13 красавіка вернікі адзначаюць асаблівае свята – Радаўніцу

14:47 / 09.04.2010
12720
1
У гэты дзень, дзевяты пасля Пасхі, ёсць традыцыя наведваць магілы блізкіх і праводзіць службы за спачын душ памерлых. Гэта першае ўсецаркоўнае памінанне памёршых пасля Светлага Хрыстова Уваскрэсення. Па сведчанню свяціцеля Іаана Залатавуста, Радаўніца адзначалася на хрысціянскіх могілках яшчэ ў старажытнасці. Але захавалася гэтая традыцыя толькі ў рускіх, у праваслаўных хрысціян Бліжняга Усходу і Грэцыі яна адсутнічае.
Этымалагічна слова “радаўніца” ўзыходзіць да слоў “род” і “радасць”, прычым асаблівае месца Радаўніцы ў гадавым коле царкоўных святаў – адразу пасля святога Пасхальнага тыдня – абавязвае хрысціян не смуткаваць і наракаць з-за смерці бліжніх, а наадварот – радавацца іх нараджэнню ў другое жыццё – жыццё вечнае. Бо менавіта на Радаўніцу вернікі прыходзяць на магілы сваіх родных і блізкіх з радаснай весткай аб Уваскрэсенні Хрыстовым. Таму дзень памінання памерлых і называецца Радаўніцай, якую ў народзе называюць яшчэ Пасхай памерлых.
Святары з году ў год заклікаюць вернікаў наведваць могілкі менавіта ў гэты дзень, але за час савецкай улады некаторыя прызвычаіліся хадзіць туды на Пасху. На думку царквы, тым самым людзі праяўляюць не толькі духоўную нячуласць, але і поўнае неразуменне сэнсу выратавальнага хрысціянскага вучэння, бо Пасха – гэта усеабдымная радасць для тых, хто верыць ва Уваскрэсенне Госпада нашага Ісуса Хрыста, сведчанне перамогі над смерцю і дараванне жыцця вечнага верным дзецям Царквы Хрыстовай. Між тым Царква не бласлаўляе вернікаў ісці на могілкі ў дзень Пасхі, таму што смерць блізкіх, асабліва калі яна адбылася нядаўна, замест радасці ў гэты дзень прыносіць людзям смутак.
Часта, асвячаючы магілкі ў гэты дзень, даводзіцца бачыць, як многія людзі ядуць ці нават распіваюць спіртное прама на могілках, называючы гэта памінаннем памёршых. Хацелася б нагадаць, што ні есці, ні піць, ні тым больш курыць і адпраўляць фізіялагічныя патрэбы на могілках нельга, бо гэта – святое месца, земляная пасцель, месца будучага ўваскрэсення целаў, што там знаходзяцца. Не варта пакідаць на магілцы пасхальныя яйкі, цукеркі, пячэнне і тым больш – чарку гарэлкі з кавалачкам хлеба, як гэта многія робяць. Гэтымі прысмакамі ў хуткім часе могуць пачаставацца бяздомныя жывёліны ці аматары спіртнога, для якіх няма нічога святога, і тут жа апаганіць магілу вашых продкаў.
Сёлета панядзелак перад Радаўніцай будзе выхадным, і таму ў гэты дзень лепш прыйсці на могілкі і прыбраць магілкі, каб у само свята можна было прыйсці ў царкву, падаць запіскі за спачын душ памерлых і памаліцца за сваіх блізкіх. У дзень свята бажэсцвенная літургія пачнецца ў 9 гадзін раніцы. Затым адбудзецца паніхіда. У 13.00 пачнецца асвячэнне магіл на новых могілках, у 15.30 – на старых.
Дык давайце, дарагія браты і сёстры, наведаем у гэты дзень храм, памолімся за сваіх спачыўшых родных і блізкіх, асвяцім іх магілкі – і тым праявім сваю любоў і клопат.

Свяшчэннік Георгій САВІЦКІ, клерык храма Святых апосталаў Пятра і Паўла.


Комментарии
0
Гость
Ці ж гэта свята -- Радаўніца? Наш свяшчэннік заўжды кажа, што гэта Дзень памінання, але не свята
Имя Цитировать 0
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений