустрэцца з юнацтвам, сказаць дзякуй настаўнікам, узгадаць напаўзабытае. У нашага класа была толькі адна сустрэча, ды і то ўсяго праз пяць гадоў. А потым – Чарнобыль, адсяленне, школа з выбітымі вокнамі і раскіданымі на калідоры падручнікамі і журналамі. І прывітанне аднакласнікаў на класнай дошцы: тут была … Званіце мне па нумары… 

Зрэшты, я не пра гэта.

Хацела пацікавіцца ў шчасліўчыкаў: ці ўзгадваюць былыя аднакласнікі падчас сустрэч свае дзіцячыя і юначыя мары? «Хацеў стаць хірургам, а цяпер…» «Марыла пра журналістыку, а працую…»

Напэўна, у школьных выпускнікоў так здараецца часта. І нічога дрэннага ў тым няма. Як гаварыў некалі падчас інтэрв’ю адзін надзвычай паспяховы малады чалавек, які памяняў за 15 гадоў не адзін род заняткаў: адкуль чалавек у 17 гадоў можа ведаць, кім ён хоча быць.

Але ж ведае-не ведае, а напрыканцы школы прафесію выбіраць трэба. 

І выбіраюць – сваім розумам ці з падказкай бацькоў, настаўнікаў, сяброў альбо лёсавы­значальнага выпадку, і вучацца, і атрымліваюць спецыяльнасць…  

…З аднакурснікамі па Магілёўскім біблія­тэчным тэхнікуме мы сустракаемся часцей. Зрэшты, яны таксама амаль што аднакласнікі: на першы курс мы прыйшлі 14-гадовымі дзяўчынкамі. І як бацькі не баяліся адпускаць нас, вясковых дзяцей, за свет, у далёкі абласны цэнтр? 

Але я зноў адхілілася ад тэмы…

Дык вось, прааналізаваўшы збыццё мар і ажыццяўленне планаў на будучыню, якія мы будавалі пасля свайго першага амаль што сапраўднага выпускнога – не лічыць жа такім вечарынку пасля 8-га класа! – дзіву даюся: каго толькі ні выпускаў наш бібліятэчны тэхнікум (цяпер ужо каледж)! Ёсць сярод маіх аднагрупнікаў рэнтгенлабарант і машыніст вежавага крана, эканаміст і выхавальнік дзіцячага садка, паштальён і слесар, гасцінічная пакаёўка і бухгалтар. І нават адзін журналіст зацясаўся! І гэта толькі ў нашай 181-й групе. Адданыя раз і назаўсёды абранай бібліятэчнай справе засталіся, але іх нашмат менш, чым «дэзерціраў». 

Вядома ж, жыццё доўгае і немагчыма спрагназаваць, куды яно закіне цябе праз год ці дзесяць, і ці будзе ў тым месцы бібліятэка, а ў бібліятэцы – вакантная пасада, і ці захочацца табе там працаваць… Дыплом аб адукацыі – гэта ж не ланцуг, якім прыкоўваюць да аднойчы абранай прафесіі ці месца работы.

Тым не менш, не-не ды задумаешся аб тым, колькі каштуюць – найперш, вядома ж, дзяржаве, але і бацькам таксама, хоць у наш час і не было паняцця платнай адукацыі, і нам самім – нашы няспраўджаныя мары. Бясплатная адукацыя таксама каштуе грошай, і немалых. І закончыўшы адну навучальную ўстанову, нашым слесарам-выхавальнікам-рэнтгенлабарантам праз нейкі час давялося перавучвацца. Няважна, плацілі яны за гэта ці не, але ж для дзяржавы справа гэтая бясплатнай не была.

Спытаеце, што я прапаноўваю?

Каб жа я ведала, што прапанаваць… Мне здаецца, што і нашмат разумнейшыя за мяне не ведаюць, раз да гэтага часу не прапанавалі ці, ва ўсякім выпадку, не зрабілі.

Нехта запярэчыць: ёсць жа прафарыентацыйная работа са школьнікамі!

Вядома ж, ёсць… Дарэчы, псіхалагічныя тэсты, якія дапамагаюць вызначыцца калі не з прафесіяй, то з напрамкам будучай дзейнасці, – вельмі карысная рэч. 

Рэгулярна праводзяцца дні адчыненых дзвярэй у розных вну. Іх выкладчыкі прыязджаюць у глыбінку, агітуюць усімі магчымымі сродкамі: паступайце да нас! І студэнты, найчасцей першакурснікі, заходзяць у родныя школы, каб расказаць старшакласнікам, як ім добра жыць і вучыцца. Але ўся гэтая агітацыя арыентуе хутчэй на выбар вучэльні, а не прафесіі. А выпускнікі па-ранейшаму часта вызначаюць перавагі і недахопы будучай прафесіі па кніжках і фільмах, па байках пра велізарныя ці, наадварот, мізэрныя зарплаты ці нават па мілагучнасці назвы прафесіі («Мене­джар… Прыгожа гучыць! Буду менеджарам!»).

А як па мне, то найперш трэба, каб той, хто хоча стаць урачом, пасядзеў дзень ці два на прыёме побач з тэрапеўтам ці (баюся нават агучваць!) пастаяў побач з хірургам на аперацыі. А будучы міліцыянер пахадзіў з участковым па вёсках, пазнаёміўся з тымі, з кім, магчыма, у хуткім часе давядзецца працаваць. Лесавод каб паблукаў дзень па лесе, і не з тым, каб сабраць грыбоў ці палюбавацца яго прыгажосцю, а каб зразумець, што ж давядзецца рабіць потым, калі мара спраўдзіцца… 

У кожнай прафесіі ёсць свая спецыфіка і асаблівасці. Пра якія выпускнікі, падаючы дакументы ў той ці іншы ўніверсітэт, часцей за ўсё не ведаюць. Зрэшты, як і іх бацькі, якія звычайна працуюць у іншай сферы і жадаюць дзецям лепшай работы, чым свая, – чужая ж заўсёды здаецца лягчэйшай, і грошы там ні за што плацяць. 

Калі б прафарыентацыйная работа ішла ў такім накірунку, то, магчыма, менш было б няспраўджаных мар, якія так дорага каштуюць. Бо марыць варта стоячы дзвюма нагамі на зямлі, а не лунаючы ў аблоках...



Текст: Нина Рыбик
Фото: из интернета