На Вялікдзень дом Пляўгаў з Шадзюн поўніцца дзіцячымі галасамі, шчырымі пажаданнямі і віншаваннямі

15:00 / 31.03.2024


На Вялікдзень дом Гендрыка і Галіны Пляўгаў з невялічкай вёскі Шадзюны поўніцца дзіцячымі галасамі, шчырымі пажаданнямі і віншаваннямі з галоўным хрысціянскім святам. Па завядзёнцы да бацькоў прыяз­джаюць тры дачушкі з сем’ямі. Традыцыі, якія перадаюць Пляўгі з пакалення ў пакаленне, трапятліва захоўваюцца і зараз. Верыцца, што і ўнукі – а іх у Гендрыка Альфонсавіча і Галіны Тадэвушаўны ўжо васьмёра – пераймуць ад бабулі і дзядулі ўсё самае лепшае, добрае і светлае…

…Не паспела рэдакцыйная машына спыніцца ля парога вялікага дагледжанага і гасціннага дома, гаспадары ўжо надчэквалі. Я не была асабіста знаёма з гэтай сямейнай парай, але ведала іх дачок як цудоўных маці і жонак, моцных педагогаў, якіх любяць дзеці ў школе, і проста інтэлігентных жанчын.
Забягаючы наперад скажу: зразумела, у чым справа, хоць, вядома, універсальнага рэцэпту выхавання няма. Гледзячы на светлых, як знешне, так і ўнутрана, мужа з жонкай, слухаючы іх прыемную размераную гаворку, злавіла сябе на думцы, што ніякіх сакрэтаў няма, галоўнае – быць прыкладам для сваіх дзяцей, гадаваць іх у любові, веры, чалавечнасці. Гэтыя якасці яны некалі абавязкова перанясуць у свае сем’і і, нягледзячы на абставіны, адлегласць, занятасць, усё адно кіруючыся святлом бацькоўскага дома, як пуцяводнай зоркай, будуць частымі гасцямі ў хаціне, дзе было шчаслівым іх маленства…

 – З Генам 44 гады разам. Спачатку жылі ў «шан­хаі» (так мясцовыя называюць шматкватэрныя двух­павярхоўкі), але хацелася мець свой куток. Купілі невялічкую хацінку на два пакоі. У тым канцы жыла адна бабуля, – паказваючы рукой, расказвае жанчына. – Не родная нам, але мы яе дагледзелі, пахавалі, свой невялікі канец яна нам апісала. Пазней ужо дабудавалі і давялі жыллё да толку. 
Пакуль Галіна Тадэвушаўна ўзгадвала пачатак іх сямейнага жыцця, Гендрык Альфонсавіч увесь час не зводзіў з яе вачэй. Адзін толькі гэты позірк больш вымоўны за дзясяткі слоў – па ўсім бачна, што муж і жонка змаглі праз жыццё пранесці трапяткія пачуцці і павагу адзін да аднаго. 

 Нітачку размовы падхапіў мужчына:

 – Я мясцовы. Галя з Ясеня. Пазнаёміліся ў Кеме­лішках. Пасля Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі вярнуўся працаваць інжынерам у саўгас. З хлопцамі часам хадзілі падсілкавацца ў мясцовы буфет, тут згледзеў сваю прыгажуню, – успомніў мужчына. 

 – А дакладней – твой брат, – жанчына паправіла мужа. – Пасля гродзенскага вучылішча мяне накіравалі сюды ад райспажыўтаварыства. Ён табе ж і сказаў: «Гена, твая дзяўчына!» Пазней распісаліся, шлюб узялі, калі мне было 19. Праз год нарадзілася Лена, праз тры – Наташа, праз чатыры – Аксана. 
Кажуць, калі Бог хоча зрабіць жанчыне камплі­мент, ён пасылае ёй дачку. У гэтым сэнсе Галіне Тадэвушаўне пашчасціла тройчы. 

 – Як мы гадаваліся, касцёлы былі закрытымі. Нашы дзеці ўжо хадзілі ў храм. Старэйшую мы хрысцілі ў Гервятах. Нехта далажыў Генаваму начальству, а ён жа ў партыі быў. Мелі тады нерваў, нават запіс у працоўнай кніжцы мужу зрабілі – але Бог мілаваў: далей гэтага справа не пайшла. Наташу і Аксану ахрысцілі ў Пабрадзях. Дзяўчаты спраўна ў касцёл хадзілі, у пастаноўках розных ўдзельнічалі. Пры ксяндзы Чухоньскім столькі дзяцей першую камунію прымала, што цяпер і паверыць цяжка. Малітвам дачок навучыла мая мама, – успамінае Галіна Тадэвушаўна. – І ў школе дзяўчаты добра вучыліся. Праўда, калі патрэбна была дапамога з матэматыкай – за гэта адказваў Гена, я больш па сачыненнях. Кемлівыя раслі, разумныя – нічога не скажу. Хоць гадаваць цяжка было: на работу хадзіла, гаспадарку вялікую трымалі. Потым мае бацькі пераехалі з Падольцаў у Шадзюны, непадалёк хатку купілі, лягчэй стала. 

І ў радасці, і ў горы, і ў працы – Пляўгі заўсёды былі разам. Калі старэйшыя Алена і Наталля вучыліся ва ўніверсітэце, моцна захварэў іх тата. Нават імшы замаўлялі ў касцёле, але, з Божай дапамогай і падтрымкай адзін аднаго, справіліся. 

 – Усе дзяўчаты на настаўніц вывучыліся: старэйшая – рускі філолаг, сярэдняя – беларускі, а малодшая – гісторык. З першай спробы паступілі, самі, без грошай. Відаць, і тут не без Божай ласкі абышлося, – працягвае жанчына. – Хутка выраслі і свае сем’і стварылі. Зяці ў нас усе як адзін талковыя і харошыя. У старэйшай і малодшай па трое дзетак, у сярэдняй – двое. Не бывае нядзелі, каб хтосьці да нас не прыехаў. І сваіх дзяўчат заўсёды вучу, каб туліліся адна да адной. Сям’я і блізкія – самае галоўнае ў жыцці. 
Як і ў большасці сямей, да Вялікадня Пляўгі рыхтуюцца загадзя. Наводзяць парадак дома і ля яго, не забываюць і пра душу: абавязкова спавядаюцца перад святам на рэкалекцыях. 


– А яшчэ для мяне важна пабяліць усе дрэвы і пад­муроўку – тады гэта Вялікдзень, – прызнаецца жанчына. 

– І сёлета будзем? – далучаецца да размовы Генд­рык Альфонсавіч. 

 – Куды ж мы дзенемся, – з усмешкай працягвае жанчына. – І яйкі фарбаваць таксама. Спрабавала магазіннымі фарбамі рабіць жоўтыя, зялёныя, сінія, але не спадабалася. Люблю, як некалі мая маці і бабуля, фарбаваць у адвары цыбулевага шалупіння. Папярэдне да кожнага яечка жывыя лісцікі прыкладаю, марляй абвязваю – атрымліваецца непаўторны ўзор. Памятаю, сама ў дзяцінстве хадзіла ў жакі. У мяне была такая прыгожая з ручкамі чырвоная сумка, што астатнія дзяўчаты зайздросцілі. 

 – А мы па Кемелішках цэлымі гуртамі хадзілі – шмат тады людзей было ў вёсцы, – згадаў жакі дзяцінства Гендрык Альфонсавіч. 

 – У суботу збяру ежу, якую будзем свенціць. У кошычак абавязкова пакладу сметанковае масла, хлеб, вэнджанае мяса, соль, ваду, куліч. І буду рыхтаваць ежу на святочны стол. Дамовіліся з дзяўчатамі, каб нічога не везлі: некалькі гарачых, салаты, кручаныя рулеты з курыцы – усё прыгатую сама. Хоць і яны ніколі з пустымі рукамі не прыязджаюць: садавіна, цукеркі, торты і іншыя слодычы…

– А чаму пра булкі свае не сказала? – мужчына запытальна паглядзеў на жонку. – Такія ж яны ў цябе смачныя і пульхныя, нібыта з ваты, выходзяць! Ні ў адным магазіне такіх не адшукаеш. 

– Дык што, толькі цяпер навучылася пячы? – у адказ пажартавала жанчына. – У маладосці сапраўды часу не ставала за гаспадаркай і работай. А цяпер, каб толькі здароўе было, – жыві і радуйся! 
У канцы нашай размовы ў сямейнай пары запытала, што яны пажадаюць кожнаму, хто ў нядзелю будзе вітаць уваскрэслага Хрыста. 

 – Здароўя, любові, веры. Верыць трэба, бо так рабілі нашы бацькі і дзяды. Хоць мы не ўсё разумелі (многае пра літургію, касцёльныя святы мне цяпер тлумачыць Наташа), мы жылі па Божых запаветах, – на развітанне сказала жанчына. – Беражыце адзін аднаго і туліцеся да сям’і. 

 – Вясёлых свят! Алелюя! – завяршыў нашу гутарку мужчына. 

Успаміны з дзяцінства

Алена Сільвановіч

 – Памятаю, Вялікдзень святкавалі з бабуляй, яе братам і яго сям’ёй, яго сватамі. Цікава, што іх прозвішча было Курніцкія і жылі яны на хутары Курніцкі. Мы з сёстрамі хадзілі ў жакі не толькі па нашай вёсцы, але завітвалі па яйко і да родзічаў у Кемелішкі. Голас стрыечнага дзядулі запомніла на ўсё жыццё. І дарослыя, і малыя дзяліліся свянцонкай, потым частаваліся іншымі прысмакамі, што былі на велікодным стале. Праз гадзіну-другую моцным барытонам Эдмунд заводзіў: «Вясёлы нам цяпер  дзень настаў!» Памятаю, дух захоплівала ад яго моцнага голасу. 
А яшчэ ўзгадаліся фарбаваныя мамай адмысловым чынам яйкі. Цяпер і мае тры дачушкі просяцца перад святам да дзядулі і бабулі, каб дапамагчы ў гэтай справе. 

Наталля Адула:

 – Вялікдзень займае важнае месца ў маім жыцці з маленства. Мне здаецца, што з самага дзяцінства, калі яшчэ нармальна і не разумела сэнс свята, яно было нейкім таямнічым, вельмі значным для маёй сям’і. Напэўна, я і сёстры гэта адчувалі, дзякуючы бацькам і бабулям. Мы бачылі, як яны старанна рыхтаваліся да Вялікадня. У суботу дружна з мамай фарбавалі яйкі. Упрыгожвалі лісточкамі, закручвалі ў кавалкі панчохі і толькі тады апускалі ў ваду. Атрымліваліся сапраўдныя прыродныя ўзоры, якія не паўтараліся. Гэту традыцыю мы перанялі і ў свае сем’і. 
Памятаю, як у суботу складалі ў кошычак ежу, неслі яе ў храм на асвячэнне. А ў нядзельку пасля касцёла снедалі і, узяўшы прыгожыя кошычкі, хадзілі па сусе­дзях. Усе частавалі нас, дзяцей, рознымі прысмакамі. А дома мы з дарослымі біліся яйкамі, высвятлялі, чыё мацнейшае. Нават ведалі пэўныя сакрэты: якім бокам лепш ударыць, каб яйко засталося цэлым. А суседзі прыходзілі і пад вокнамі заводзілі «Алелюя».
 І, колькі сябе памятаю, мы заўсёды хадзілі ў касцёл. Таму любое рэлігійнае свята сустракалі і стараемся сустракаць з Богам.

Аксана Якубцэвіч:

 – Да свята рыхтаваліся загадзя – і не за тыдзень, а за два, а то і больш. Запомнілася, што вэндзілі мяса і каўбасы – які пах разносіўся па наваколлі! – у спецыяльным прыстасаванні, якое знаходзілася па-суседстве ў бабулі. Раніцай у нядзелю абавязкова ішлі ў касцёл, а потым – у жакі. Хоць наша вёска і ў пару майго дзяцінства была невялікай, тым не менш, людзі не адпускалі нас з сёстрамі без фарбаваных яек, цукерак, булак. Суседзі спявалі «Алелюя» – іх таксама частавалі.
Ведаю з расповедаў мамы, што, калі яна была маленькая, яны з братам з самага ранку чакалі, пакуль дарослыя вернуцца з касцёла. Да таго часу, пакуль не з’ядуць свянцонку, нічога нельга было ўжываць у ежу. Бацькі іх страшылі, што нават калі сцягнуць хоць невялікі кавалак булкі, будуць пад карытам сядзець. Нас з сёстрамі, канешне, такімі байкамі ўжо не палохалі.
Не толькі для мяне, але і для сясцёр збірацца на свята ў бацькоўскай хаце – адна з самых любімых і цудоўных традыцый.

…З самай раніцы ў нядзелю Гендрык і Галіна, стоячы на верандзе, будуць выглядаць, калі ля іх дома адна за адной спыняцца некалькі машын. Вялікім і дружным гуртам унукі з усіх ног пабягуць да бабулі з дзядулем – і ўся вялікая і дружная сям’я збярэцца за велікодным сталом у бацькоўскім доме.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич, из архива героев