Заўтра – трэцяя пасхальная нядзеля, якая ў праваслаўі названа “Нядзеляй Жанчын-Міраносіц”

16:43 / 07.05.2011

Мінуў другі тыдзень пасля Пасхі, заўтра – трэцяя пасхальная нядзеля, якая ў праваслаўным богаслужэбным Календары названа “Нядзеляй Жанчын-Міраносіц” (гэта значыць, “жанчын, якія нясуць міро”). Тут жа пералічаны імёны сямі жанчын, вядомых нам з евангельскга аповеду. Гэта – Марыя Магдаліна, якую Ісус Хрыстос вылечыў ад страшэннай хваробы; Марыя Клеопава, маці Іакава і Іосіі; Саламея, жонка рыбака Зеведзея і маці апосталаў Іакава і Іаана Багаслова; Іаанна, жонка Хузы, домаправіцеля цара Ірада Анціпы; Марфа і Марыя, сёстры Лазара, блізкага сябра Ісуса Хрыста, якога Ён уваскрэсіў з мёртвых незадоўга да Свайго цырыманіяльнага Уваходу ў Ерусалім; а таксама Сусанна, пра якую нам нічога не вядома. Евангелісты ўпамінаюць і “аб многіх іншых” жанчынах з Галілеі, што служылі Ісусу і разам з Ім прыйшлі ў Ерусалім на Яго апошнюю Пасху. Гісторыя не захавала нам іх імёнаў.
Міраносіцы – гэта простыя жанчыны, якія не вызначаліся ні знатнасцю, ні адукацыяй, часта суправаджалі Ісуса Хрыста і Яго вучняў у місіянерскіх падарожжах, прымалі іх у сябе, стараючыся дапамагчы ўсім тым, чым можа дапамагчы клапатлівая гаспадыня і маці. Без сумнення, яны яшчэ менш, чым апосталы, разумелі канчатковы сэнс прышэсця і збавіцельных дзеянняў Месіі-Хрыста. Але яны пераўзыходзілі апосталаў сваёй любоўю і вернасцю. Успомнім, што будучыя стаўпы Царквы, палічыўшы справу свайго Настаўніка “прайгранай”, у страху разбегліся з начнога Гефсіманскага саду і нават не ўшанавалі апошніх мінут Яго зямнога жыцця ля Галгофы. З іх адзін толькі юны апостал Іаан прабываў ля падножжа Крыжа, не клапоцячыся пра ўласную бяспеку. “У любві няма страху, але дасканалая любоў праганяе страх” і “Той, хто баіцца, недасканалы ў любві”, — напіша ён пазней (1 Пасланне Іаана 4:18).
Стоячы ля Лобнага месца і гледзячы на страшэнныя пакуты Укрыжаванага, жанчыны-міраносіцы суцяшалі няшчасную маці, якая была ў напалову непрытомным стане, а затым праводзілі сціплую пахавальную працэсію да пячоры. Як і ўсе, яны мусілі захоўваць святочны суботні спакой і не маглі дачакацца, калі ж можна будзе аддаць сыну іх прыбітай горам сяброўкі апошні доўг любові – памазаць Яго знявечанае цела духмянымі і бальзамуючымі рэчывамі (міром), давяршыўшы тым самым справу паспешлівага пахавання напярэдадні яўрэйскай Пасхі. З гэтымі пахамі яны і адправіліся ў перадранішняй імгле да Гроба, яшчэ не ведаючы, што іх чакае там вялікая ўзнагарода – першымі пачуць ад анёлаў аб Уваскрэсенні Збавіцеля і абвясціць гэтую неймаверную радасць апосталам. Гэта – узнагарода за любоў і вернасць, вышэй за якія няма нічога ў свеце. Не дзіўна, што дзень Жанчын-Міраносіц часта называюць святам Жанчын-Хрысціянак або Усяленскім жаночым днём.
І ў гэты святочны дзень хацелася б пажадаць усім жанчынам быць годнымі пераймальніцамі прыкладу жанчын-міраносіц – гэтак жа неадступна ісці за Хрыстом, нягледзечы ні на якія жыццёвыя абставіны, і не забываць, што сапраўдны міжнародны жаночы дзень – не 8 сакавіка, а нядзеля Жанчын-Міраносіц, трэцяя нядзеля пасля Пасхі. Будзем радыя бачыць усіх жанчын у гэты дзень на святочным богаслужэнні.


Настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла іерэй Георгій САВІЦКІ.