14 кастрычніка праваслаўныя хрысціяне адзначаюць свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы

08:10 / 14.10.2011

Гэта адно з самых любімых і шануемых у народзе свят, прысвечаных Маці Божай, хаця і не двунадзесятае. Спраўляць яго сталі не адразу, а амаль праз тысячу гадоў пасля дабравествавання Хрыста.


У 910 годзе пры імператары Льве 6-м Мудрым (+912) на Канстанцінопаль напалі арабы. Сілы нападаўшых значна пераўзыходзілі абаронцаў. Небяспека была смяротная, і заставаўся адзін сродак уратавання – абарона Прачыстай Дзевы. Абаронцы горада, змучаныя асадай, сабраліся ў Влахернскай царкве і падчас Божай Літургіі са слязамі на вачах сталі прасіць Маці Божую аб дапамозе.
У храме знаходзіўся святы Андрэй юродзівы, які ўбачыў Прачыстую Дзеву, што ішла па паветры. Багародзіца ззяла нябесным святлом і была акружана анёламі і сонмам святых. Яе суправаджалі святы Іаан Прадцеча і апостал Іаан Багаслоў. Схіліўшыся, Багародзіца са слязамі пачала маліцца аб збаўленні хрысціян ад варожага нашэсця. Падышоўшы да Прастола, яна прадоўжыла маленне, затым зняла са Сваёй галавы пакрывала і распрасцёрла яго над людзьмі, што маліліся ў храме. Гэтае пакрывала зіхацела ў Яе руках ярчэй, чым промні сонца. Святы Андрэй са страхам і трымценнем глядзеў на гэтае бажэсцвеннае відовішча. Ён спытаў свайго вучня, што стаяў побач, блажэннага Епіфанія: “Ці бачыш ты, брат, Царыцу і Гаспажу, якая моліцца аб усім свеце?” Той адказаў: “Бачу, святы айцец, і зжахаюся”.
Святыя Андрэй і Епіфаній, якія ўдастоіліся бачыць Маці Божую за малітвай, доўгі час глядзелі над распрасцёртае перад народам пакрывала і на бліскучую, нібыта маланка, Славу Гасподню. І да таго часу, пакуль знаходзілася ў храме Прасвятая Багародзіца, было бачна пакрывала, а пасля адыходу Яе стала яно нябачным. Але ўзяўшы яго з сабой, Царыца Нябесная захавала падораную людзям благадаць. Заступніцтвам Прачыстай Дзевы вораг быў адагнаны ад сцен Канстанцінопаля, а ў народзе назаўсёды захавалася памяць аб дзіўным з’яўленні Маці Божай.
У славянскіх краінах гэтае свята вельмі шануецца. Яно было ўстаноўлена ўжо ў ХІІ стагоддзі стараннямі святога князя Андрэя Багалюбскага. У гонар свята Пакрова Маці Божай асвечана шмат храмаў. У 1165 годзе паблізу града Уладзіміра пабудаваны сусветна вядомы шэдэўр старажытнарускага дойлідства храм Пакрова на Нерлі. Другі славуты сабор у гонар Пакрова знаходзіцца ў цэнтры Масквы на Краснай плошчы – храм Васілія Блажэннага. І гэты спіс можна прадоўжыць.
У гэты дзень Святая Царква моліцца сваёй усеблагой Заступніцы: “Пакрый нас часным Тваім амафорам і збаў нас ад усялякага зла...” Дай Бог, каб амафор Маці Божай заўсёды быў над намі і абараняў нас ад бед і непрыемнасцяў, але гэтаму павінна папярэднічаць наша малітва.
Віншую ўсіх са светлым праяўленнем асаблівай любві Маці Божай да ўсіх нас!


Благачынны Астравецкай благачыннай акругі, настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла іерэй Георгій САВІЦКІ.