Пра вызваленчыя аперацыі ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны расказвае гісторык Аліна Сянюць

19:00 / 16.04.2024


Вясной 1944 года лінія савецка-германскага супрацьстаяння мела ў Беларусі гіганцкі выгіб, утварыўшы выступ агульнай плошчай больш за 50 тысяч квадратных кіламетраў, звернуты сваёй выпукласцю на ўсход. 

Гэты выступ або, як яго называла савецкае камандаванне, балкон, меў вялікае ваенна-стра­тэгічнае значэнне. Група армій «Цэнтр», утрым­лі­ваючы тэры­торыю Бела­русі, за­бяспечвала ўстой­лівае ста­нові­ш­ча ня­­­мецкіх войскаў у Пры­балтыцы і Украіне. Выступ таксама прыкрываў Польшчу і Усходнюю Прусію, праз якія праходзілі самыя кароткія шляхі да жыццёва важных цэнтраў Германіі. Ён даз­валяў нямецкаму камандаванню падтрымліваць стра­­тэгіч­нае ўзаема­дзеянне паміж групамі армій «Поўнач», «Цэнтр» і «Паўночная Украіна». 

Баі народных мсціўцаў 

У рамках вызваленчай аперацыі шэраг задач планавалася вырашаць сіламі беларускіх партызан, якія да вясны 1944 года кантралявалі больш за 50% тэрыторыі Беларусі. Менавіта яны павінны былі забяспечыць параліч аператыўнага тылу групы армій «Цэнтр». І народныя мсціўцы паспяхова выканалі пастаўленыя перад імі задачы.

У пачатку красавіка прайшлі жорсткія абарончыя баі парты­занскіх брыгад ім. Дзяржынскага (ка­мандзір В.М. Манахаў), «Советская Белоруссия» (М.У. Бабкоў) і 345-га партызанскага атрада (С.А. Яроцкі) з карнымі фарміраваннямі гітлераўцаў каля в. Здзітава Бярозаўскага р-на.

Недалёка ад в. Здзітава базіра­валіся партызанскія фарміра­ванні, штаб Брэсцкага партызанскага злучэння, Брэсцкі падпольны абкам КП(б)Б. У пачатку красавіка 1944 года гітлераўцы сканцэнтравалі ў гэтым раёне атрады СС, 10 артылерыйскіх і мінамётных батарэй, танкі, бронемашыны, бамбардзіроўшчыкі.

Партызаны, пад абаронай якіх знаходзілася 10 тысяч мірных жыхароў, апынуліся ў акружэнні. Аба­піраючыся на створаныя ўмаца­ванні, яны, нягледзячы на арты­лерыйскі абстрэл і бамбар­дзіроўкі, на працягу 7 дзён утрым­лівалі свае пазіцыі, нанёсшы саперніку значныя страты. Толькі скончыўшы амаль усе боепрыпасы, партызаны пакінулі вёскі Здзітава і Спорава і адышлі на другую лінію абароны, штурмаваць якую карнікі не адважыліся.

11 красавіка 1944 года пачалася і да 5 мая працягвалася Полацка-Лепельская бітва: баі партызанскіх брыгад Полацка-Лепельскай партызанскай зоны супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У канцы снежня 1943 года, калі фронт наблізіўся да паўночнай мяжы зоны, гітлераўцы вырашылі адціснуць партызан ад дарогі Віцебск-Лепель-Параф’янава, якая звязвала 3-ю нямецкую танкавую армію з тылам. Не дабіўшыся поспеху, захопнікі да лютага 1944 года арганізавалі карныя аперацыі «Свята Вясны» і «Лівень». Ім супрацьстаялі 16 партызанскіх бры­гад (17,5 тыс. чалавек, 21 гармата, 143 мінамёты, 151 супрацьтан­кавая стрэльба, 721 кулямёт і ін­шае ўзбраенне), аб’яд­наных пад кіраўніцтвам апе­ра­тыўнай групы ЦК КП(б)Б і БШПР (кіраўнік У.Я. Лабанок), якая зна­ходзілася ў г. п. Ушачы.

«Прарыў»

11 красавіка карнікі пачалі наступ, але партызаны аказвалі жорсткае супраціўленне, пад націскам ворага паступова адыходзілі да Ушачаў. Авіяцыя 1-га Прыбалтыйскага фрон­ту бамбіла навалы нямецка-фашысцкіх войскаў, пераправіла пар­тызанам больш за 250 тон гру­заў, было вывезена каля 1 500 пара­неных; вайсковыя часці фронту баямі мясцовага значэння адцягвалі войскі карнікаў. 27 красавіка гітлераўцы звузілі кола акружэння да 20 км вакол Ушачаў. Камандаванне зоны пасля ўзгаднення з беларускім штабам партызанскага руху, ЦК КП(б)Б і камандаваннем фронту 30 красавіка загадала партызанскім брыгадам ісці на прарыў. 5 мая партызанскія брыгады 1-я Антыфашысцкая, 16-я Смаленская, імя Варашылава, імя ВЛКСМ і іншыя прарвалі варожае асяроддзе і вывелі з блакады каля 15 тысяч мірных жыхароў.

25 дзён гераічна змагаліся партызаны супраць карнікаў. 

Яны нанеслі ворагу вялікія страты: забіта 8,3 тыс. салдат і афіцэраў, паранена 12,9 тыс., знішчана і падбіта 59 танкаў, 

116 аўтамашын, 7 бронемашын, 22 гарматы, 2 самалёты.

Каля Ушачаў у гонар подзвігу пар­тызан узведзены мемарыяльны комплекс «Прарыў».

У баях з нямецка-фашысцкімі за­хопнікамі загінулі камбрыгі, Героі Савецкага Саюза А.Ф. Дану­калаў і П.М. Раманаў, кам­брыгі Д.Т. Караленка, У.У. Гіль-Радзі­вонаў, камісары брыгад Н.Г. Жыжоў, І.Ф. Каранеўскі, У.С. Свірыд. Вызна­чыліся камандзіры і камісары партызанскіх брыгад і атрадаў Д.В. Цябут, І.Ф. Садчыкаў, Д.А. Фралоў, І.М. Цімчук, І.А. Куксёнак, В.М. Талаквадзе, Н.У. Уткін, Н.Е. Усаў і тысячы іншых.

«Прагулка на Сёмуху»

22 красавіка пачалася карная аперацыя гітлераўцаў пад кодавай назвай «Прагулка на Сёмуху» супраць партызан і насельніцтва Бягомльскага, Плешчаніцкага і Барысаўскага раёнаў як падрых­тоўчая перад буйной карнай аперацыяй «Баклан». 

У жорсткіх баях, якія працяг­валіся да 12 мая 1944 года, гітле­раўцам былі нанесены вялікія страты ў жывой сіле, а партызаны ўтварылі новую лінію абароны.

У красавіку 1944 карнікі знішчылі вёску Гліннікі ва Ушацкім раёне (забілі 6 жыхароў, спалілі 14 двароў) – на месцы яе цяпер устаноўлены памятны знак; а таксама вёску Царова ў Полацкім раёне (забілі 19 жыхароў, спалілі 16 двароў) – назва населенага пунк­та ўвекавечана ў Хатыні.

_____________________________________________________________________________________________________________________________

Аліна СЯНЮЦЬ, Варнянская СШ.