Малі Бога за нас, Матронушка!

15:06 / 22.12.2011

На працягу тыдня астраўчане – як праваслаўныя, так і католікі – прыходзілі ў храм святых апосталаў Пятра і Паўла пакланіцца абразу святой блажэннай Матроны Маскоўскай з часцінкай яе нятленных мошчаў.


Хто меў дома іконку блажэннай – браў з сабой, хто не меў – набывалі ў храме і з малітвай прыкладвалі да цудатворнага абраза, прасілі аб дапамозе, збаўленні ад цяжкай хваробы і атрымлівалі часцінку Божай благадаці, якой была надзелена і шчодра аддавала сваім наведвальнікам Матронушка пры жыцці і працягвае адорваць пасля смерці. Яна не адмаўляла ў малітвеннай дапамозе нікому, хто прыходзіў за парадай і падтрымкай, каб потым скіраваць іх на дабро. У натоўпе наведвальнікаў часам бывалі людзі іншай веры, і для іх у Матроны знаходзіліся словы суцяшэння.
Асабліва многа астраўчан было ў царкве ў суботу і нядзелю. У адзіным малітоўным парыве людзі кланяліся Матронушцы і пакідалі храм, аб’яднаныя надзеяй на дапамогу блажэннай у іх жыццёвых турботах. Няхай жа кожны дачакаецца цуду ад святой малітвенніцы і памочніцы ў справах людскіх.


Таіса СЯМЁНАВА, фота аўтара.