Крыж ля ўезда ў Кярняны зрабіў Іван Рубель

20:00 / 16.04.2024



Здаўна ў Беларусі, у тым ліку і на Астравеччыне, захавалася традыцыя на ростанях ставіць крыжы. Яе трапяліва зберагалі нашы продкі і даглядалі гэтыя сакральныя месцы, робяць гэта і іх нашчадкі. Па тым, які крыж: дагледжаны, ўпрыгожаны ці пахілены ад старасці, можна здагадацца пра лёс вёсачкі, на ўездзе якой ён усталяваны…

Жыхар вёскі Кярняны Іван Рубель самастойна і за ўласныя сродкі зрабіў металічны крыж, усталяваць і ўмацаваць які дапамагалі іншыя аднавяскоўцы.

У сваёй добрай справе нічога звышнатуральнага Іван Рубель не бачыць.


– Калісьці старажылы вёскі гэта рабілі: светлай памяці дзядзькі Франак, Уладак і іншыя, да гэтага – іх бацькі. Цяпер настала наша пара, а потым – нашых дзяцей і ўнукаў. Так і павінна быць, бо ў Кярнянах заўсёды жылі працалюбівыя і веруючыя людзі, – лічыць мужчына. – Крыж зрабіў літаральна за тыдзень. Нібыта крылы за спінай былі, працавалася на адным дыханні. Яніна Адольфаўна дала фігуру Езуса, якая ёй засталася ў спадчыну ад свекрыві. Мужчыны дапамаглі выкапаць яміну, умацаваць крыж цэментным растворам, жанчыны навялі парадак, кветкі прынеслі – словам, шчыравалі усёй вёскай.

…Падчас асвячэння страў на велікодны стол, святар акрапіў вадой і зроблены працавітымі рукамі Івана Рубеля крыж, як і ўсіх вяскоўцаў, іх дзяцей і ўнукаў.

Верыцца, што новы металічны крыж на ўездзе ў вёску шмат гадоў будзе служыць кожнаму, хто праз яе праязджае, напамінам, што спрадвеку ў Кярнянах жывуць працавітыя і веруючыя людзі. 


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич