Знакомьтесь: понятная – и таинственная Светлана Евтушенко!

16:00 / 07.03.2016
Светлана ЕвтушенкоТакая звычайная – і незвычайная, вясёлая – і сур'ёзная, зразумелая – і таямнічая. З першых хвілін знаёмства, калі яна запаліла на стале маленькі агеньчык, я зразумела: размова са Святланай Еўтушэнка будзе цікавай і па-хатняму цёплай…

– Як вы адносіцеся да дня жанчын – 8 Сакавіка?
– Не святкую. Мой бацька Вячаслаў лічыў і нам казаў, што на першую палову года прыпадаюць святы мужчынскія: да прыкладу, Ражаство Хрыстова, Вадохрышча, Пятра і Паўла. А пасля наступае “жаночае паўгоддзе” – Увядзенне ў храм Святой Багародзіцы, Варвары Вялікамучаніцы… Для мяне дзень жанчын – гэта Дзень маці, 14 кастрычніка. Але віншаваць мяне можна і ў сакавіку – першага. Для мяне гэта свята вясны.
– Якую пару года вы любіце і чаму?
– Восень. У дзяцінстве я, як, мабыць, і многія дзеці, летам чакала зіму, а зімой любіла лета. А цяпер зіму ўвогуле не люблю – гэта час, які трэба перажыць, калі збіраеш сілы на новы кругаварот жыцця. У гэтым годзе я яе чамусьці баялася…
Вясну я чакаю. І вішні ў гэты час прыгожа цвітуць… Але вясна бедная, прырода яшчэ толькі прачынаецца – яна колкая і незразумелая. Восень жа – багатая пара, калі для чалавека прырода шмат дае і шмат дорыць. Я люблю асенняе лісце, якое яркім дываном сцелецца пад нагамі – і шапаціць, шапаціць!..
А можа, і ўзрост у мяне ужо такі – “асенні”…
– У чым, па-вашаму, заключаецца шчасце жанчыны?
– Шчасце ў кожнай жанчыны рознае. Многія не задумваюцца над тым, што ім патрэбна для шчасця. Лічу, што кожная з нас нараджаецца з пачуццём незадавальнення, і кожнай трэба гэтае самае шчасце знайсці. А гэта цяжка, бо нам шкодзіць пастаяннае незадавальненне ўсім навокал. Нават калі жанчыне пашанцуе выйсці замуж за прынца, яна ўсё роўна знойдзе ў ім нейкія заганы і тым самым сапсуе сабе жыццё – калі, канешне, не будзе працаваць над сваімі думкамі і паводзінамі. Шчасце жанчыны заключаецца ў ёй самой. Абыякавасць – вось вялікае зло. Калі жанчыне ўсё роўна, што яна сказала і як, пакрыўдзіла блізкага чалавека ці не, – то і шчасця ёй не бачыць. А калі жанчына навучыцца разумець сябе, стрымліваць свае, часта лішнія, эмоцыі – то знойдзе ў жыцці сэнс і стане шчаслівай.
Але ёсць жанчыны, якія не будуць шчаслівымі ніколі. Успомнім вялікую Мэрылін Манро: якія мужчыны былі вакол яе і разам з ёй! Але шчаслівай яна не была. Справа тут у папулярнасці, якая таксама забірае шчасце ў чалавека, а ў жанчыны часцей за ўсё. Знакамітая асоба належыць людзям, залежыць ад іх любові, і гэта накладвае адбітак на яе жыццё.
А для мяне шчасце заключаецца ў сям'і, у добрых адносінах паміж мужам і жонкай, ва ўзаемаразуменні. А гэта таксама вельмі складаны працэс: ты стараешся вылепіць з мужа тую асобу, якая патрэбна табе, ён у сваю чаргу гэта робіць з табой. Жанчына, каб мужчына адчуваў сябе разам з ёй шчаслівым, павінна быць цёплай і светлай, лагоднай, яна павінна ўяўляць сабой свет, каля якога можна пагрэцца – і мужу, і дзецям, і сябрам. У гэтым яе шчасце.
– Вы згодны з тым, што мужчына, з рабра якога зроблена жанчына, яе гаспадар і ўладар?
– У прамым сэнсе я з гэтым не згодна. Лічу, што мужчына і жанчына роўныя паміж сабой. Так, у жыцці сапраўднаму мужчыну цяжэй, чым жанчыне: яму трэба не толькі самому на ногі стаць – ён і за жонку адказны, і дзяцей павінен накарміць і падняць. А эмацыянальна мужчыны слабейшыя за нас, таму ім патрэбна наша падтрымка. І мудрая жанчына ставіць мужчыну вышэй за сябе, а сама непрыметна яму дапамагае. Гэта не значыць, што жанчына ўсю адказнасць перакладае на мужчынскія плечы, ад яе таксама многае залежыць. Але яна павінна зрабіць гэта так, каб мужчына не сказаў аднойчы: “І навошта мне гэта рабіць? Яна сама справіцца”.
На маю думку, словы пра Еву, якая выйшла з рабра Адама, трэба ўспрымаць менавіта як падказку жанчыне – як паступіць правільна, а не для мужчыны – як заклік да дзеяння. Тады і мужчыну будзе прыемна, і жанчыне добра.
Так, быць мудрай вельмі складана, асабліва такой, як я, – эмацыянальнай. Але мой муж малайчына: я выказваю свае прэтэнзіі, бывае, крычу, а ён маўчыць – тады я задумваюся, ці правільна паступаю.
– Ці трэба жанчыне імкнуцца стаць ідэальнай?
– Абавязкова! Ідэал – гэта як маяк у моры. Бог яго ведае, куды без яго святла можна заплысці. Я ідэалістка і ад сябе шмат патрабую – асабліва ў духоўным плане.
Толькі ідэальнай жанчыны – каб яна была прыгожая тварам і фігурай, і з цудоўнай касой, і з залатым характарам – у прыродзе няма. Але ж мы ўсе стараемся хоць трошкі наблізіцца да гэтага ідэалу – і становімся лепшымі.
Да таго ж у кожнай з нас свой ідэал. Калі я хачу быць дасканалай у духоўнай сферы, то для некага на першым месцы стаіць прыгажосць знешняя. Нехта хоча быць ідэальнай гаспадыняй, а хтосьці – малюнкам, каб усе ўбачылі і ахнулі: якая жанчына прайшла!
І параўноўваць сябе трэба не з кімсьці, а з той сабой, якая была ўчора. Тады і вынік будзе.
– Што для жанчыны дзеці?
– Гэта самая вялікая радасць. Але да яе трэба быць падрыхтаванай. Тады ўсё будзе атрымоўвацца лёгка – і з першым дзіцем, і з трэцім. Прычым адной жанчыне лёсам наканавана быць маці. Другой жа, і яна часта гэта адчувае, лепш заняцца нечым іншым…
І шчаслівыя тыя жанчыны, якім лёгка са сваімі дзецьмі, хоць для кожнай з нас гэта найвялікшая радасць.
– З якой кветкай вы сябе асацыіруеце?
– З хрызантэмай. Яна прыгожая, доўга стаіць у букеце і не баіцца холаду і замаразкаў. Яна жывучая.
– Што вы ўкладваеце ў паняцце “мудрасць”?
– Гэта ў першую чаргу інтуіцыя. Мудрасць ад Бога, яе не прыдбаеш з гадамі, з ёй нараджаюцца. Гэта глыбіннае паняцце, унутранае.
– Прадоўжыце выраз “Мае думкі і пачуцці”…
– Гэта мая хата. Гэта тое, што можа мне нешта забараніць. Тое, што дае мне радасць адчування, што можа мяне падняць ці кінуць аб зямлю… Гэта мой павадыр і гаспадар.

-----------------------------------------------------
Вольга ХАЦЯНОВІЧ, фота аўтара.