Конкурс ведущих “Волшебный микрофон” прошёл в Островце

14:30 / 25.04.2024


Раённы агляд-конкурс вядучых “Чароўны мікрафон” прайшоў у шматфункцыянальным комплексе Астраўца.

– Такое мерапрыемства задумалі, каб знайсці таленавітых дзяцей і моладзь і далучаць іх у далейшым да правядзення раённых мерапрыемстваў. І такім чынам даць магчымасць для творчай рэалізацыі землякоў, – расказала дырэктар Астравецкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ангеліна Навасельская. – Ацэньваючы выступленні ўдзельнікаў, адзначыла для сябе тых, з кім наш цэнтр можа супрацоўнічаць.


Ангеліна Навасельская

Удзельнікі спаборнічалі па ўзроставых катэгорыях.

Паліна Янкойць са Спондаўскай школы была адзінай у групе 7-10 гадоў. Дзяўчынцы давялося нялёгка: самая юная канферансье адкрывала ўсе тры намінацыі: “Візітку”, “Хатняе заданне” і “Экспромтнае заданне”. Аднак маленькая ўдзельніца нават і віду не падала, што хвалюецца – і ў выніку атрымала Дыплом І ступені.


Паліна Янкойць і Карына Кастрама

Да конкурсу мяне рыхтавалі класны кіраўнік Таццяна Людвікаўна, мама з татам прыдумвалі вобразы для выступленняў, а настаўнік беларускай мовы вучыла правільна вымаўляць словы. Падчас выступленняў крыху перажывала, хоць на сцэну выходзіла не ўпершыню, але больш за ўсё – за чытанне незнаёмага тэксту, дзеліцца Паліна. – Думаю, справілася з заданнямі добра. Гэта было бачна і па гледачах, якія мяне падтрымлівалі, што вельмі падбадзёрвала.

Адна з галоўных якасцей вядучага – валоданне голасам. Гэта як ігра на музычным інструменце: уменне выбраць патрэбную інтанацыю, тэмбр, надаць слову эмацыянальную афарбоўку і галоўнае рабіць усё ад душы, каб вашымі вуснамі гаварыла сэрца, – тады ты не проста прыцягнеш увагу гледачоў, а і зробіш іх сваімі памочнікамі. У другім этапе творчага спаборніцтва ацэньвалі аратарскае майстэрства. Канкурсанты прадстаўлялі ўрывак сцэнарыя свята, канцэрта альбо забаўляльнай праграмы з абавязковай умовай: падключыць да свайго выступлення залу.

Ва ўсім, што паказвала і расказвала, укладзены не толькі мае ідэі – без настаўнікаў Анастасіі Аляксандраўны Разуванавай і Кацярыны Сяргееўны Сульжыцкай не абышлося. Дзякуй за гэта ім! І групе падтрымкі, якая прыехала са мной на конкурс: іх энергетыка перадавалася мне на сцэну – і гэта надавала ўпэўненасці, – усміхаецца Эмілія Саковіч з Варнянскай школы. – Вопыт выступлення на сцэне ёсць, таму дыскамфорту не было. Да таго ж мая гульня-эмаджы па вядомых песенных хітах зайшла на “ўра”: і адгадвалі, і спявалі, і танцавалі. Ехала за перамогай! А інакш навошта было ўдзельнічаць! (Смяецца.)


Эмілія Саковіч

І ў Эміліі гэта атрымалася: ва ўзроставай катэгорыі 11-14 гадоў яна стала першай. Другое месца заняў Арцём Каспяровіч з астравецкай гімназіі №1, на трэцім – Карына Кастрама з СШ №1.

Умова трэцяга этапу прадугледжвала артыстычнае чытанне без падрыхтоўкі незнаёмага  тэксту. Як мне падалося, гэта было самым складаным выпрабаваннем, а найбольш яркім стала выступленне Арцёма Каспяровіча: ля мікрафона стаяў сапраўдны артыст, які іграў інтанацыямі, жэстамі, мімікай.


Арцём Каспяровіч

Сцэнічны вобраз, які стварыў для конкурсу, – гэта адзін з маіх станаў. Ён відовішчны, мне хацелася запоўніць сабой сцэну, паказаць, што я магу запаліць залу. Касцюм дапамагала прыдумаць педагог-арганізатар Анастасія Валатоўская, расказвае Арцём Каспяровіч. – У першым этапе конкурсу хваляваўся – з-за гэтага забыў тэкст, а вось другі і трэці этапы – ні кропелькі, тым больш, выразна чытаць тэксты – мой канёк. Але нічога – гэта была толькі першая падобная спроба, вопыту яшчэ набяруся.


Карына Кастрама

Ва ўзроставай катэгорыі 15-18 гадоў Дыпломам ІІ ступені ўзнагароджана Ульяна Гарадзецкая з СШ №3.


Ульяна Гарадзецкая

Удзельнічалі ў конкурсе не толькі школьнікі, але і працуючая моладзь. Другое месца ва ўзроставай катэгорыі ад 19 гадоў і старэйшыя заняла педагог Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Лаліта Валевіч. Перамогу святкавала Святлана Салавей з Варонскага сельскага клуба.


Лаліта Валевіч

Вопыт выступлення на сцэне маю. У мяне музычная адукацыя, таму часта даводзілася выходзіць з песеннымі нумарамі, у амплуа канферансье пабыла ўпершыню – і цікава, і хвалююча адначасова, – гаворыць Лаліта. – А вось самай складанай аказалася “Візітка” –цяжка прэзентаваць сябе: хочаш сказаць шмат, а трэба выдзеліць самае галоўнае. Што тычыцца вядзення праграмы, здаецца, усё проста: ёсць “шпаргалкі”, якімі ты можаш карыстацца. Аднак тут існуе адно “але”: выйсці і правесці канцэрт ці гульню – гэта адно, рабіць тое ж, калі ведаеш, што цябе ацэньваюць, – зусім іншае. Увогуле любы вопыт патрэбны, пакуль не паспрабуеш штосьці новае, не даведаешся, на што здатны! (Усміхаецца.)

Прызёры і пераможцы раённага агляду-конкурсу ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі – і ўзяты культработнікамі “на заўважынку”: такія таленавітыя памочнікі заўсёды патрэбны.


Текст: Рита Дремо
Фото: Рита Дремо