Казимир Сваяк вновь собрал своих друзей

16:27 / 13.06.2016
2
СваякУ чарговы раз квітнеючым маем сабраў Казімір Сваяк сяброў у сваёй роднай вёсцы, у хаце, дзе нарадзіўся.

Традыцыя працягваецца: адзначыўшы летась 10-годдзе сваякоўскіх сустрэч, у гэтым годзе ў Камайскай святыні мы распачалі новы віток гэтых прыгожых і так патрэбных нам, нашчадкам Сваяка, сустрэч.

Сёлета таксама асаблівая дата – 90 гадоў таму прыгожым майскім днём у гасцінны, утульны дом Стаповічаў прыйшла жудасная вестка: у самым росквіце жыццёвых і творчых сіл памёр Казімір Сваяк.

Яго кароткае, але яркае жыццё і сёння цікавіць даследчыкаў, натхняе паэтаў і мастакоў. Сяброў і прыхільнікаў Сваяка з кожным годам становіцца ўсё больш: нягледзячы на адлегласць, з'ехаліся ўшанаваць памяць нашага славутага земляка госці з Быхава, Мінска, Віцебшчыны, Мядзельшчыны, Літвы, Украіны, сабраліся яго родзічы з Астраўца і Вільні, а таксама аднавяскоўцы і ўсе тыя, хто захаваў у сваім сэрцы гонар за выдатнага сына нашай зямлі.

Імпрэза, як заўсёды, пачалася са святой імшы, якую адправіў за светлую душу ксяндза Канстанціна Стаповіча пробашч Клюшчанскага касцёла Павел Гардзейчык. Чулымі словамі нагадаў ён прысутным пра святара-паэта і папрасіў яго апекі для Клюшчанскай парафіі і касцёла.

про СваякаДарэчы, Канстанцін Стаповіч, будучы святаром рымска-каталіцкага веравызнання, глыбока паважаў праваслаўных братоў, ён марыў стварыць Унію на Беларусі і прысвяціў гэтай тэме некалькі прац. Менавіта таму Святлана Міхайлаўна Буланава падрыхтавала выступленне на тэму “Сваяк і Унія”.

Калі заспяваў хор з уніяцкай царквы “Прасфара”, маладыя, зычныя галасы пранялі да дрыжыкаў – спеў, напэўна, дасягнуў нябёсаў. Сваяк, думаю, цешыўся, што яго ідэя аб уніяцкай царкве на Беларусі і зараз яшчэ бударажыць многіх і што ён не толькі не забыты, але ў вялікай пашане ва ўніятаў. Перад прысутнымі выступіла маладая, таленавітая журналістка сайта catholic.by Аксана Ючкавіч, якая расказала пра сваё знаёмства з творчасцю Сваяка. Яе аповед быў такі кранальны, што ў многіх на вачах блішчэлі слёзы. Аксана прывезла на святую імшу ў Клюшчаны музычны гурт “Балцкі субстрат”. Яго кіраўнік таленавіты кампазітар і выканаўца Максім Іўкін спяваў песні, напісаныя на словы К. Сваяка “Благаслаўлёны”, “Свеціць зорка ясна” і іншыя.

про Сваяка1Цёпла і з вялікай любоўю распавяла пра сувязь Клюшчанскай і Камайскай парафій настаўніца Мулярскай школы, вядомая многім і па сустрэчах, і па публікацыях у “Астравецкай праўдзе” Генавефа Ігнатаўна Дубіловіч. Яна правяла цікавую паралель паміж Сваяком і камайскім паэтам, сябрам саюза пісьменнікаў Беларусі Аркадзем Нафрановічам, якіх яднала любоў да Беларусі і роднай мовы. Да таго ж, А. Нафрановіч прысвяціў Казіміру Сваяку верш, які Генавефа Ігнатаўна і прадэкламавала.

Мастацтвазнаўца Святлана Радкевіч расказала, як у далёкім студэнцтве ўпершыню пачула пра Сваяка і з той пары ён і яго вершы натхняюць яе на стварэнне сваіх твораў.

Сярод гасцей са сталіцы была і нашчадак аднаго з удзельнікаў “Хаўрусу сваякоў” – унучка Іосіфа Лаўрыновіча Галіна Паўлава. Яе бацька Лёнгін Міхновіч многія гады з’яўляўся старшынёй касцёльнага камітэта, можна сказаць, разам з парафіянамі падымаў з руінаў Клюшчанскі касцёл.

Пастаянная ўдзельніца сваякоўскіх сустрэч Людміла Кухарэвіч расказала аб вытоках захаплення творчасцю Сваяка і праспявала напісаную ёю на словы К. Сваяка песню “Шчасце”.

Першапачаткова планавалася правесці свята напрыканцы красавіка, але сышліся на даце 29 мая – і, думаю, нездарма. Як мы любім часамі гаварыць “Напэўна, так хацеў Сваяк!”.

Цешыла сэрца і душу выстава абразоў, якую прывезлі ўкраінскія госці: “Сэрца Пана Езуса”, “Сэрца Маці Божай”, “Апошняя вячэра” і іншыя – з вялікім талентам, стараннем і замілаваннем вышыла іх каляровым бісерам Галіна Ламанец (Стаповіч).

про Сваяка2Глядзела на вяскоўцаў і гасцей і бачыла ў іх тварах непадробны гонар за свайго славутага аднавяскоўца, за сваё, хоць і маленькае, прыдачыненне да яго жыцця.

Глядзела на юнакоў і дзяўчат, якія падхапілі паходню веры і праўды, высока ўзнятую Сваяком, у свае маладыя, дужыя, таленавітыя рукі і цешылася, і ганарылася, што справа Сваяка працягваецца.

Глядзела на ўсіх, хто ў той дзень сабраўся разам, – і адчувала нейкую повязь з гэтымі, такімі рознымі па ўзросту і па статусу, людзьмі.

Назаўтра атрымала СМС: ”Дзякуй за запрашэнне, за свята і за падараваную магчымасць пабыць у раі сярод анёлаў” – і зразумела, што не толькі да мяне ў той дзень прыйшло пачуццё еднасці, сяброўства, падтрымкі і сапраўднага сваяцтва.

Іаланта Валуевіч.