Работнікі культуры і інфармацыі выбралі прафсаюзнага лідара

16:30 / 25.04.2024


Справаздачнай выбарчай канферэнцыяй Астравецкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму завяршылася выбарчая кампанія ў прафсаюзных арганізацыях гэтай галіновай структуры.

Справаздачу пра работу райкама ў апошняй пяцігодцы трымала яго старшыня Аксана Сяўко.

Падчас дакладу яна зазначыла, што ў структуру раённай арганізацыі ўваходзіць 5 пярвічак, на уліку якіх стаіць 309 чалавек. Упершыню прафсаюзныя шэрагі папоўніла 103 работнікі. Больш таго, усе пярвічкі маюць стопрацэнтны ахоп. Па меркаванні Аксаны Сяўко, гэта плён сацыяльнага партнёрства: узаемадзеяння кіраўнікоў арганізацый і старшынь прафкамаў.

Адным з прыярытэтных накірункаў любой прафсаюзнай арганізацыі з’яўляецца культурна-масавая работа. У яе межах праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя дзяржаўным і прафесійным святам.


– Дзень маці і Дзень пажылых людзей, Новы год, 23 лютага і 8 Сакавіка – далёка не ўвесь пералік. Шмат робіцца па ўшанаванні юбіляраў, ветэранаў. Мы стараемся не прапусціць ніводную значную падзею ў жыцці чалавека і арганізацыі. За справаздачны перыяд прафсаюзнымі арганізацыямі было выдзелена 38 880 рублёў на правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў. Думаю, гэта сведчыць пра вялікую работу ў гэтым накірунку, – расказала Аксана Сяўко.

Акрамя гэтага, прафсаюзныя арганізацыі вялікую ўвагу надаюць рабоце з моладдзю, санаторна-курортнаму аздараўленню, інфармацыйнай рабоце і іншаму.

На думку прафсаюзнага лідара работнікаў культуры і інфармацыі, у далейшай рабоце варта праз пагадненні і калектыўныя дагаворы прадугледзіць розныя сацыяльныя ільготы, выплаты стымулюючага характару, часцей аказваць матэрыяльную дапамогу тым работнікам, у якіх найменшая зарплата, – гэта супрацоўнікі бібліятэк, музеяў, клубаў.

– Шаноўныя калегі, ва Указе Прэзідэнта Беларусі сказана, што развіццё сацыяльнага партнёрства ў нашай краіне варта лічыць адной з найважнейшых дзяржаўных задач, – напрыканцы даклада адзначыла Аксана Сяўко. – За апошнюю пяцігодку ў нас склаліся добрыя і сяброўскія адносіны з сектарам культуры і яго структурнымі падраздзяленнямі, рэдакцыяй газеты. Мая шчырая падзяка за разуменне і падтрымку кіраўнікам арганізацый. Жадаю, каб у кожнай прафарганізацыі быў нармальны псіхалагічны клімат, добрыя адносіны. Дзякуй вам, старшыні пярвічак, за грамадскую бескарыслівую, але вельмі патрэбную людзям працу.


Удзельнікі канферэнцыі далі высокую ацэнку рабоце прафкама, рэвізійнай камісіі. Іх падтрымала і галоўны спецыяліст па арганізацыйнай рабоце абласной арганізацыі гэтага галіновага прафсаюза Алена Мурэня.

У сваю чаргу Аксана Сяўко ўручыла кветкі, падарункі і Ганаровыя граматы за шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і плённую актыўную дзейнасць па абароне працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў членаў прафсаюза Астравецкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму казначэю Вользе Гульбіцкай і старшыні прафсаюзнай пярвічкі рэдакцыі Алене Гануліч.


Новым раённым прафсаюзным лідарам работнікаў культуры і інфармацыі абралі загадчыка аддзела нестацыянарнага абслугоўвання раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяну Ермолаву, а казначэем – педагога дзіцячай школы мастацтваў Аляксандру Анімуцкую.

Жадаем ім плённай працы ў новай для сябе галіне!


Алена ЮРКОЙЦЬ. Фота аўтара і Вольгі ХАЦЯНОВІЧ.