Лепшым сваім дасягненнем Уладзімір Юршэвіч лічыць выратаванных ім людзей

21:00 / 15.03.2024




Сёлета спаўняецца 30 гадоў Асноўнаму Закону нашай краіны – Канстытуцыі, першай у гісторыі суверэннай дзяржавы. За гэты час вырасла цэлае пакаленне маладых, актыўных, амбіцыёзных, творчых, смелых і таленавітых людзей. Сёння гэта маладыя людзі, якія змаглі рэалізаваць сябе ў любімай справе, знайшлі хобі па душы. Яны ведаюць, чаго хочуць, як гэтага дасягнуць, і, як сапраўдныя патрыёты, ганарацца сваёй Радзімай…Пра равеснікаў Канстытуцыі чытайце ў нашым матэрыяле.


Уладзімір Юршэвіч ратуе людзей

Начальнік  дзяжурнай змены пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №2 Уладзімір Юршэвіч не падлічваў, колькі чалавек вынес з агню, вызваліў з пашкоджаных у ДТЗ аўтамабіляў, але што іх шмат – факт.

Уладзімір прыйшоў у МНС у 2011 годзе, таму за яго плячыма не адна сотня трывожных выездаў.

 – Са школы марыў стаць пажарным, каб тушыць агонь, ратаваць людзей. Паступіў у Камандна-інжы­нерны інстытут. Лёгка здаў фізічную падрыхтоўку: спортам не займаўся, але нагрузкі хапала – я вясковы хлопец, дапамагаў бацькам па гаспадарцы, а яна вялікая была, – узгадвае Юршэвіч. – Праз некаторы час перавёўся на завочнае аддзяленне і пачаў працаваць пажарным у адной з часцей Мінска. Даслужыўся да камандзіра аддзялення. За змену маглі разоў 5-6 выехаць. У Астраўцы спакайней.

 – Тут добра, што «хуткая дапамога» на надзвычайныя сітуацыі аператыўна прыязджае: мы чалавека выцягваем – і перадаём медыкам. У сталіцы неяк хвілін 40 праводзілі рэанімацыйныя дзеянні пацярпеламу. А яшчэ быў выпадак, калі накладвалі шыну пры адкрытым пераломе – справіліся, але калі ў чалавека прайшоў шок, зняць боль не змаглі, бо для гэтага выратавальнікі нічога  не маюць, – дадае хлопец.
На любым пажары, калі вядома, што ў памяшканні ёсць людзі, работнікі МНС працуюць з адной уста­ноўкай: чалавек там жывы. І заўсёды спадзяюцца на лепшае. 

 – Выцягнуўшы пацярпелага з вогненнага палону жывым, думаеш: слава Богу. У такія моманты адчуваеш радасць – і спяшаешся далей рабіць сваю справу, – расказвае малады чалавек. – Кожны раз, едучы на выклік, у думках круціцца: толькі б там дзяцей не было… А яшчэ хочацца хутчэй дабрацца да месца, а час і дарога, здаецца, ледзь цягнуцца. 

 – Галоўнае – упэўненасць у сваіх дзеяннях, – гаворыць Юршэвіч. – Да таго ж ведаю, што са мной служаць выдатныя хлопцы, якія заўсёды падтрымаюць. Не трэба думаць, што выратавальнік у 30 гадоў нічога не паспытаў – калі ён служыць з 18-20-ці, у яго добры вопыт.
За 13 гадоў у МНС словы «прафесіяналізм», «адвага», «гонар» сталі для Уладзіміра нечым большым, чым дэвіз службы. У баявой рабоце і на прафесійных спаборніцтвах ён даказвае, што не дарма носіць форму выратавальніка. Яго заслугі бачаць – і адзначаюць узнагародамі.

 – Нічым асаблівым не выдзяляюся, проста аддана раблю справу, служу на карысць сваёй краіны і дапамагаю людзям. Выратаваны чалавек – лепшае дасягненне і лепшая ўзнагарода, – адзначае хлопец. – Удзячны лёсу, што ў 2016-м ён прывёў мяне ў Астравец. Дарэчы, я дапамагаў будаваць часць, дзе зараз служу. 

 У Астраўцы Юршэвічу далі жыллё, у 2019-м у сям’і з’явілася дачушка. 

 Выратавальнік завочна вывучыўся на інжынера-энергетыка ў аграрна-тэхнічным універсітэце, прайшоў перападрыхтоўку па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый у філіяле Універсітэта грамадзянскай абароны МНС у Барысаве.  Усё ў яго – і ў службе, і ў жыцці – выдатна!

Текст: Светлана Фёдорова
Фото: Светлана Фёдорова