В Клюшчанской парафии прошел день памяти Казимира Сваяка

15:59 / 30.05.2012

Традыцыйны дзень памяці святара-паэта Канстанціна Стэповіча (Казіміра Сваяка) адбыўся ў мінулую нядзелю ў Клюшчанскай парафіі.


Урачыстасць, як заўсёды, пачалася з памінальнай імшы, якую адслужылі ініцыятар і першапачатковец падобных свят, вялікі прыхільнік як творчасці, так і шматграннай дзейнасці Казіміра Стэповіча пробашч Камайскай парафіі ксёндз Яцэк Гутман і пробашч Міхалішкаўскай парафіі ксёндз Анатоль Захарэўскі.


Пасля заканчэння літургіі адбыўся невялікі канцэрт – у выкананні трыа “Балтыйскі субстрат”, у якое аб’ядналіся студэнты Беларускай акадэміі музыкі, прагучалі песні на словы Казіміра Сваяка, народныя творы, нават псалмы, стылізаваныя выканаўцамі пад амерыканскі блюз. Фінальнай кропкай выступлення музыкаў, якія, дарэчы, суправаджалі свае песні ігрой на экзатычных музычных інструментах, стаў рэлігійны гімн Беларусі – “Магутны Божа” на словы Наталлі Арсеньевай. “…Дай урадлiвасць жытнёвым нiвам, учынкам нашым пашлi ўмалот. Зрабi магутнай, зрабi шчаслiвай краiну нашу i наш народ!” – шчырыя словы паэтэсы ў цудоўным, трохгалосым выкананні прафесійных музыкантаў у многіх з прысутных выклікалі слёзы. “Магутны Божа” слухалі стоячы.


Працяг свята, зноў жа традыцыйна, праходзіў у Баранях – у музеі-сядзібе сям’і Стэповічаў. Канферэнцыйную частку дня памяці Казіміра Сваяка правяла мясцовы краязнаўца, бібліятэкар Спондаўскай бібліятэкі Іаланта Валуевіч. А сказаць слоўца ў гонар святара-паэта рашыліся Аркадзь Нафрановіч, паэт з Камаяў, які, дарэчы, прысвяціў яму некалькі сваіх вершаў, унучаты пляменнік Канстанціна Стэповіча спадар Кяжун з Гродна, загадчыца раённай бібліятэкі Наталля Ачарэтава і іншыя. Музыкай і спевамі парадавалі прысутных сталічныя музыканты – група “Балтыйскі субстрат”. Не абышлося і без сюрпрызу…


Калі студэнты падчас імправізаванага канцэрта праспявалі песню на латышскай мове, на сярэдзіну пакоя выйшла жыхарка вёскі Міхалішкі Уладзіслава Яўхімаўна Карвэль, якая прыехала на свята разам са сваім пробашчам, ксяндзом Анатолем, і выканала дзве латышскія песні. А калі хлопцы вырашылі прадэманстраваць унікальнасць нашага фальклорнага матэрыялу і завялі “Фэрдалу” – песню, запісаную імі ў Міхалішках падчас мінулагодняй экспедыцыі па Астравеччыне, Уладзіслава Яўхімаўна  не ўтрымалася і кінулася на падмогу  спевакам.


Не абышлося і яшчэ без аднаго сюрпрызу – менавіта ў гэты дзень пазнаёміцца з музеем Казіміра Сваяка вырашыў астравецкі прадпрымальнік Іосіф Раўдановіч, і, убачыўшы, якое тут праходзіць свята, падарыў музею ўласны верш пра сваю маленькую радзіму – мястэчка Міхалішкі.


Працяг імпрэзы праходзіў за кубкам гарбаты – зноў гучалі песні, вершы. І ксёндз Яцэк Гутман, як кожны раз, сваімі мудрымі прытчамі спрабаваў навучыць нас азам Божай  міласэрнасці і любові.



Ганна ЧАКУР.

Фота Наталлі АЧАРЭТАВАЙ.