“Імгненны натоўп”, ці асаблівасці флэшмобу

14:12 / 25.04.2012
6718





Люднае грамадскае месца – вакзал, гандлёвы цэнтр ці проста вуліца горада. Бясконцы, мітуслівы і заклапочаны кожны сваёй праблемай натоўп людзей. Здаецца, нішто і ніхто не здольны вывесці іх з гэтага трансу ўсеагульнай спешкі і занятасці. Аднак адбываецца неверагоднае: літаральна некалькі імгненняў – і ўсё непазнавальна змяняецца. І жывы паток занятых і незнаёмых людзей рэзка пераўтвараецца ў яркае, феерычнае і захапляючае шоу ў выкананні энергічнай і спантаннай групы танцуючых людзей. А называецца ўсё гэта – танцавальны флэшмоб.


У апошні час слова “флэшмоб” сярод моладзі сустракаецца ўсё часцей. Што гэта? Новы маладзёжны рух, забава або проста арыгінальны спосаб праводзіць вольны час? Адназначна аднесці яго да якойсьці катэгорыі, напэўна, немагчыма.
Калі перакласці з англійскай мовы, то флэшмоб – ад flash – успышка, імгненне і mob – натоўп. У выніку атрымоўваецца, як “імгненны натоўп”. Менавіта так назвалі загадзя спланаваныя масавыя акцыі, у якіх удзельнікі (моберы) нечакана з’яўляюцца ў якім-небудзь масавым месцы і выконваюць незвычайныя і спантанныя дзеянні – напрыклад, танцуюць, а пасля разыходзяцца кожны ў сваім накірунку – і зноў ствараецца ранейшая абстаноўка. Галоўная мэта такіх міні-прадстаўленняў – прыемна ўразіць і парадаваць прыгожым відовішчам выпадковых гледачоў. Танцавальны флэшмоб не носіць ніякага палітычнага характару. Арганізацыя і збор ажыццяўляецца з дапамогай інтэрнэта. “Фішка” флэшмобу менавіта ў яго раптоўнасці, спантаннасці і хуткасці. У натоўпе з’яўляецца чалавек з бумбоксам і пачынае танцаваць, да яго далучаецца другі, трэці – і праз хвіліну энергічна рухаецца цэлая група. Прыкол і ў тым, што міжвольныя сведкі не ведаюць, хто з акружаючых у наступную секунду далучыцца да танцаў. У выніку атрымліваецца прыгожае і эфектнае відовішча. Адтанцаваўшы, “імгненны натоўп” так жа імгненна і рассейваецца. Місія выканана!
Гісторыя флэшмобу налічвае пакуль менш дзесяці гадоў. Упершыню ён адбыўся ў ЗША, пасля ў краінах Еўропы, у тым ліку і Расіі, а зараз паступова пачынае набываць сілы і ў Беларусі. Напрыклад, нядаўна з сяброўкай былі ў Мінску ў гандлёвым цэнтры “Сталіца” і міжволі сталі сведкамі размовы. Недалёка ад нас стаялі хлопец з дзяўчынай:
– Дарэчы, а ты ведаеш, што менавіта вось тут восенню адбыўся першы маштабны флэшмоб у Мінску, расказваў малады чалавек і паказваў на ніжнюю круглую пляцоўку. –У інэце відэа бачыў. Аднак гэта, напэўна, зусім не тое, што ўжывую. Можа, хутка зноў штосьці прыдумаюць. Цікава было б паглядзець на гэта.
– Флэшмоб у Мінску? Слухай, а гэта цікава? Чула, што нешта падобнае летам праходзіла ў Віцебску. Ну вось і да нас дайшло. Было б прыкольна паглядзець…
Такім чынам, і ў нас з’явіліся прыхільнікі гэтай арыгінальнай забавы-дзеяння-прадстаўлення пад назвай флэшмоб.


Марына МАЦКЕВІЧ.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений