"Среда размышления". Давайте в людях видеть ЧЕЛОВЕКА!

11:23 / 14.12.2016
peopleНа мінулым тыдні інфармацыйную прастору краіны скаланула ў пэўнай ступені сенсацыйная вестка: Следчым камітэтам Беларусі ўзбуджана крымінальная справа за распальванне нацыянальнай варожасці супраць траіх грамадзян нашай краіны. Падставай стаў зварот Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь аб правядзенні праверкі на наяўнасць у дзеяннях некаторых аўтараў інтэрнэт-парталаў “REGNUM”, “LENTA.RU”, “Eurasia Daily” прыкмет крымінальнага злачынства, прадугледжанага артыкулам 130 Крымінальнага кодэкса.

Ужо названы сапраўдныя прозвішчы гэтых людзей і псеўданімы, пад якімі пісалі свае антыбеларускія пасквілі, і нават сумы ганарараў, якія яны атрымлівалі за гэткую “творчасць” – не хочацца іх паўтараць, каб не ператварыць канкрэтную і балючую тэму ў цкаванне асобных людзей. Хоць яны, па майму меркаванню, гэтага цалкам заслужылі сваімі паводзінамі. Але праблема шмат шырэйшая, чым выкрыццё і магчымае пакаранне траіх русафілаў, якія не проста перакананы, што Беларусь – “недадзяржава”, а беларусы – “неданарод”, што мы – недаразвіты прыдатак вялікай рускай дзяржавы і мовы нашай увогуле не існуе – гэта ўсяго толькі разнавіднасць дыялекту “вялікага і магутнага”, але ў меру сваіх здольнасцей спрабуюць унушыць гэта ж іншым чытачам сусветнай павуціны, сярод якіх, як вядома, пераважная большасць маладых людзей з не заўсёды сфарміраванымі поглядамі і ўстойлівай псіхікай.

Тэма гэтая не новая. Неаднойчы на маёй стужцы ў сацыяльных сетках з’яўляліся спасылкі на артыкулы, дзе шчырых беларусаў, патрыётаў сваёй Айчыны за пакуль  што, па маім разуменні, слабыя, няўпэўненыя спробы вярнуцца да роднай мовы, цікавасці да сваёй гісторыі, культуры, традыцый абвінавачвалі ў нацыяналізме, русафобстве, павароце на захад і іншых “смяротных” грахах. А ў адказ чуліся абвінавачванні ў “вялікадзяржаўным шавінізме” і імперскіх замашках… Я нават разважала пра гэтую з’яву ў артыкуле “Любіш сваё – паважай і чужое”, змешчаным у “АП” і на сайце газеты ў жніўні мінулага года.  Мяне найбольш засмучала, што з-за, як мне тады здавалася, надуманай прычыны сябры, суседзі, браты-славяне забываюцца ўсё тое, што нас аб’ядноўвае, а галоўнае, што ўсе мы найперш – людзі, а ўжо потым – прадстаўнікі той ці іншай нацыянальнасці. І прыйшла да высновы, што, прабачце, дурняў хапае ўсюды і ва ўсіх і не трэба звяртаць увагі ні на такія сайты, ні на падобных аўтараў: што узяць з бедных злых людзей? Толькі пашкадаваць і паспачуваць…

Але пасля абвесткі аб дзейнасці трох “недалюдзей”, якія, жывучы ў краіне назва якой – Беларусь, дазваляюць сабе паліваць брудам не тое, што асобных людзей, і нават не дзяржаўную палітыку – але ўвесь народ, адмаўляючы яму ў праве на існаванне, на гістарычную спадчыну, на мову, на нацыянальную свядомасць, я змяніла свой міралюбівы і прымірэнчы настрой. Падобна, праблема не знікне ад таго, што мы перастанем яе заўважаць. І ўзбуджэнне крымінальнай справы за распальванне нацыянальнай варожасці – адзін з затрыманых, дарэчы, працаваў выкладчыкам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі – толькі пацвярджае, што “дабро павінна быць з кулакамі”, каб умець абараняцца ад тых, “хто на дабро”.

…Псіхолагі, якія разбіраюць прычыны сямейных канфліктаў, у адзін голас раяць: што б ні адбылося паміж мужам і жонкай, як і з-за чаго яны б ні пасварыліся, ніколі, ні ў якім запале, ні пры якіх умовах не трэба абражаць і зневажаць бацькоў другой палавіны, якімі б яны ні былі і якой бы ні была іх сапраўдная ці ўяўная віна. Бо бацькі, род, радзіма – гэта святое для кожнага чалавека. Нават тады, калі ён гэтага не ўсведамляе, калі дрэнна ведае беларускую мову і не чытае беларускіх кніг. Гэта яго асабістыя адносіны, са спадчынай свайго роду і народу – і не варта каму б то ні было ў іх умешвацца!

Трэба думаць, што арыштаваныя за распальванне нацыянальнай варожасці пасля адпаведнага разбіральніцтва атрымаюць заслужанае пакаранне. Прызнаюся: гэта ці не адзіны выпадак, калі мне зусім не шкада тых, хто апынуўся за кратамі і зусім не хочацца зразумець прычыны іх паводзін.

А яшчэ хочацца верыць, што гэты эпізод усё ж не прымусіць ні нас, ні расіян – усіх, хто па той ці па гэты бок ад Смаленска мераць адной  меркай. І што ў людзях мы будзем бачыць перш за ўсё ЧАЛАВЕКА і яго чалавечыя якасці, добрыя ці дрэнныя. І ў любым выпадку, пры любым раскладзе – паважаць яго нацыянальны гонар і  годнасць.

Ніна РЫБІК.