Для партизан Николая и Христины Паршонков Островетчина стала второй родиной

15:00 / 21.04.2024



Гісторыю мірнага і ваеннага жыцця партызанаў брыгады імя ЦК КП(б)Б Мікалая і Хрысціны Паршонкаў расказаў карэспан­дэнту «АП» іх унук Мікалай Паршонак.

«Першы дзень вайны мая бабуля помніла ўсё жыццё, – узгадвае жыхар Варнян.  – Казала, яна ішла паглядзець курыцу, якая сядзела на яйках, калі пачула гул, падняла вочы ў неба – там ляцелі самалёты…»

Настаўнікі

 – Мікалай Рыгоравіч і Хрысціна Іосіфаўна Паршонкі мае дзядуля з бабуляй. Абодва з Ушаччыны: ён нарадзіўся ў 1913-м у Капылоўшчыне, яна – у 1915-м у Воснаве, гэтыя вёскі непадалёк адна другой знаходзяцца, – расказвае унук партызанаў. – Абодва мелі педагагічную адукацыю.

У 1932 годзе Мікалай Рыгора­віч Паршонак скончыў 7 класаў Кублічаскай школы і паступіў на гадзічныя педагагічныя курсы ў мястэчка Ушачы. Пасля атрымання прафесіі Мікалая размяркоўваюць настаўнікам пачатковых класаў і старшым піянерважатым, потым пераводзяць на пасаду дырэктара адной пачатковай школы, тады – другой – і ўсё на ніве асветы роднай Ушаччыны. Завочна хлопец заканчвае Лепельскі педтэхнікум.

Мікалай Паршонак

У гэты час Мікалай сустракае сваю другую палавінку – Хрысціну Гіль, якая становіцца яго верным спадарожнікам на ўсё жыццё. У год, калі Мікалай паступаў у педтэхнікум, Хрыс­ці­на яго скончыла. 

Хрысціна Паршонак (1-шы рад), Мікалай Паршонак справа

 Да слова, у сям’і Паршонкаў захаваўся дакумент, які сведчыць, што каб атрымаць спе­цыяль­­насць, недастаткова было проста адвучыцца.


Вось які атэстат пасля адпрацоўкі вы­да­­лі настаўніку: «Гіль Хрысця Іосіфаўна, якая скончыла ў 1936-м Лепельскі педагагічны тэхнікум і прайшла ўстаноўлены іспытальны стаж педагагічнай работы ў школе, удастоена, на падставе пастановы Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта і Совета Народных Камісараў Саюза ССР аб увядзенні перса­нальных званняў для настаўнікаў ад 10 кра­савіка 1936 года, звання настаўніка пачатковай школы. 2 ліста­пада 1938 г.».

Атэстат Паршонак Хрысціны


  – Пажаніліся дзед з бабуляй да вайны. А ў верасні 1939-га Мікалая Рыгоравіча прызвалі ў Чырвоную армію. Жонка і дачушка Эма засталіся чакаць мужа і татку ў Воснаве, – дзеліцца ўнук ветэранаў. – Цяжка маім родным давялося, бо выпрабоўваў іх лёс неаднойчы: дачушка захварэла і памерла; дзед, які праходзіў тэрміновую службу ў арміі, ужо ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны апынуўся на перадавой; абодва змагаліся за родную зямлю, далучыўшыся да народных мсціўцаў… 

 Партызаны

У пачатку кастрычніка 1941 года падчас Вяземскай абарончай аперацыі часць Мікалая Паршонка трапіла ў акружэнне. Знаходзячыся пад безупынным агнём праціўніка, савецкія салдаты не здаваліся: яны неаднойчы намагаліся прарваць кола і нават змаглі скаваць сілы амаль 30-ці дывізій ворага. Аднак нашы войскі доўга не пратрымаліся, яны неслі буйныя страты з-за чаго суцэльную лінію абароны выстраіць было немагчыма, да таго ж не хапала боепрыпасаў, медыкаментаў, правіянту. У выніку Чырвоная армія на гэтым участку фронту пацярпела паражэнне, большасць савецкіх воінаў загінула ці трапіла ў палон. Адны салдаты, якія змаглі прарвацца з акружэння, выйшлі на Мажайскую лінію абароны, іншыя накіраваліся ў тыл ворага і далучыліся да партызан. Стаў народным мсціўцам і Мікалай Рыгоравіч – ён змагаўся з ворагам на землях, якія добра ведаў з дзяцінства: ва Ушачскім і Докшыцкім раёнах.

Вось што расказвае пра баявы шлях ветэрана асабовы лісток па ўліку кадраў, датаваны ліпенем 1944 года: 20 лістапада 1942-га Паршонак залічаны ў партызанскі атрад імя Пархоменкі брыгады імя ЦК КП(б)Б. Спярша загадчык харчовага складу брыгады, з мая 1943-га – камандзір шпітальнай групы той жа брыгады, з красавіка 1944-га – камандзір гаспадарчых узводаў брыгады, а з мая таго ж года – камандзір аддзялення атрада імя Жукава.

Асабовы лісток па ўліку партызанскіх кардраў Паршонка М.Р. 

 – Ведаю, што дзед быў удзель­нікам прарыву гітлераўскага акружэння каля Ушачаў – гэты подзвіг партызанаў увекавечаны ў мемарыяле «Прарыў», – дзеліцца Мікалай.

У 1946 годзе Бела­рускі штаб партызан­скага руху прадставіў Паршонка да ўзнага­ро­джання медалём «Парты­­зану Айчыннай вайны» І ступені. Баявая характарыстыка сведчыць, што падчас майскай блакіроўкі 1944 года ў Докшыц­­кім і Ушачскім раёнах Мікалай Рыгоравіч быў прызначаны камандзірам гаспадарчых узводаў брыгады імя ЦК КП(б)Б. Калі трапіў са сваімі ўзводамі ў акружэнне, пайшоў на прарыў ля гарнізона Пліна. Выйшаўшы з першага кола акружэння, яны трапілі ў другое – у раёне Лісічаны-Пруды. Змог вывесці сваю групу ў 15 чалавек, атрад брыгады імя Леніна ў 40 чалавек і 30 чалавек грамадзянскага насельніцтва і злучыўся з атрадам імя Жукава. Удзельнічаў у разгроме нямецкага гарнізона, куды, не лічачыся з жыццём, павёў атрад і ўварваўся ў гарнізон. Жыцці людзей узводнаму Паршонку давяралі не ўпершыню: у 1943-м, таксама падчас блакіроўкі ворагам партызанаў, Мікалаю даручылі хворых і параненых.
Страт тады шпітальная група не панесла.

Узнагародны Паршонка М.Р. да медаля Партызану Айчыннай вайны І ступені

 – Да партызанаў брыгады імя ЦК КП(б)Б услед за мужам далучылася і Хрысціна Іосіфаўна. У атрадзе яна займалася гаспадарчымі справамі, працавала на кухні. На адной з работ атрымала траўму: усунула руку ў млын – і засталася без пальцаў, – прыгадвае мужчына пачутае ад бабулі і працягвае: – Дарэчы, мой дзядзька з’явіўся на свет падчас выхаду партызанаў з акружэння ў тым самым 1944-м. Калі пачаўся прарыў, бабуля на апошнім месяцы цяжарнасці была. Яе пакінулі ў зямлянцы, якую надзейна замаскіравалі, а арыенцірам гэтага жытла быў забіты конь. Там і нарадзіла, і жыла з немаўлям, пакуль за ёй не прыйшлі.  


Хадатайніцтва аб прызнанні Паршонак Хрысціны ўдзельнікам партызанскага руху


Ветэраны

З аўтабіяграфіі Мікалая Рыго­равіча даведваемся, што пасля вызвалення нашых мясцін Паршонкі засталіся на Астравеччыне. Спярша яны пасяліліся ў Рымдзюнах – там былы партызан працаваў старшынёй сельсавета, затым узначаліў Гервяцкую школу. У 1947 годзе сям’я пераехала ў Варняны – Мікалая прызначылі дырэктарам мясцовага дзіцячага дома, пазней працаваў дырэктарам школы, старшынёй мясцовага калгаса, сельспажыўтаварыства. Хрыс­ціна Іосіфаўна ўсё жыццё пра­цавала настаўнікам.

– У Варнянах у дзядулі з бабуляй нарадзіліся яшчэ адзін сын і дачка. Гэта вёска стала для сям’і другой радзімай. Але і сваіх яны не забывалі. Наведвалі родных і мясціны, дзе выраслі, штогод, – гаворыць Мікалай. – Бабуля вельмі ашчаднай была і запаслівай, відаць, пасля вайны гэта звычка з’явілася: мыла, спічкі, соль, крупы – на некалькі месяцаў такія прыпасы меліся. Дзед пчалярствам займаўся. А яшчэ засталося ў памяці, што ён прыгожа граў на балалайцы…

 Мікалай Рыгоравіч пайшоў з жыцця ў 1975 годзе, Хрысціна Іосіфаўна – у 1998-м.

Текст: Рита Дремо
Фото: з архіва сям’і Паршонак і з сайта “Партызаны Беларусі”.