Островецкий дом пионеров и школьников стоял в городском сквере

10:00 / 27.04.2024


Прапануем вам, паважаныя чытачы, завочную экс­курсію па астравецкіх вуліцах. Тое, што сёння бу­дуец­ца, адкрыта, працуе вы можаце ўбачыць, пра­гу­ляў­шыся па горадзе. У гэтым артыкуле мы перанясёмся ў мінулае Астраў­ца і ўзгадаем некаторыя яго аб’екты, якіх ужо няма. А дапамаглі нам у гэтым мясцовыя жыхары.

Калі глядзець з боку плошчы, будынак колішняга Астравецкага раённага дома піянераў і школьнікаў размяшчаўся ў скверы злева ад дарожкі, што вядзе да сярэдняй школы №2. Гэта быў невялікі драўляны дамок, у якім да гэтага месціўся раённы аддзел народнай асветы.

Дырэктарам папярэдніка сённяшняга Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі працавала Тэрэса Драган


1-шы рад (злева направа): Вольга Штура, Галіна Неціоўская, Тэрэса Драган, Раіса Кацікава; 2-гі рад (злева направа): рэвізор, які курыраваў работу гурткоў, Наталля Рэвака, Пётр Каранеўскі, Ніна Рудзь, Таццяна Граблеўская

– Мяне прызначылі ў 1990-м, а ўжо праз год – у 1991-м – установу перайменавалі ў Астравецкі дзі­цяча-юнацкі цэнтр. (Хоць назву і змянілі, але ў памяці астраўчан менавіта той будынак так і зас­таўся Домам піянераў. – Заўв. аўт.) 

Працаваў ён штодзень, у тым ліку і ў нядзелю –  акрамя заняткаў гурткоў, праводзілі і мерапрыемст­вы для дзяцей, якія з задавальненем прыходзілі, нягледзячы на тое, што выхадны. Кіраўніцтва не абавязвала нас арганізоўваць такі нядзельны адпачынак, мы кіраваліся інтарэсамі выхаванцаў і магчымасцямі педа­гогаў. Паколькі школьнікі вучыліся ў дзве змены, у буднія дні гурткі працавалі і ранкам, і вечарам. 

Прыгадаю некаторых работ­нікаў і аб’яднанні па інтарэсах, якія функцыя­навалі ў час майго дырэктарства. Дэка­ратыўна-прыкладному мастацтву – вязанне, макрамэ, вышыўка, габелен, лепка з гліны і пластыліну, фларыстыка, саломапляценне, бацік – вучылі Юлія Тумкевіч, Ганна Папкова, Данута Петрык, Святлана Праказава, Наталля Рэвака. Выяўленчае мастацтва: малюнак выкладала Аляксандра Каваленка (цяпер – Букель), Ганна Папкова рыхтавала па гэтым накірунку дзяцей для паступлення. Авія­мадэліраванне вёў Уладзімір Бадрыцкі. Дрэва­апрацоўкай зай­маўся Пётр Кара­неўскі, разьбе па дрэве вучыў Сяргей Папкоў. Ваеннае мадэляванне выкладаў Барыс Праказаў. Кіраўнікамі харэаграфічных гурт­коў былі Тамара Батура (народны танец) і Алена Уласенка (сучасны танец). Вакалам з дзецьмі займаліся Аляксандр Альховік і Аляксандр Якіменка. Клуб інтэрнацыянальнай дружбы вяла Раіса Кацікава, а Ніна Рудзь і Галіна Неціоўская – клубы для падлеткаў. Таццяна Граблеўская займалася з выхаванцамі краязнаўствам. Спартыўныя накі­рункі былі за Аляксеем Маргужам – бокс, Эдуардам Лакевічам – шашкі… Намеснікам па гаспадарчай дзей­насці працавала Антаніна Мялешка. Да слова, ацяплялі Дом піянераў печкамі – за гэта адказвала сямейная пара Дарашкевіч: муж працаваў у нас рабочым, а жонка прыбіральшчыцай. 

У пачатку навучальнага года нашы педагогі рабілі так званую рэк­ламу: хадзілі ў школы, расказвалі дзецям пра свае гурткі, запрашалі запісвацца на іх, настаўнікі цэлымі класамі прыводзілі вучняў да нас, «працавала» і сарафаннае радыё. 


Козич Нина, Букель Александра, Нетиовская Галина

Акрамя арганізацыі занятасці дзяцей Дом піянераў аказваў метадычную дапамогу ўстановам адукацыі па вядзенні пазашкольнай работы – метадыст Ніна Козіч адказвала за гэты накірунак, быў яшчэ метадыст па гуртковай рабоце – ім у розныя часы працавалі Галіна Неціоўская, Валянціна Дземеш. А дзесьці ў годзе 1995-м увялі стаўку сацыяльнага педагога – ім стала Галіна Паўлаўна (Неціоўская. – Заўв. аўт.). Нашы спецыялісты займаліся выданнем метадычных дапаможнікаў, распрацоўкай мерапрыемстваў да летняй аздараўленчай кампаніі. А вось што тычыцца дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў, перыяд 90-х характарызаваўся ідэала­гічным вакуумам: піянерскія і камсамольскія арганізацыі пера­сталі існаваць, у школах пачалі рабіць упор на хрысціянскія каштоўнасці.

Штогод на вобласць мы адпраў­лялі лепшыя работы нашых выха­ванцаў – у асноўным па выяў­лен­чым і дэкаратыўна-прыкладным накірунках. А потым да нас пры­ехалі гродзенскія метадысты. Яны пазнаёміліся з установай, па­глядзелі, як арганізавана работа, і пра­панавалі зладзіць выставу нашага Дома піянераў у абласным Палацы піянераў. Дарэчы, мы былі першымі ў вобласці (калі не памыляюся, 1994 год), хто так маштабна прэзентаваў талент сваіх выха­ванцаў. Да сённяшняга часу помню, як калегі з іншых раёнаў падыходзілі да стэнда, дзе змяшчалася наша візітоўка, і недаўменна пыталі: гэта вы працуеце ў такім дамку? (Смяецца.) Канешне, у па­раўнанні з тымі ж Ашмянамі ці Лідай, якія мелі шыкоўныя двух­павярхоўныя будынкі, здзіў­ляцца было чаму. 


І тым не менш, умовы ніяк не ўп­лывалі ні на якасць работы педа­гогаў, ні на цікавасць да заняткаў нашых выхаванцаў. Дзеці да нас хадзілі ахвотна, часам у памяшканні месца не хапала, каб змясціць усіх жадаючых. Яшчэ не скончылася работа аднаго гуртка, а ў калідоры ўжо стаяла ў чаканні наступная група. 

Праблему перанапоўненасці часткова вырашылі дзесьці ў 1995-1996 гадах, калі нам перадалі буды­нак (таксама гэта быў невялікі драўляны дом), які калісьці стаяў на тэрыторыі сярэдняй школы №2 – справа ад будынка пачатковай школы.

Другі (дадатковы) будынак Дома піянераў, які стаяў на тэрыторыі СШ №2

Текст: Рита Дремо
Фото: Рыта Дрэма, з архіва Т. Драган, музея Астравецкай ЦРКБ.