Праз “акенца” аўтастанцыі глядзіць на пасажыраў Стэфанія Гук

09:30 / 31.10.2021
441

Як палюбіць сваю работу і не здрадзіць ёй, абраўшы аднойчы, добра ведае касір аўтапарка №4 Стэфанія Гук, здымак якой сёлета занесены на раённую Дошку гонару. Агульны стаж работы жанчыны – 47 гадоў, з 38 яна адпрацавала ў “аўтобуснай” сферы.

НА ВІЛЬНЮС!

Восем класаў Стэфанія скончыла ў 1971 годзе. Тады ж перад дзяўчынай паўстала пытанне: ісці ў дзявяты клас або не. Цяжкасць заключалася ў тым, што вучыцца ў старэйшых класах азначала хадзіць у прамым сэнсе гэтага слова ў Гервяты або Міхалішкі – 8 кіламетраў ад родных Яцын. Гэта было складана, бо сям’я засталася без бацькі, калі дзяўчынцы было ўсяго 2 месяцы, а на руках маці засталіся, акрамя Стэфаніі, яшчэ двое дзяцей.

Паступіла ў Вільнюскае вучылішча лёгкай прамысловасці на 2-хгадовы тэрмін. Але, успамінае жанчына, слёзна прасілася на гадавы – каб хутчэй пайсці на свой хлеб.

Пасля заканчэння месяц адпрацавала швачкай, потым была вызваленым брыгадзірам на футравай фабрыцы. Праз год паступіла ў вячэрнюю школу там жа, у Вільнюсе , – адразу пасля васьмі класаў зрабіць гэтага не магла, бо не ведала літоўскай мовы.

На футравай фабрыцы адпрацавала 7 гадоў.

–Харошая была работа, – успамінае Стэфанія Уладзіславаўна. – Але я выйшла замуж…

Маладая сям’я пераехала на радзіму мужа, у Адэскую вобласць, – жыві, як кажуць, шчасліва... Але Ігар вырашыў паехаць добраахвотнікам у Афганістан – кватэру здаў, а жонку з малым дзіцем адвёз на Астравеччыну, да цешчы…

1.jpg

У АСТРАЎЦЫ

Пасля дэкрэтнага адпачынку трэба было выходзіць на працу. Тым больш што пасля вяртання мужа з вайны жыцця разам у іх не атрымалася –забяспечваць сябе і сына Стэфаніі трэба было самой.

З работай тады ў Астраўцы было складана. Але жанчына ўладкавалася ў Дом быта па сваёй спецыяльнасці. Тут працавала год.

– Можа, і засталася б, і да майстра дапрацавала б,– гаворыць. – Але сына не мела з кім пакінуць: па буднях вадзіла ў сад, а ў выхадныя не было куды падзець – а працаваць часцяком даводзілася.

Калі паступіла прапанова пайсці ў аўтапарк – згадзілася. Графік добры, заробак стабільны.

Спачатку была тэхнікам па ўліку гумы і акумулятараў у тэха ддзеле. Потым прыйшла перабудова – пачалося скарачэнне, і Стэфаніі Уладзіславаўне прапанавалі на месяц падмяніць старэйшага касіра.

– Сказалі: згодна будзеш ці не, не іграе ролі – мы маем права на месяц цябе абавязаць… – дапаўняе касір. – Так я стала вызваленым старэйшым касірам. Адсюль і на пенсію пайшла. І ў гэтым “статусе” працую ўжо 8 гадоў.

ШТО ЗМЯНІЛАСЯ

Шмат дырэктараў было ў арганізацыі на памяці Стэфаніі Уладзіславаўны – усё ж з 1983 года на адным месцы! І не адна сотня тысяч пасажыраў прайшла праз яе “акенца”.

– Колькасць пасажыраў “учора” і сёння не параўнаць, – гаворыць касір. – Толькі на Завідзіненты і Кямелішкі было па 67 чалавек у аўтобус. Цяпер – мабыць, самі звярталі ўвагу – паменшала.

Сённяшні пасажыр стаў больш патрабавальным, лічыць гонар раёна, стаў менш цярплівым і разумеючым. Здараецца, аўтобус павінен адыходзіць, а некаторыя толькі прыйшлі абілечвацца, хоць каса закрываецца за 3 хвіліны да адпраўлення.

Каса Стэфаніі Гук працуе з 6-ці гадзін раніцы да 7-мі вечара. Касіры не толькі прадаюць білеты, але і прымаюць выручку ад вадзіцеляў аўтобусаў.

– Яшчэ адзначаем пуцёўкі. Раней запаўнялі ведамасці ад рукі, – узгадвае жанчына. – Цяпер усе дадзеныя заносім у камп‘ютар. “Звесці касу” дапамагае спецыяльная праграма. Падлічваць даходы за месяц таксама наша справа. Так што ў нейкім сэнсе мы крыху бухгалтары.

Каб ісці ў нагу з часам і быць спецыялістам у сваёй справе, Стэфанія Уладзіславаўна асвоіла сучасныя тэхналогіі.

– Складана было: дзе я, а дзе гэтыя гаджэты, – прызнаецца. – Але настойліва прыходзіла і садзілася за манітор – цяпер што мне трэба, усё ўмею. Настройвала сябе так: вучаць і мядзведзя, я ж чалавек разумны – павінна справіцца.

Каса працуе без змяненняў і ў святочныя дні, закрыць яе нават на хвілінку раней нельга: часам прыйдзе пасажыр з просьбай прадаць папярэдні білет.

АЎТАПАРК: ЯК БЫЛО

– Калектыў аўтапарка, калі я прыйшла працаваць, быў вялікі – дзесьці 300 чалавек.

– У цяперашнім будынку аўтастанцыі да рамонту быў пакой маці і дзіцяці. Касы “глядзелі” ў бок касцёла.

– Каса па прыёму выручкі знаходзілася ў будынку аўтапарка.

– Пасажыраў было больш па пятніцах-нядзелях.

АСАБІСТАЕ

– Агітавалі мяне неяк вярнуцца ў Дом быта – думала перайсці, нават заяву напісала. А потым адмовіла. Засталася і больш нікуды не хацела.

– Калі можна было, за адпачынак брала кампенсацыю і адразу выходзіла на работу. Цяпер іду па графіку – але ўжо на наступны дзень сумую, гатова працаваць.

– Колькі дазволіць здароўе, буду працаваць. Калі не тут, то ў іншым месцы. Хоць на аўтастанцыі я прывыкла, гэта маё. Мне тут добра. Праца дапамагае быць у тонусе, сярод людзей. Ды і здаровы лад жыцця прасцей весці: кожны дзень на работу і назад дадому хаджу. Стараюся на аўтобусе не ездзіць. Так што задаволена. …Можа, яшчэ і ў новым аўтавакзале мне месца знойдзецца…

Гонар Астравецкага раёна Стэфанія Уладзіславаўна Гук ужо даўно працуе не таму, што трэба, а таму, што ёй гэта падабаецца. І марыць аб тым, каб яе родныя і блізкія былі здаровымі і шчаслівымі.


Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений