Акцыя «Беларусь помніць. Помнім кожнага» прайшла ў Кемелішках, Падольцах і Баранях

18:30 / 08.05.2024


Пасля мітынгу і старту акцыі «Беларусь помніць. Помнім кожнага» каля манумента савецкім воінам і партызанам у Астраўцы ўдзельнікі ўрачыстасці адправіліся ў аўтапрабег па месцах пахаванняў і памяці загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Маршрут групы пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Паўла Мілешкі, у склад якой увайшлі прадстаўнікі прафсаюза дзяржслужачых раёна, партыі «Белая Русь», прадпыремства меліярацыйных сістэм і Белдзяржстраха, быў накіраваны да самых аддаленных помнікаў – у Кемелешкі, Падольцы і Барані.




Аддаць даніну памяці загінулым воінам і мірнаму насельніцтву далучаліся мясцовыя жыхары, пагранічнікі, школьнікі, якія чыталі вершы пра вайну і Перамогу. Падчас мітынгаў Павел Мілешка, старшыня Рытанскага сельсавета Рыгор Цейка, старшыня ветэранскай арганізацыі сельсавета Валерыя Стэх адзначылі, наколькі жахлівай і вялікай трагедыяй стала Вялікая Айчынная; нагадалі, якую цану заплаціў за перамогу над нямецка-фашысцкімі захопнікамі савецкі народ.

– Мы ганарымся подзвігам дзедаў і прадзедаў, схіляем галовы перад загінулымі і тымі, каго закатавалі ў канцлагерах. Нашы продкі на полі бою і ў тыле здабывалі Перамогу, каб мы сёння маглі жыць пад мірным небам. Мы не маем права забываць аб гэтым і павінны перадаваць з пакалення ў пакаленне, – падкрэсліў Павел Мілешка. – Жадаю міру, каб спакойна працаваць на карысць нашай Беларусі, выхоўваць дзяцей і з упэўненасцю глядзець у будучыню.





У гэтым годзе краіна адзначае 80-годзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, таму не выпадкова з вуснаў выступаючых гучала: мы кажам 80 дзякуй – дзякуй за 80 мірных гадоў.

У Баранях мясцовая жыхарка расказала, як у гады вайны цярпелі ад рук катаў яўрэі, як ім дапамагаў яе бацька, як атрымалася выратавацца двум яўрэйскім дзецям, якія потым неаднойчы прыязджалі на месца пахавання сваіх родных і знаёмых, расстраляных акупантамі.

У знак пашаны і памяці ўдзельнікі мітынгаў ускладалі да манументаў кветкі і спыняліся на хвіліну маўчання. У цішыні ў галінках дрэў ветрам нібы разносіўся шэпт тых, хто загінуў ад рук гітлераўцаў у баі, канцлагеры, сваёй вёсцы і хто не дажыў да сённяшняга дня: «Дзякуй, што памятаеце!».

І як напамін ў выкананні школьнікаў гучалі радкі вядомага верша Роберта Раждзественскага «Помните». #ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ 




Текст: Светлана Фёдорова
Фото: Светлана Фёдорова