Партызанскі палітрук Васіль Пелюхаў
09:23 / 22.06.2019
Пра гэта – са слоў яго родзічаў і звестак, якія захаваліся ў архіўных дакументах.
Васіль Пелюхаў нарадзіўся на Віцебшчыне ў 1924 годзе ў шматдзетнай сям’і. Яго бацькі выхавалі чацвярых дзяцей. Васіль быў старэйшым, за ім ішлі Тамара, Людміла і Іван. У кожнага з дзяцей свой лёс – у некаторых вельмі нялёгкі.
Да вайны Васіль скончыў педагагічны тэхнікум. І адразу пасля акупацыі ўступіў у партызанскі атрад М.І. Дзячкова, які дзейнічаў у Мехаўскім раёне Віцебскай вобласці. Як сведчаць скупыя звесткі, надрукаваныя ў кнізе «Памяць. Астравецкі раён», а таксама інфармацыя, размешчаная ў музеі Спондаўскай школы, у канцы 1941 года Васіля Мяфодзьевіча накіравалі ў Маскву на курсы падрыхтоўкі для барацьбы з ворагам на акупіраванай савецкай тэрыторыі. На наступны год ён прыбыў у партызанскую брыгаду імя К.Я. Варашылава і быў прызначаны палітруком роты ў атрад імя Суворава. Пазней, у жніўні-кастрычніку 1943 года, стаў камісарам атрада імя М.І. Калініна.
– Сястра Васіля Пелюхава, Людміла Русецкая, была маёй свякроўкай. Яна расказвала, што брат быў вельмі сціплым і не любіў расказваць пра ваенныя гады, – успамінае жыхарка Гудагая Генуэфа Русецкая.
Пра сціпласць Пелюхава сведчаць і ўспаміны былога загадчыка музея Спондаўскай школы, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Мікітавіча Мартынава, якому давялося быць у адным партызанскім атрадзе з Васілём Мяфодзьевічам:
«17 студзеня 1943 года карны атрад немцаў у складзе 300 чалавек прыбыў у вёску Макрыцы. Немцам стала вядома, што жыхары вёскі Калодзіна дапамагаюць партызанам. Карнікі збіраліся спаліць вёску і разграміць партызанскі атрад імя Суворава, які дыслацыраваўся ў лесе паблізу хутара Гаць.
Вечарам таго ж дня насустрач немцам была выслана першая рота атрада імя Суворава на чале з яе камандзірам Аляксандрам Малафеевым і палітруком Васілём Пелюхавым. Рота залягла ля дарогі паміж вёскамі Макрыцы і Калодзіна. Мерзлі рукі і ногі. Палітрук Пелюхаў пераходзіў з аднаго канца засады на другі і падбадзёрваў людзей, саграваў іх гарачым словам і вясёлым жартам.
Немцы не з’яўляліся. Праляжаўшы ноч у засадзе, рота, выконваючы загад камандавання, раніцай адышла ў вёску Чарэмшыны. У засадзе засталося пяць партызан на чале з Пелюхавым. У 10 гадзін раніцы на дарозе нечакана з’явіліся фашысты. Партызаны ўступілі ў няроўны бой. Немцы адкрылі ўраганны агонь, але адважная пяцёрка вырашыла не адступаць і трапным агнём знішчала ворага. Аднак сілы былі няроўныя. Загінулі старшына Адольф Буцько і намеснік палітрука Яўген Брадовіч. Бой працягвалі Васіль Кудрашоў, Павел Цюракоў і Васіль Пелюхаў. Немцы пачалі акружаць смельчакоў. Гібель партызан здавалася непазбежнай.
І тут пачулася дружнае «Ура!» Атрад імя Суворава пад камандаваннем камбрыга Фёдара Маркава кінуўся ў атаку. Уладзімір Саўлевіч быў паранены, але працягваў бой. Наступленне карнікаў было адбіта, яны паспешліва адступалі, пакінуўшы на полі бою 26 чалавек забітымі, вялікую колькасць зброі і боепрыпасаў.
Разам з атрадам на партызанскую базу вярнуўся і стомлены палітрук Пелюхаў, аднак праз некалькі гадзін ён ужо быў у страі. Вечарам у атрадзе выпусцілі насценную газету, у якой Васіль расказаў пра гераізм партызан Адольфа Буцько і Яўгена Брадовіча. Пра сябе Пелюхаў, як звычайна, не напісаў ні слова…»
У маі 1944 года загадам Вілейскага падпольнага абкама партыі на Астравеччыне з ліку лепшых партызан быў утвораны падпольны райкам партыі і райкам камсамола.
Сакратаром райкама камсамола быў вылучаны Васіль Мяфодзьевіч Пелюхаў. Пра гэта ўпамінае ў артыкуле «Старонкі гераічнага летапісу», надрукаваным у «Астравецкай праўдзе» за 1984 год і прысвечаным 40-годдзю вызвалення Беларусі, Адам Мальдзіс.
Чым у гэты час займаўся Васіль Пелюхаў, можна меркаваць па вытрымках з архіўных дакументаў, надрукаваных у кнізе «Памяць. Астравецкі раён».
Так, у справаздачы аб рабоце Астравецкага падпольнага РК ЛКСМБ за ліпень 1944 года гаворыцца пра падрыхтоўку моладзі раёна па ўступленні ў камсамол, правядзенні палітмасавай работы і сходаў на тэмы аднаўлення савецкай улады і народнай гаспадаркі, перамогі Чырвонай Арміі.
– Яшчэ нейкі час пасля вызвалення Астравецкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Васіль Мяфодзьевіч быў сакратаром Астравецкага падпольнага райкама ЛКСМБ, – расказвае яго пляменнік Яўген Русецкі. – Потым скончыў педагагічны інстытут і ажно да вяртання на радзіму – у Гарадоцкі раён Віцебскай вобласці працаваў у школах раёна на розных пасадах.
Звесткі пра педагагічную дзейнасць Васіля Пелюхава нечакана ўдалося адшукаць у кнізе «История Островецкой средней школы №1», якая была выдадзена ў мінулым годзе дзякуючы вялікай пошукавай рабоце былой настаўніцы Ларысы Мартынавай.
На адной са старонак гэтай кнігі змешчаны загад №7 па Астравецкім РАНА ад 27.02.1946 года, згодна з якім Пелюхаў быў прызначаны настаўнікам матэматыкі і фізікі Астравецкай НСШ. Яго жонка ў гэты час працавала бухгалтарам аддзела адукацыі.
Падчас падрыхтоўкі кнігі «Памяць. Астравецкі раён» былы журналіст «раёнкі» Таісія Сямёнава таксама не раз сустракала прозвішча Васіля Пелюхава ў дакументах па раённым аддзеле адукацыі, якія сёння захоўваюцца ў Лідскім занальным архіве.
Вядома, што былы партызанскі палітрук быў дырэктарам Міхалішкаўскай і Валэйкішскай сямігадовых школ. Адам Мальдзіс дадае да іх яшчэ і Гервяцкую школу. Праўда, пацвярджэння гэтаму ні ў адной з пералічаных устаноў так і не атрымалася адшукаць.
– У часы Савецкага Саюза наша сям’я жыла ў Вільнюсе. Тады нам прыйшло пісьмо са Спондаўскай школы ад Івана Мікітавіча Мартынава з просьбай расказаць што-небудзь пра дзядзьку і даслаць яго фотаздымкі. У той час у школе працавалі над стварэннем музея, – расказвае пляменнік Васіля Пелюхава. – Маці адпраўляла пісьмо з фотаздымкамі, зараз яны захоўваюцца ў гэтым школьным музеі.
У 60-я гады Васіля Пелюхава перавялі на Віцебшчыну.
На жаль, пражыў ён няшмат, пакінуўшы пасля сябе аднаго сына.