Островецкая центральная районная библиотека провела праздник книги

14:26 / 10.07.2012

Мерапремства прайшло пад назвай “Каб жыла кніга, каб не зніклі веды”. Тыя, хто цікавіцца і любіць кнігу, хто знаходзіць у ёй параду ці падтрымку, улагоджвае душу трапным словам, сабраліся ў танцавальнай зале “Галактыка”.






Бібліятэкары пастараліся ўразіць прысутных разнастайнасцю кніжных выстаў: тут былі кнігі-гіганты і малюсенькія выданні; розных гадоў выпуску – 40-х гадоў мінулага стагоддзя і апошніх месяцаў; навінкі сённяшняга часу – кнігі на лазерных дысках і магнітнай ленце; кнігі адной серыі і выдавецтва; па розных галінах ведаў і, безумоўна, кнігі беларускіх пісьменнікаў – юбіляраў 2012 года. Высокамастацкія выданні, у асноўным па мастацтве і прыродазнаўстве, занялі пачэснае месца ў зале пад назвай “Адвечных кніг жывыя душы”. Была прадстаўлена літаратура розных жанраў і найбольш папулярных часопісаў.
Бібліятэкары падрыхтавалі цікавае паведамленне аб кнізе: гісторыі яе ўзнікнення, першадрукарах, асобна спыніліся на сёлетніх пісьменніках-юбілярах – слынных волатах беларускай літаратуры Я. Купалу, Я. Коласу, М. Танку.
Цудоўнымі ўкрапленнямі ў аповед сталі мастацкія нумары супрацоўнікаў раённага Дома культуры: песні ў выкананні Паўла Букеля і Аляксандра Якіменкі, вясёлыя прыпеўкі, якія выканалі Ірына Расамацкая, Анастасія Клімашэўская і Анастасія Ляховіч. Работнікі Дайдіскай сельскай бібліятэкі і клуба Дзмітрый Максімаў і Валянціна Гайдуль выдатна пераўвасобіліся ў пана Быкоўскага і Паўлінку – герояў неўміручай п’есы Я. Купалы.






Як вядома, свой пачатак свецкая кніга ўзяла ад кнігі рэлігійнай. Менавіта Біблія, Псалтыр былі першапраходцамі ў кніжнай гісторыі. Цікавую экскурсію ў свет рэлігійнай кнігі правёў настаяцель царквы святых апосталаў Пятра і Паўла іерэй Георгій Савіцкі. Ён прынёс з сабой некалькі экзэмпляраў кніг, друкаваных у тыпаграфіі і самвыдатаўскіх, якія маюць цікавую гісторыю, расказаў аб кожнай, адзначыўшы важнасць чытання для душы.
Паэт з суседніх Ашмян Эдуард Сяргей, якога раённая бібліятэка запрасіла ў якасці госця, прачытаў свае вершы.
Была на свяце яшчэ адна госця. Дакладней не госця, а самая што ні на ёсць гаспадыня – Кніга. У яе вобразе выступіла Вольга Тварагаль, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі. Яна распачынала свята кароткім прывітаннем, праводзіла віктарыны, загадвала загадкі. Самыя актыўныя – а іх было нямала – атрымалі падарункі. Безумоўна, гэта былі кнігі.
Кніга – гэта акно ў сусвет. А бібліятэка – храм навукі, у які, выкарыстоўваючы нагоду, бібліятэкары шчыра запрасілі наведвацца ўсіх прысутных культработнікаў раёна.

Галіна ФРАНЦКЕВІЧ, фота аўтара.