Выступление узорного ансамбля "Тимпан" в Островце

09:10 / 25.01.2013

Без перабольшання, усе, хто пабываў у мінулую нядзелю на канцэрце мінскага ўзорнага ансамбля “Цімпан”, скажуць: гэта была падзея як у музычным, так і ў духоўным жыцці нашага горада.


Рэпертуар адмысловы: песні духоўнага зместу на цудоўныя вершы Аляксандра Блока, Раісы Кудашавай – аўтара вядомай навагодняй песенькі “В лесу родилась ёлочка”, расійскіх паэтэс матушкі Ірыны Кахоўскай, Марыны Пажаравай і беларускі Алены Міхаленка, невядомых аўтараў з паэтычнага зборніка, складзенага старцам Мікалаем Гур’янавым з Пскова-Пячэрскай абіцелі, а таксама вакальныя творы для дзяцей на словы Рыгора Барадуліна і Васіля Жуковіча.
Выканаўчае майстэрства калектыву заслугоўвае самай высокай пахвалы і ўдастоена дзвюх Патрыяршых Грамат. Як расказаў пазней адзін са стваральнікаў калектыву і аўтар музыкі большасці выконваемых ім твораў кампазітар Уладзімір Казбанаў, узорны калектыў “Цімпан” вядзе канцэртную дзейнасць больш за дзесяць гадоў, створаны пры інфармацыйным агенцтве Беларускай праваслаўнай царквы, творча базіруецца і папаўняецца кадрава ў каледжы мастацтваў імя Ахрэмчыка.
Перад астраўчанамі ансамбль выступіў у змешаным складзе: дарослыя кіраўнік ансамбля Вольга Крывашэева, салістка Анастасія Раманоўская, юныя навучэнцы каледжа і маленькія артысты, у ліку якіх дачка кампазітара Маша Казбанава. З ансамблем лічаць за гонар выступаць Аляксандр Ціхановіч і яго дачка Анастасія.
Творчыя маршруты ансамбля пралягаюць па многіх святых мясцінах Беларусі, Расіі, Украіны. Першы быў пракладзены ў Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр. Падчас другога наведвання гэтай абіцелі “Цімпан” выступаў у бальніцы, дзе лячылася хворая на рак схіманахіня Рафаіла. Стан яе быў вельмі цяжкі, матушка развіталася са сваімі знаёмымі, духоўнымі сёстрамі, раздала ім свае кнігі і дарагія сэрцу рэліквіі. Паслухаць выступленне ансамбля было яе апошнім жаданнем. І адбыўся цуд: схіманахіня вылечылася!
Віталі беларускі “Цімпан” у Тройца-Сергіевай, Кіева-Пячэрскай лаўрах, у Расіі паспяхова рэалізуюцца запісаныя калектывам альбомы “Дзяўчына спявае”, “Вербачкі”, кліп Анастасіі Раманоўскай на песню “Ружа” (аўтар слоў крымскі паэт Віктар Грэкаў) часта дэманструецца на кабельным праваслаўным канале “Саюз”.
І вось нарэшце пазнаёміцца з самабытным калектывам змаглі і астраўчане – дзякуючы благачыннаму Астравецкага благачыння айцу Георгію Савіцкаму, які запрасіў да нас сваіх даўніх таленавітых знаёмцаў. Пасля канцэрта многія слухачы падыходзілі да бацюшкі са словамі шчырай падзякі за цудоўны раждзественскі падарунак.
Сапраўднае мастацтва аб’ядноўвае людзей, таму не дзіва, што ў канцэртнай зале было нямала католікаў. Разам годна ўславіць Дзіцятка Хрыста – што можа быць лепшым увасабленнем духоўнага яднання?
Ансамбль не выпадкова выбраў назву “Цімпан” – у гонар старазапаветнага музычнага інструмента, бубна, на якім гралі і славілі Госпада толькі цнатлівыя дзяўчаты, чыстыя душой і целам. Такую чысціню ўсялаюць у душы слухачоў юныя і дарослыя артысты ансамбля сваёй высокадухоўнай творчасцю.


-------------------------
Таіса СЯМЁНАВА.