У Астравецкага касцёла Узнясення Святога Крыжа з'явіўся святар

07:22 / 08.09.2011
12

Ёсць на свеце цуды! Чым жа інакш можна патлумачыць, што менавіта ў 2011-ым (роўна сто гадоў назад быў высвенчаны Астравецкі касцёл Узнясення Святога Крыжа) ў храме НАРЭШЦЕ з’явіўся святар?!


Яго пачалі будаваць таму, што царскія ўлады зачынілі касцёл святых Казьмы і Дам’яна, ператварыўшы яго ў царкву. Па ўспамінах былой жыхаркі пасёлка Францішкі Казіміраўны Букель, запісаных больш дзесяці гадоў таму, па дварах парафіі збіралі яйкі, якія потым выкарыстоўваліся падчас прыгатавання раствору для кладкі цэглы.
Храм атрымаўся радасным. Можа, таму, што арыентаваны на поўдзень, і ў яго гатычных вокнах заўсёды жывуць промні сонца? Ці таму, што сцены пафарбаваны ў цнатліва белы колер. Нядаўна пафарбаваны…
Многія жыхары Астраўца памятаюць, як адна з першых (першая?) з адноўленых пасля атэістычных забаронаў савецкіх часоў працэсія вернікаў закончылася ля ўваходных дзвярэй касцёла Узнясення Святога Крыжа. Дакладней, ля склада спажывецкіх тавараў. Чорнага і страшнага ў сваёй закінутасці. З адсырэлымі, пакрытымі слоем куродыму сценамі, выбітымі вокнамі і дзіравым дахам. Дзесяцігоддзямі ўнутр святыні заязджалі грузавікі. Дзесяцігоддзямі ніхто не перахрышчваў лоб, пераступаючы яго парог…
А потым пасыпаліся цуды: храм аддалі вернікам; Бог прыслаў у парафію маладога ксяндза Казіміра, які разам са старым майстрам узяўся сам перакрываць дах храма…
Памятаеце ажыўленне, якое панавала ў цэнтральным касцёле ў той час? Усё было так адкрыта і зразумела. У канцы нядзельнай імшы ксёндз Казімір кожны раз даваў справаздачу: колькі сабралі грошай, што набылі за іх, колькі засталося і колькі трэба яшчэ, каб закончыць наступную ступень аднаўлення касцёла. Людзі прыносілі грошы з радасцю, таму што ведалі і ўвачавідкі бачылі: за іх сродкі робіцца вялікая цудоўная справа…
Нарэшце храм быў адноўлены і нанова асвенчаны. Ну не стаяць жа яму без справы?! Тым больш, што дзесяцітысячная парафія святых Казьмы і Дам’яна даўно перастала ўмяшчаць у недагледжаных сценах свайго касцёла жадаючых памаліцца. Прынамсі, па вялікіх святах частка вернікаў была вымушана маліцца на вуліцы.
Просьбу людзей задаволілі – біскуп падзяліў вялізную Астравецкую парафію на дзве часткі. І новаствораная парафія Узнясення Святога Крыжа стала з нецярпеннем чакаць прыбыцця свайго пастара.
Але адна вясна змяняла другую – безвынікова. Самыя неабыякавыя не сядзелі, склаўшы рукі – стукаліся ва ўсе дзверы. Тлумачылі. Прасілі. Даказвалі. На нейкім этапе пачаў згасаць і іх энтузіазм.
І вось радасная навіна: у касцёл прыслалі пробашча!!!






Увядзенне ў храм новапрыбыўшага пробашча адбылося ў мінулую нядзелю. Ці трэба казаць, што праславутаму яблыку ў гэты дзень упасці не ўдалося б – людзей было, як на Вялікдзень. І сонца біла ў вокны храма весела і ярка, яшчэ больш рассвятляючы яго прастору. І на тварах людзей чыталася столькі радаснага нецярпення: няўжо скончыцца нарэшце той застой і закінутасць, што назіраюцца ў парафіяльным жыцці не адзін год? Касцёл гудзеў, бы растрывожаны вулей…
І раптам сціх: на паўслове спыніліся размовы, абарваліся кашлі, зніякавелі рухі, зніклі шолахі. Ад першага ж гуку электрааргана…
Ойча наш! Ты нарэшце пачуў нашы малітвы! Ты ж ведаеш – бачыш, якія прыгожыя і дагледжаныя (за рэдкім, бадай што адзіным, выключэннем) на Астравеччыне храмы. Колькі кветак і прыгожых дрэў красуецца вакол і ўнутры іх. А музыкі ў нашых храмах няма. Не, мы стараемся – славім Тваё Імя, як можам, акапэльнымі спевамі, але галасы нашы слабыя…
“О, Пане! Гэта Ты спыніў свой позірк на мне. Твае Вусны сёння вымавілі маё імя…” – словы знакамітай “Баркі”, любімай песні Святога Айца тысячагоддзя – Яна Паўла ІІ і мільёнаў вернікаў, загучалі ў такім выкананні, што…
Ну, не магу я звычайнымі словамі рассказаць пра голас выканаўцы – тут патрэбны гукі. Магутныя. Поўныя светлага суму. Усюдыпранікальныя. Гарманічныя да вышэйшай мяжы. Накладзеныя на прафесійны акампанемент на электрааргане.
Чамусьці людскія вочы не кідаліся, як гэта звычайна бывае, па касцёлу ў жаданні ўбачыць незнаёмага арганіста – людзі глядзелі на алтар, на якім ужо палалі свечкі, і плакалі…
Новага пробашча прадставіў пастве дэкан Астравецкага дэканату ксёндз Здзіслаў Пікула.
Ксёндз Андрэй Горбач нарадзіўся і вырас у Іўі. Скончыў вышэйшую духоўную семінарыю, працаваў у розных месцах. Апошнія дзевяць гадоў – у Радуні. Атрымаў ад біскупа некалькі прапаноў, у ліку якіх “крутыя” парафіі ў Гродне і Лідзе. А выбраў… Астравец. Як сам сказаў, таму што так, відаць, хацеў Бог. А яшчэ таму, што ў Астравецкім дэканаце жыве і працуе яго любімы настаўнік, які ў ім, тады яшчэ маленькім хлопчыку, разгледзеў і дапамог развіць талент святара…
–Хто гэта? Хто такі? – загуляла па касцёле.
– Ксёндз Леанід Нясцюк, – адказаў пробашч.
Парафія ўзлікавала: будзе парадак, будзе – у такога яркага святара, як ксёндз Леанід, не можа быць недастойных вучняў!
І пробашч, і паства падчас першага знаёмства моцна хваляваліся. Але літургія расставіла ўсё па сваіх месцах. Ды і Боская музыка арганіста Андрэя Міхневіча, якога, як высветлілася, запрасіў у парафію святар Андрэй Горбач (парафіяне моцна спадзяюцца: на пастаянную прапіску абодвух!), несла ў сэрцы радасць і супакой. Так што казанне пробашч гаварыў ужо цалкам свабодна. У адпаведнасці з прыпадаючымі на гэты дзень радкамі Евангелля ксёндз Андрэй разважаў пра людскую неабыякавасць да таго, што адбываецца навокал. На простых жыццёвых прыкладах тлумачыў наша асабістае дачыненне да ўсяго злога, што мы маглі б папярэдзіць, а не схацелі – выбралі пазіцыю “хаты з краю…”
–Святы Аўгустын, – гаварыў, у прыватнасці, святар, – параўноўваў чалавека, пад маўклівым позіркам якога нехта іншы ўпадае ў цяжкі грэх, з тым, хто бачыць, што сляпому пілігрыму засталося да бездані паўкрока, і адводзіць вочы…
Імша (як гэта заўсёды бывае, калі цікава) праляцела імгненна. Нават бясконцая ручаінка жадаючых прыняць Святую Камунію, раздзяліўшыся на тры – па колькасці святароў – растала неўзабаве.
Нарэшце ксёндз Андрэй перахрысціў паству: ідзіце ў спакоі… І папрасіў тых, хто не асабліва спяшаецца, застацца для размовы.
Прызнаюся: такое мне бачыць не даводзілася. Сучасны паспешлівы чалавек, ледзь дачакаўшыся апошніх слоў ксяндза, звычайна імчыць “пад усімі парамі” па сваіх неадкладных справах – у дзвярах нярэдка ствараюцца нежартоўныя “пробкі”. А тут – не варухнуўся ніхто. Ніводзін чалавек. І стары, і малы чакалі слоў пробашча. А той расказаў крыху пра сябе, пра сваё бачанне ролі веры ў жыцці чалавека, а потым проста прапанаваў абмеркаваць бягучыя пытанні жыцця парафіі…
Жыццё парафіі… Канешне, у ім няма нязначных момантаў. Важна мець храм і, так бы мовіць, у храме. Настрой парафіян, сіла іх веры, жаданне ўдзельнічаць у рэлігійным жыцці… І ўсё ж..
Без сапраўднага, душой адданага служэнню Богу і людзям святара, як паказвае практыка, і самая багатая парафія становіцца беднай…
Людзі разыходзіліся пасля імшы шчаслівыя. Усміхаліся адзін аднаму, дзяліліся радаснымі ўражаннямі… Ёсць вялікая надзея, што вернікам парафіі Узнясення Святога Крыжа моцна пашанцавала: іх узначаліў ксёндз – з сапраўдных.

Ганна ЧАКУР.
Фота аўтара і Юрыя ГОРЫДА.