Пилигримка Таисии Семёновой по святым местам

17:30 / 27.08.2012

Па промысле Божым на працягу некалькіх гадоў летам мне ўдаецца здзяйсняць паломніцкія паездкі па святых мясцінах. Сёлета пашчасціла наведаць два манастыры – Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі і Свята-Успенскі Пскова-Пячэрскі, названы народам “Варотамі нябеснымі”. Па блаславенні Уладыкі Гурыя, архіепіскапа Навагрудскага і Лідскага, бясплатнае падарожжа было арганізавана для навучэнцаў Нядзельных школ – удзельнікаў епархіяльнай алімпіяды, у якасці агульнай узнагароды, бясплатна. Дарослыя маглі далучыцца да юных паломнікаў, заплаціўшы пэўную суму.


Аўтобус з паломнікамі прыехаў са Слоніма ў Астравец апоўдні. Дарога на Полацк праз наш горад была вадзіцелям невядомая, таму давялося крыху пабыць гідам – паказаць ім новую аўтатрасу паўз будаўнічую пляцоўку Беларускай АЭС, вывесці на славуты Полацкі тракт. Падарожнікі яшчэ не паспелі стаміцца, дружна прыніклі да вокнаў і з цікавасцю разглядалі краявіды Астравеччыны. “Прыгожа ў вас!” – хвалілі.
У Полацк прыбылі надвячоркам. Начуем у Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры – там ёсць некалькі двухкватэрных драўляных дамоў. Умовы пражывання больш чым спартанскія – у пакоях стаяць драўляныя двухпавярховыя нары, на якіх пілігрымы ўкладваюцца нанач шчыльненька адзін да аднаго. Праўда, падушак і коўдраў хапае ўсім і пасцельная бялізна свежая для кожнай групы начлежнікаў. У адгароджаным закуточку – умывальнік з халоднай вадой, стол з парай табурэтак, электрачайнік і сякі-такі посуд. А больш і не трэба, бо даўжэй, чым на суткі, ніхто тут не затрымліваецца, хіба што трудніцы – жанчыны, якія прыехалі папрацаваць у славу Госпада ў манастыры, або адзінокія пілігрымы, што дабіраліся здалёку і хочуць крыху пабыць каля святыняў, памаліцца без спеху аб патаемным і набалелым.
З большага спарадкаваўшыся з дарогі, спяшаемся на вячэрнюю малітву ў Свята-Еўфрасіннеўскую царкву. Пад яе велічнымі скляпеннямі захоўваеццца адна з найвялікшых святынь прападобнай Еўфрасінні – вярыгі, сямікілаграмовы жалезны ланцуг, які святая нявеста Хрыстова насіла на сваім слабым целе дзеля ўсмірэння плоці. Вярыгі захоўваюцца ў спецыяльным каўчэгу, многія вернікі прапаўзаюць пад ім з малітвай, просячы ў святой праведніцы дапамогі ў немачах. У храме выстаўлены для пакланення каўчэгі з мошчамі святых, цудатворныя абразы. Перад кожнай святыняй вернікі стараюцца прыпыніцца, прамаўляючы шчырую гарачую малітву. Ціха гучыць зладжаны ўнісонны спеў хору, манахіні па чарзе чытаюць свяшчэнныя тэксты. Міжволі губляецца адчуванне рэальнага часу, нібыта знахо-дзішся сам-насам з Госпадам.
Служба заканчваеццца позна. Нас чакае сціплая манастырская вячэра – маленькая порцыя кашы і кубачак ледзь цёплай гарбаты. Сваіх дарожных прыпасаў амаль ніхто не кранае – большасць з нас рыхтуецца да споведзі ў Пскова-Пячэрскай Лаўры.
Першая літургія пачынаецца ў Свята-Еўфрасіннеўскай царкве ў палове сёмай раніцы. Але ўсе прыйшлі раней – каб у галоўным храме манастыра, Крыжа-Уздзвіжанскім саборы, прыкласціся да мошчаў прападобнай Еўфрасінні. Яны захоўваюцца ўнутры новай сярэбранай ракі, зробленай брэсцкім мастаком Мікалаем Кузьмічом – тым самым, што стварыў новы Крыж Еўфрасінні, дакладную копію ранейшага, бясследна страчанага. Рака зроблена па эскізах 1910 года. У жніўні 2009 года над ёю была ўстаноўлена разная сень, увянчаная залатым купалам. Уражанне і самаадчуванне пасля прыкладвання да мошчаў – неперадавальныя.
Бліжэй да палудня бяром курс на Пскоў. Усе перапоўнены прыемнымі чаканнямі. Ды ніколі паломніцкія паездкі не бываюць без спакус. І нас чакала выпрабаванне...
Расійскія ж інспектары дарожнага руху мігам выявілі непаладкі ў нашым аўтобусе і нас вярнулі на беларускую тэрыторыю. Вадзіцелі паехалі ў Полацк рамантавацца, а ў пілігрымаў атрымаўся шасцігадзінны прывал з абедам.
Таму ў паездку група падрыхавалася адмыслова: запаслася маладой бульбачкай, капусткай-морквачкай, цыбулькай-часначком, кабачкамі і нават пучком зеляніны. Са змяшчальнага багажніка аўтобуса выгрузілі 40-літровы бідон чыстай вады, пакеты з разавым посудам, вялікія каструлі, вядро, партатыўную чатырохканфорачную газавую плітку ды невялікі балон з газам. Абед задумваўся посны, таму ні тушонкі, ні кансерваў рыбных не выгружалі. Стаянка для бівака аказалася даволі зручнай, таму жанчыны-паломніцы порстка ўзяліся за працу. Неўзабаве ў адной каструлі ўжо пабульквала капуста, у другой чакалі сваёй чаргі нарэзаныя для тушэння кабачкі з бульбай. На заварку гарбаты пайшлі галінкі маліны з ягадкамі, сцяблінкі зверабою ды іван-чаю.
А сёмай гадзіне вечара прыбывае нарэшце адрамантаваны аўтобус. Хуценька загружаемся.
У Пскова-Пячэрскім манастыры нас чакалі на вячэрняе богаслужэнне, паклапаціліся пра начлег і вячэру. Мы ж па вышэй апісанай прычыне прыбылі каля дванаццаці гадзін па расійскім часе. Стомлены і прыкметна знерваваны інак Максім аднак не выказаў незадавальнення. Патэлефанаваўшы некаму, папрасіў сустрэць частку групы і размясціць у доміку для пілігрымаў на тэрыторыі аднаго з храмаў, астатніх узяўся ўладкаваць сам. Гасціннасць гаспадароў проста ашаламіла: у маленькай трапезнай нас чакала вячэра – міска грэчневай кашы і кубак духмянай гарбаты! Ад прапановы дапамагчы памыць посуд кухаркі адмовіліся: адпачывайце.
Спаць выпадала нейкіх чатыры гадзіны – брацкі малебен пачынаўся ў Свята-Успенскім саборы ў 5 гадзін раніцы. Затым – літургія, доўгачаканыя для многіх з нас споведзь і прыняцце Святых Божых Таямніц.
Пра Пскова-Пячэрскі манастыр варта расказаць. На жаль, сцісла. Паўнавартасная экскурсія па манастыры ў праграму паломніцкай паездкі не ўваходзіла, таму асабіста мне востра не хапала інфармацыі. Давялося па кроплі здабываць патрэбныя звесткі з даступных крыніц.
Афіцыйна пачаткам уладкавання Пскова-Пячэрскага манастыра лічыцца дзень асвячэння Успенскага сабора 15/28 жніўня 1473 года. Хаця гісторыя абіцелі пачынаецца на стагоддзе раней. У ХІV стагоддзі на месцы манастыра рос непраходны лес, парэзаны глыбокімі равамі з празрыстымі рэчкамі, у якіх вадзілася рыба. Шмат было і рознай дзічы. Аднойчы сямейства паляўнічых па прозвішчы Селішы са Старога Ізборска, прыйшоўшы на гару над глыбокім паўнаводным ручаём Камянец, у поўдзень пачула цудоўныя спевы. “Анёлы спяваюць!” – вырашылі паляўнічыя і паспяшаліся з гэтай навіной да сваіх суграмадзян. Ізбарчане выкупілі гэтыя землі ў пскавічан і падзялілі паміж сабой. Участак з глыбокім ровам дастаўся селяніну Івану Дзяменцьеву, які пабудаваў там сабе хату і паклаў пачатак паселішчу Пачкоўка, якое і зараз месціцца побач з манастыром. Аднойчы ў 1392 годзе Іван Дзяменцьеў прыйшоў на бераг рова і ссёк вялікае дрэва, якое, падаючы, вырвала з коранем яшчэ некалькі. Пад карэннямі выявіўся ўваход. Над ім быў надпіс “Богам створаная пячора”. Там жылі і адпраўлялі богаслужэнні пустыннікі, паводле падання – манахі з Кіева-Пячэрскай Лаўры.
У другой палове ХV стагоддзя да Богам створаных пячор прыйшоў святар Іаан Шэстнік з матушкай Марыяй і двума сынамі. Ён пасяліўся ў састарэлага селяніна Івана Дзяменцьева і неўзабаве абуладкаваў у гары царкву. Папрасіў пскоўскіх прэсвітараў асвяціць новы храм у гонар Успення Прасвятой Багародзіцы, але тыя адмовіліся – вельмі ўжо незвычайны ён быў: пясчаныя сцены і столь. Тады айцец Іаан звярнуўся да архіепіскапа Наўгародскага і Пскоўскага Феафіла і атрымаў блаславенне на асвячэнне новай царквы.
Зараз гэта велічны сабор, з прыгожым фасадам у два паверхі, па пяць акон на кожным, двума ўваходамі. Галоўны вянчае ікона Кіева-Пячэрскай Божай Маці. На схіле даху – пяць сініх з золатам галоў-купалаў з крыжамі. Яны бачныя далёка на падыходзе да манастыра. Перад саборам – шырокая пляцоўка, а яшчэ ніжэй – каплічка-калодзеж са святой вадой, гаючай пры хваробах вачэй.
Дзіўнай прыгажосці ўнутранае ўбранства сабора. На вялікі жаль, унутры храма забаронена фатаграфаваць, а слоўнае апісанне не можа даць поўнага ўяўлення аб багатай пазалоце алтароў галоўнага і бакавых прыдзелаў. Перад імі застываеш у захапленні ад невыказнага хараства. У храме цудоўная акустыка, нягучны ўнісонны спеў манашага хору на літургіі добра чутны ва ўсіх куточках. Галоўная святыня – абраз Успення Маці Божай у старадаўнім залатым акладзе. Пасмяротны саван Багародзіцы выглядае нібыта звязаны ўручную з залатых ніцей. Абраз абвешаны доўгім ланцужком залатых упрыгожанняў – пярсцёнкаў, завушніц, крыжыкаў, караляў з каштоўных камянёў і жамчужын. Гэта дарункі ад людзей, якія па малітвах Багародзіцы атрымалі збавенне ад хвароб і жыццёвых нягод. Колькі ж няшчасных выцягнула з бяды Нябесная Заступніца і Апякунка! І колькі яшчэ паломнікаў прасілі ў Яе дапамогі ў гэты дзень...
Манастырскія богаслужэнні доўгія, але час прабег хутка. Малітоўнікі рассяродзіліся – свяшчэннікі спавядалі вернікаў і затым прычашчалі Святых Божых таямніц як унутры храма, так і перад уваходам у яго. У людскім ручайку раптам заўважаю знаёмую постаць айца Вячаслава Шасціткі – нядаўняга настаяцеля храма святога Іліі вёскі Альхоўка, а зараз – свяшчэнніка манастыра ў Гродне. Вось дык сустрэча за тры-дзевяць зямель ад радзімы! Аказваецца, айцец Вячаслаў з групай паломнікаў наведвае святыні Пскоўшчыны і Пскова-Пячэрскі манастыр абмінуць не мог.
Услед за нашай групай гродзенцы праходзяць у пячоры. Экскурсію праводзіць не прафесіянальны гід, а адзін са святароў манастыра. Яго аповед скупы і кароткі – а так хацелася даведацца больш пра людзей, што знайшлі тут вечнае супакаенне. Прачытаць надпісы на надгробных плітах складана – большасць іх на царкоўна-славянскай мове. Затрымлівацца не выпадае – адстанеш ад групы. Ды і свечка можа патухнуць... Зрэшты, я ўсё ж затрымалася каля экскурсантаў, якім гід расказваў, як у гады Вялікай Айчыннай вайны настаяцелі і насельнікі манастыра дапамагалі партызанам, савецкім ваеннапалонным, састарэлым. Настаяцелю ігумену Паўлу Гаршкову ўдавалася дамаўляцца з нямецкімі ўладамі і перадаваць у горад, а таксама ў лагер ваеннапалонных сабраныя прыхаджанамі і насельнікамі манастыра прадукты харчавання. Гэта стала падставай для абвінавачвання ігумена ў пасобніцтве фашыстам і арышту яго ў канцы вайны. Увогуле, тады ў Пскова-Пячэрскім манастыры складвалася сітуацыя, падобная Валаамскаму, калі ў 1940 годзе, ратуючы свае святыні, яго брація па лёдзе Ладажскага возера сышла ў Фінляндыю. Пскова-Пячэрская брація стаяла перад выбарам: пайсці з усімі святынямі ў Эстонію або застацца на волю Божую на месцы. Узважыўшы ўсе акалічнасці, манахі начале з ігуменам Паўлам вырашылі не здраджваць абіцелі. Праўда, каштоўнасці зберагчы не ўдалося – нямецкія ўлады са згоды Прыбалтыйскага экзарха Сергія забралі і вывезлі ў Германію бясцэнныя скарбы манастырскай рызніцы – нібыта для захавання. У 1971 годзе гэтыя каштоўнасці былі выяўлены ў ФРГ і праз два гады вернуты манастыру. На жаль, не ў поўным аб’ёме.
У свята Благавешчання Прасвятой Багародзіцы 7 красавіка 1997 года манастыр атрымаў даведку аб рэабілітацыі ігумена Паўла Гаршкова.
Заслухаўшыся маладога, бойкага экскурсавода, я адстала ад сваіх і ... заблудзілася. Ды неўзабаве далучылася да іншай групы і выйшла наверх.
Пасля трапезы ў нас была гадзіна часу пахадзіць па тэрыторыі абіцелі самастойна, і я паспяшалася да святой крыніцы. Папіла сцюдзёнай, смачнай вады, набрала бутэльку ў дарогу. Зазірнула ў два храмы – Благавешчання Багародзіцы і Міхайлаўскі, паставіла свечкі за здароўе блізкіх людзей. Яшчэ зусім нядаўна па гэтых каменных манастырскіх дарожках хадзіў вялікі праведнік сучаснасці, праваслаўны пісьменнік, празорлівы старац архімандрыт Іаан (Крэсцьянкін). З розных куточкаў вялікай краіны ішлі да яго багамольцы па параду і малітоўную падтрымку. Нават у вельмі паважаным узросце (старац Іаан адышоў да Госпада ў 2006 годзе на 96-м годзе жыцця) ён спраўна служыў усе манастырскія богаслужэнні, прымаў у сваёй келлі дзясяткі паломнікаў і кожнага цярпліва выслухоўваў...
Спякотным полуднем пакідаем Пячоры, аблашчаныя шчодрай благадаццю абіцелі. Дарога зноў вядзе нас да прападобнай Еўфрасінні, ігуменні Полацкай. У храме яе імя ўзнясем вячэрнія малітвы, а назаўтра – і ранішнія. Тут прадугледжана экскурсія, і група, сабраўшыся пасля літургіі ў цяньку, цярпліва чакае экскурсавода. З гідам нам пашанцавала: маладзенькая дзяўчына не проста дасканала ведае гісторыю Спаса-Еўфрасіннеўскай абіцелі, а ганарыцца сваёй дачыненасцю да гэтых святых мясцін. Па нядзелях у старадаўні, пабудаваны ігуменняй Еўфрасінняй храм Хрыста Спаса выносіцца вялікая святыня – адноўлены Крыж-каўчэг. І адразу выцягваецца доўгая чарга паклоннікаў. Па благаславенні настаяцельніцы манастыра ігуменні Еўдакіі нам шчасціць не толькі прыкласціся да святыні, але і ўзняцца па крутых прыступках у келлю прападобнай Еўфрасінні. З малітвай прылягаем па чарзе на вузенькі каменны выступ у сцяне, што служыў ёй ложкам. І ва ўсіх перастаюць балець хворыя і стомленыя за дарогу спіны і ногі. Прападобная Еўфрасіння явіла свой цуд!



--------------------------

Таіса СЯМЁНАВА,

фота аўтара.