Копия иконы Божьей Матери "Всецарица" выставлена в храме святых апостолов Петра и Павла

09:35 / 20.08.2012

З 19 па 26 жніўня ў храме святых апосталаў Пятра і Паўла г. Астравец будзе знаходзіцца копія іконы Божай Маці “Усецарыца”, напісаная на Святой Гары Афон манахамі Ватапедскай абіцелі.



Храм будзе адчынены для пакланення і малітвы кожны дзень з 14.00 да 19.00


Цудатворная ікона Божай Маці, названая “Усецарыца” (па-грэчаску – “Пантанасса”) знаходзіцца на Святой Гары Афон у Грэцыі ў саборным храме Ватапедскай абіцелі, злева ад Царскіх варот. Гэты абраз, невялікі па памерах, напісаны ў ХVІІ стагоддзі і, паводле падання, быў благаславеннем вядомага на Афоне старца Іосіфа Ісіхаста сваім вучням. На іконе адлюстравана Прачыстая Дзева ў барвовым адзенні, Яна сядзіць на царскім троне. На руках Яе – Богадзіцятка са світкам ў левай руцэ і бласлаўляючай дзясніцай. Правай рукой Багародзіца ўказвае на Свайго Царственнага Сына, як на Збавіцеля ўсіх людзей. На заднім плане – два анёлы, якія з благагавеннем асяняюць крыламі Прачыстую Дзеву.
Паводле старадаўняга манастырскага падання, аднойчы да іконы падышоў юнак і прыняўся нешта незразумела мармытаць. Раптам твар Маці Божай заззяў дзіўным святлом, нейкая нябачная сіла адкінула маладога чалавека, і ён упаў на зямлю. Падняўшыся, ён у спалоху падбег да старцаў-інакаў і са страхам прызнаўся ім, што вёў грэшнае жыццё, займаўся вядзьмарствам і прыйшоў у манастыр, каб праверыць сілу сваёй магіі на святых іконах. Цуд, што адбыўся перад абразам Прасвятой Багародзіцы, назаўсёды адвярнуў юнака ад чарадзейства, накіраваў яго на шлях пакаяння і вярнуў да набожнага жыцця.
Цудатворны абраз Маці Божай “Усецарыца” ўшаноўваецца як на Афоне, так і далёка за яго межамі. Само імя іконы – Усе-Спадарыня, Усе-Уладарка – гаворыць аб яе асаблівай, усеабдымнай сіле. Праявіўшы сваю цудадзейную сілу ўпершыню супраць вядзьмарства, “Усецарыца” мае і благадаць вылечвання хворых на рак – страшнейшую з хвароб сучаснага чалавецтва (а распаўсюджванне захаплення магіяй, акультызмам, чарадзействам па хрысціянскім свеце можнае параўнаць з паражэннем чалавечага арганізма злаякаснай пухлінай).
Цудадзейную сілу маюць і копіі іконы “Усецарыца”.
Запрашаем усіх астраўчан пакланіцца святыні.


Іерэй Георгій САВІЦКІ, настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла г. Астравец.