Любовь Подолянчик: женщина, которая умеет быть счастливой

15:23 / 01.10.2016
%d0%bf%d0%be%d0%b4%d0%be%d0%bb%d1%8f%d0%bd%d1%87%d0%b8%d0%baШчаслівыя людзі тыя, якія ўмеюць імі быць. Наша гераіня – з іх ліку.

На святкаванне 80-гадовага юбілею Любові Аляксееўны Падалянчык сабраліся  ў раённай бібліятэцы не толькі сябры з клуба “Актыўнае даўгалецце”, але і былыя калегі. Усім хацелася выказаць ёй словы ўдзячнасці, захаплення, павагі.

Бібліятэкары, як заўсёды, знялі цудоўнае відэа, якое  спакваля размотвала клубок успамінаў. Любоў Аляксееўна ўзгадала родную Магілёўшчыну, Чавускі раён, сваю маленькую вёсачку Залессе, бацькоўскую сям’ю.

– Жылі мы бедна, – пачала яна расповед. – Калгас у нас стварылі перад вайной, беззямельныя бацькі ўступілі у яго. Працавалі шмат і цяжка і на арцельных палетках, і дома.  Усё рабілі сваімі рукамі: пралі лён і воўну, ткалі палатно, шылі і вязалі сабе  адзенне, абутак таксама самаробны насілі. Тата  ўмеў сталярнічаць і цяслярыць,  укладваць саламяную страху,  кляпаць косы і заточваць пілы, шкліць вокны. За што ні возьмецца – усё зробіць.

Пра пачатак вайны мы даведаліся ад вайскоўцаў, што прыбылі мабілізоўваць мужчын на фронт. А  неўзабаве ў вёску ўвайшлі акупанты – не немцы, а мадзьяры. Людзі надта іх баяліся: сем’ямі ўцякалі ў лес, пакідаючы хаты і гаспадаркі. Але ж колькі можна было так прасядзець у схованках? Душа балела за пакінутую жывёлу, нажытае дабро – паціху сталі вяртацца.

У нашай хаце пасяліліся акупанты, а мы мусілі ісці жыць да бабулі. Калі фронт наблізіўся да нашых мясцін, паліцаі сабралі ўсіх у адну купу, рассадзілі на падводы і пагналі на захад. Тата  ўмудрыўся ў лесе схавацца з падводай – на шчасце, нас ніхто не шукаў. Мы прыблукалі да Клецка. Прытуліла нас маладая бяздзетная сям’я. Жылося цяжка, голадна, мы з брацікам хадзілі жабраваць.  Падчас вайны  нарадзілася сястрычка. Мясцовыя людзі дзяліліся, чым маглі:   адзеннем,  харчамі. Выручаў конь – з ім бацька  дапамагаў  вяскоўцам  па гаспадарцы.

Вайна заканчвалася. Савецкая армія наступала. Часам вайсковыя часці затрымліваліся ў вёсках; салдаты стараліся падкарміць людзей з палявых кухняў – найбольш шкадавалі дзяцей…

Бацькі вырашылі вяртацца на радзіму.  Родная хата чакала іх без страхі, з выбітымі шыбамі. Як змаглі падладзілі жытло – і засяліліся. Аднавіўся калгас, бацька стаў конюхам, маці – даглядчыцай авечак. А Люба  з братам пайшлі ў школу. Правучылася чатыры класы, а ў пяты трэба было ехаць аж у райцэнтр –далёка. Здымаць кватэру  бацькам было не па кішэні. Ды дзеці не разгубіліся: сабраліся ўсе 19 чалавек і пайшлі ў райкам партыі прасіць, каб адкрылі для іх пяты клас у сваёй школе. Першы сакратар здзівіўся  такой празе да ведаў вясковых падлеткаў  – і валявым загадам школа была адчынена.

Пасля заканчэння яе Люба паступіла ў Магілёўскае педвучылішча.  Размяркоўвалі выпускнікоў найчасцей у заходнія вобласці Беларусі. Так у 1957 годзе Любоў Аляксееўна трапіла ў Астравец на працу ў адзіны на той час дзіцячы садок. Прыгледзеўшыся да маладога спецыяліста, у аддзеле адукацыі палічылі, што з яе атрымаецца  добры кіраўнік, і даручылі пасаду загадчыцы… А кіраўніком, па словах калег, Любоў Аляксееўна была выдатным: строгім без націску, уважлівым, чулым і справядлівым. Умела жанчына ладзіць  з дзецьмі і  бацькамі, дамовіцца аб гаспадарчых работах – дзіцячы садок заўсёды  падтрымліваўся ў належным парадку. Сыпаліся заслужаныя ўзнагароды за  поспехі ў выхаванні падрастаючага пакалення.

%d0%bf%d0%be%d0%b4%d0%be%d0%bb%d1%8f%d0%bd%d1%87%d0%b8%d0%ba1Так і прыжылася магілёўская дзяўчына ў  Астраўцы. Выйшла замуж ды, на вялікі жаль, рана аўдавела… Выгадавала і вывучыла дачку Валянціну і пляменніцу Кацю, а зараз цешыцца ўнукамі. І ні хвілінкі не сядзіць без справы: калі дазвалялі сілы і здароўе – шчыравала на дачы і ў агародзе. Цяпер Любоў Аляксееўна найбольш з пруткамі ды кручком вольны час бавіць. Такія шэдэўры  вязальнага мастацтва ў яе атрымліваюцца!

Арганізатары юбілейнай імпрэзы папрасілі прынесці мастацкія самаробкі на выставу – ад жадаючых купіць адбою не было! Але ж хараство не прадаецца – дорыцца ад душы. Як і дабро, дарэчы. Доўгіх вам гадоў, шаноўная Любоў Аляксееўна!

На здымках:  фатаграфія, якую Любоў Аляксееўна паслала родным  з месца работы;  ушанаванне юбіляркі; рукатворнае хараство. Фота аўтара і з сямейнага архіва Л.А. Падалянчык.

Таіса СЯМЁНАВА.