Гордость Островецкого района: жизненный путь Елены Севостьян

12:50 / 07.05.2017

-elena-cheslavovna.jpgНапярэдадні 1 мая абнавілася раённая Дошка гонару – і сёння “Астравецкая праўда” пачынае знаёміць сваіх чытачоў з людзьмі, чые партрэты рашэннем раённага выканаўчага камітэта занесены на гэтае своеасаблівае “месца славы” лепшых працаўнікоў Астравецкага раёна.

А пачынаем мы гэтае знаёмства з Алены Чаславаўны Севасцьян, дырэктара гімназіі №1.

ПРАЦА

--Алена Чаславаўна, вы – даволі вядомы ў горадзе чалавек. І пры тым, як гэта часта бывае, акрамя таго, што вы -- кіраўнік буйнейшай навучальнай установы ў раёне, актыўны чалавек і проста прывабная жанчына, пра вас мала што вядома шырокаму колу землякоў. Раскажыце, калі ласка, крыху пра сябе.

--Я нарадзілася і вырасла ў Варнянах. Пасля 9 класаў Варнянскай школы паступіла ў Мінскі педагагічны каледж. Закончыла яго – і стала працаваць у адной з Мінскіх школ. Паралельна паступіла на завочнае аддзяленне Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце РБ. Пазней закончыла яшчэ і педагагічны універсітэт імя Максіма Танка.

Тым часам мой будучы муж Андрэй Севасцьян закончыў Гродзенскі медыцынскі універсітэт і атрымаў размеркаванне ў Астравец. Мы пажаніліся – і я вярнулася на радзіму. Працавала спачатку ў СШ №2, затым – у гімназіі настаўніцай англійскай мовы. А ў кастрычніку 2014 года, неўзабаве пасля таго, як стала адной з пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”, мяне прызначылі дырэктарам гімназіі №1 – яна тады якраз збіралася пераходзіць у новы сучасны будынак. Часам жартую з гэтай нагоды: гэта мяне такім чынам узнагародзілі за перамогу ў конкурсе. 

--Гэта зараз Астравец ужо “не канец свету”, а ў той час, як вы заканчвалі каледж, астравецкія маладыя людзі ўсімі праўдамі і няпраўдамі імкнуліся застацца ў Мінску. А вы, займеўшы мінскую прапіску і работу, вярнуліся ў нашу глыбокую правінцыю… Не давялося шкадаваць?

--Я ў гэтым сэнсе была не арыгінальная: калі заканчвала вучыцца, мне хацелася жыць і працаваць толькі ў Мінску! Размеркавання для гэтага было мала,  патрабавалася яшчэ і сталічная прапіска, і маім бацькам каштавала нямала намаганняў выканаць гэтае маё жаданне…

Але пакідала я Мінск з лёгкім сэрцам, без усялякіх сумненняў – мо таму, што выходзіла замуж за каханага чалавека? Памятаю, брат мяне вельмі шкадаваў, казаў: “Ты зараз пакінеш сталіцу – і больш ніколі сюды не вернешся! А тут жа такія магчымасці – для асабістага росту, у будучым – для дзяцей, для іх развіцця. Хіба ж гэта можна параўнаць з Астраўцом?” А я слухала яго -- і пра сябе думала: “І навошта мне гэты Мінск, калі ў мяне Андрэй ёсць? Якая розніца, дзе жыць з каханым чалавекам?”.

І зараз я ніколькі не шкадую, што змяніла Мінск на Астравец: гэта – мой горад, тут – мае родныя, блізкія, сябры, мая работа, мне тут лёгка і камфортна жыць і працаваць.

А магчымасці… Іх і ў Астраўцы зараз нямала, і з кожным днём становіцца ўсё больш. А калі хочацца з’ездзіць у тэатр ці на канцэрт, то Мінск не так далёка – было б жаданне.

--Калі б вы сёння заканчвалі школу і вырашалі – кім быць? – ці выбралі б вы зноў педагогіку? Калі б не сталі настаўнікам – то кім у такім разе?

--Магчыма, ўрачом – мяне прываблівала гэтая прафесія. Але мама сказала, што гэта – не для мяне, бо я надта ўражлівая, эмацыянальная. У дзяцінстве я сапраўды была такой -- магла пакрыўдзіцца з-за дробязі, расплакацца без дай прычыны. Пакуль не стала студэнткай – там плакаць і жаліцца не было каму, і я вельмі хутка стала самастойнай.

Але тое, што хачу быць настаўніцай, я зразумела з першых гадоў вучобы ў школе. Толькі спачатку я бачыла сябе настаўніцай пачатковых класаў – як мая першая настаўніца Інэса Вяславаўна Карэйва, зараз яна ўжо Багдановіч.

А пазней, калі ў нас з’явілася англійская мова, мы ўсе літаральна закахаліся ў сваю выкладчыцу Вольгу Іосіфаўну Сянюць. І не толькі ў яе ўрокі -- нам бязмерна падабалася ў ёй літаральна ўсё: тое, яе яна апранаецца, як усміхаецца, яе манера гаварыць, паходка… Так што на мой выбар прафесіі адназначна паўплываў вобраз любімага настаўніка. У мяне не было ніякіх ваганняў пры адказе на пытанне – кім я хачу быць? Толькі настаўніцай – такой, як Вольга Іосіфаўна!

І калі б гэты выбар стаяў сёння, напэўна, я б усё роўна выбрала педагогіку. У мяне была магчымасць змяніць род дзейнасці, па другой прафесіі я – юрыст. Падчас дэкрэтнага адпачынку нават крыху займалася кадравай работай. Але неяк “не зачапіла”. Усё ж, напэўна, маё прызначэнне -- быць настаўнікам.

--Настаўнікам? Ці ўсё ж – дырэктарам, кіраўніком калектыву? Якая праца вам бліжэй? Ці застаяцеся вы і зараз настаўнікам?

--Вучэбная нагрузка ў мяне зараз мінімальная – пяць гадзін, па аднаму ўроку на дзень. Пакінула яе з адзінай мэтай: каб не забыць англійскую мову.

Быць настаўнікам дырэктару вельмі цяжка, бо такі вал адміністрацыйных абавязкаў, што на годным узроўні займацца яшчэ і выкладаннем свайго прадмета амаль немагчыма.

Настаўнік і дырэктар -- гэта дзве абсалютна розныя кампетэнцыі. Калі настаўнік працуе толькі з дзецьмі, то для дырэктара такая праца -- толькі адна са складаемых яго шматграннай дзейнасці.

Магчыма, са мной пагодзяцца не ўсе мае калегі, але мне здаецца, што дзейнасць дырэктара школы больш цікавая, чым настаўніка. Сёння я працую не толькі з дзецьмі, але і з дарослымі – педагогамі, бацькамі, партнёрамі, грамадскасцю. Уласны кругагляд і сфера інтарэсаў пры гэтым міжволі становяцца больш шырокімі.

--Як вы адносіцеся да так званых “дзелавых жанчын”? І ці адносіце сябе да іх ліку?

--Адношуся з вялікай павагай: у большасці сваёй жанчыны-кіраўнікі могуць даць фору сваім калегам-мужчынам, і даказваюць справай, што яны ніколькі не горшыя спецыялісты і “капітаны” працоўных калектываў. Пры гэтым на іх плячах – дом і сям’я, і яны, апроч усяго, умеюць заставацца прывабнымі жанчынамі, што таксама патрабуе часу і ўмення…

А ці адношуся я да гэтай катэгорыі…

Калі меркаваць па колькасці часу, што праводжу на рабоце – то, безумоўна, так.

Калі па нейкіх дзелавых якасцях, то аб гэтым трэба запытацца ў іншых: староннім, напэўна, лепш відаць, ці ўласцівы яны мне.

Калі па арганізаванасці – то, напэўна так: я ўмею сябе арганізаваць, працаваць столькі, колькі патрэбна, без усялякіх там “мне гэта не падабаецца, я стамілася, зраблю гэта заўтра”… Трэба – значыць, трэба.

--У такім разе – ці не з’яўляецца пасада дырэктара гімназіі толькі чарговай прыступкай вашай кар’ернай лесвіцы?

--Ёсць такі мудры выраз: ніколі не гавары “ніколі”... Але не зараз! Я вельмі камфортна адчуваю сябе ў гэтым калектыве, са сваімі калегамі і вучнямі. Да таго ж у мяне яшчэ вельмі шмат нерэалізаваных планаў і задум, звязаных менавіта з гімназіяй. Так што пакуль мяне цалкам задавальняе мая работа і мая пасада.

ВОЛЬНЫ ЧАС

--Не без здзіўлення даведалася, што вы – не толькі настаўніца англійскай мовы, дырэктар гімназіі і юрыст з вышэйшай адукацыі, але яшчэ і іграеце ў касцёле на аргане. Адкуль у вас гэтае захапленне?

--Акрамя агульнаадукацыйнай, я закончыла яшчэ і музычную школу па класу фартэпіяна. Вучаніцай была даволі паспяховай, ва ўсякім выпадку, выкладчыкі вельмі настойліва рэкамендавалі мне паступаць у музычнае вучылішча. Але запрацівіўся тата, сказаў, што музыкант – гэта не прафесія. А вось займацца гэтым у якасці хобі – калі ласка. Ды і сама не надта рвалася ў музыку -- я ж казала, што рашэнне аб будучай прафесіі да таго часу было прынята канчаткова і беспаваротна. Так што музыка так і заставалася адным з маіх хобі.

А потым падрос наш сын Мікалай, ён рыхтаваўся да першай камуніі. На той момант у касцёле не было арганіста, падыгрывала на імшы сястра Наталля, а потым яна захварэла ці яшчэ што, не памятаю ўжо дакладна – і яны засталіся без музычнага суправаджэння. Тады Коля, які бачыў, што дома я час ад часу саджуся за піяніна, заявіў: “Мая мама ўмее іграць. Яна дапаможа”. Ксёндз Юзаф спачатку папрасіў адну імшу паіграць на аргане, затым – другую. Так і пайшло…

Напачатку было вельмі складана – усё ж літургічная музыка і спевы моцна адрозніваюцца ад свецкай. А потым прывыкла. У гэтым працэсе мяне больш за ўсё радуе, што мяне не відаць, не ўсе нават ведаюць, хто за арганам. Я іграю ў сваё задавальненне – і мне ад гэтага добра… Навідавоку, напэўна, не змагла б.

Зараз ужо ўзнікла нейкая ўнутраная патрэба – кожную нядзелю ісці ў касцёл і садзіцца за арган. Канешне, часам адзіны выхадны часам хочацца прысвяціць сабе -- адпачыць, паспаць даўжэй,  дома нешта зрабіць… Але гэта ўжо стала вельмі важнай часткай майго жыцця, і калі ўявіць, што яна знікне, то ўтворыцца пустата, нечага будзе не хапаць.

 Да таго ж узнікла пэўная адказнасць -- людзі ўжо прывыклі да таго, што ў касцёле гучыць арган. І калі здараецца нейкая паездка ці яшчэ якія абставіны і няма магчымасці пайсці ў нядзелю на імшу, адчуваю сваю віну -- нездарма ж кажуць: мы ў адказе за тых, каго прыручылі. Ці прывучылі…

--Як вы ўвогуле адпачываеце – пасля рабочага дня, тыдня, як праводзіце водпуск?

--Часта работа працягваецца і вечарам: бяру з сабой “хатняе заданне” – тое, што не паспела зрабіць падчас працоўнага дня. Перадыхнеш крышку – і зноў за паперы…

Адзіны выхадны, нядзеля, як я ўжо казала, -- гэта касцёл і нейкія хатнія жаночыя клопаты: прыгатаваць, прыбраць… Калі ёсць час, любім разам паглядзець кіно ці мульцікі -- а потым абмеркаваць іх. Часам выбіраемся ў Мінск у тэатр – на жаль, не вельмі часта. Ездзім ў аквапарк: я вельмі люблю паплаваць – а ў нас, на жаль, пакуль няма дзе.

Часам адпачынак – гэта сустрэча з сяброўкамі: выпіць разам кубачак кавы, пагаварыць аб сваім, жаночым… Дзякаваць Богу, яны ўсе -- мае суседкі, так што ў гэтым плане нам доўга планаваць сустрэчу не трэба: ці падняўся на паверх, ці спусціўся.

Калі ўжо зусім стамляюся, еду да бацькоў у вёску. Там так добра! Можна нічога не гаварыць, проста пасядзець, памаўчаць – і становіцца лягчэй.

А падчас летняга адпачынку стараемся выехаць некуды ўсёй сям’ёй -- на мора ці куды-небудзь паблізу. Гэта такі ціхі, спакойны адпачынак -- я не люблю актыўны, можа, таму, што шалёны тэмп на рабоце. І калі прыходзіць час адпачынку, то хочацца проста паваляцца з кніжкай, ні пра што не думаючы, зрэшты, проста выспацца.

СЯМ’Я

--Касцёл, вера – якое месца яны займаюць у вашым жыцці?

--Вельмі важнае. Гэтая значная частка маёй душы, маёй асобы.

--А сям’я?

--Сям’я – гэта ўвогуле галоўнае, што ёсць у жыцці. Хоць я сябе ўвесь час дакараю, што не ўдзяляю мужу і сыну столькі ўвагі, колькі мне хочацца.

Дзякаваць богу, што Андрэй гэта разумее. Часам, канешне, пачынае бурчэць. Калі бачу, што яго незадаволенасць набліжаецца да кропкі кіпення, тады пачынаю “збаўляць абароты”: часцей з’яўляцца на кухні, больш часу праводзіць з блізкімі. Хоць увогуле я ўдзячна мужу: ён мне вельмі дапамагае. Частку хатніх абавязкаў ён узяў на сябе – інакш я, напэўна, не справілася б.

--Ваш муж – урач-рэаніматолаг, работа ў яго вельмі цяжкая. У вас таксама нялёгкі воз самых розных абавязкаў. У такім выпадку -- хто ў каго “тыл”, хто каго падтрымлівае?

--А гэта як атрымліваецца. У каго больш вольнага часу ў дадзены момант – той і займаецца домам. Хто раней прыйшоў дахаты, той і вячэру гатуе, корміць сына і правярае ў яго ўрокі.

--Не так даўно на раённай Дошцы гонару быў змешчаны партрэт вашага мужа, зараз вось -- ваш. Як аднесліся ў сям’і да першай і другой падзеі?

--Вельмі спакойна. Паміж намі няма нейкай канкурэнцыі, гэткай “гонкі дасягненняў”.

--Але гэта дало вам нагоду ганарыцца сваім мужам? І яму – вамі?

--Я ўвогуле ганаруся сваім мужам -- незалежна ад таго, занеслі яго партрэт на дошку гонару ці не! З вялікай павагай адношуся да яго працы. Ведаю, што яго прафесія нашмат больш цяжкая, чым мая.  У мяне больш пазітыву -- працуючы з дзецьмі, міжволі заражаешся іх энергіяй, непасрэднасцю, шчырасцю. Прыйшоў, паглядзеў на іх – і ўжо на душы светла і радасна. А рэанімацыя -- гэта вельмі складана. Там увесь час цяжкія крызісныя станы людзей, гора, слёзы блізкіх, часта даводзіцца бачыць смерць. Напэўна, таму жанчын у рэанімацыі практычна няма – адзінкавыя выпадкі. Гэта чыста мужчынская прафесія. Жанчынам з іх павышанай эмацыянальнасцю цяжка з гэтым справіцца. Хоць кажуць, што чалавек да ўсяго прывыкае, мне здаецца, што до болю і гора прывыкнуць немагчыма.

--Ваш сын заканчвае дзевяты клас. Ён ужо вызначыўся, кім хоча стаць? І што вы яму раіце?

--Ой, гэта цяжкае пытанне… Ён усё яшчэ ў пошуку сябе – хоць вызначацца ўжо патрэбна: на парозе – дзясяты клас, трэба выбіраць профіль.

Быў перыяд, калі Коля хацеў стаць юрыстам, потым – гісторыкам... Я неяк спытала: а чым бы ты хацеў займацца, калі б табе не трэба было думаць пра тое, дзе і як зарабляць грошы – для многіх жа пытанне будучых заробкаў пры выбары прафесіі становіцца прыярытэтным. Ён падумаў і сказаў: напэўна, я б хацеў лячыць людзей -- гэта так цікава. Таму сёння мы схіляемся да медыцыны. Але гэта не азначае, што ён цвёрда вызначыўся з будучай прафесіяй. Дзіўна: я ў чацвёртым класе ўжо ведала, што стану настаўніцай -- а ён у дзявятым усё яшчэ сумняваецца!

ПЯЦЬ КАРОТКІХ ПЫТАННЯЎ АБ ГАЛОЎНЫМ

--З-за чаго вы маглі б пакінуць любімую работу?

--Напэўна, калі б было вялікае адчуванне віны, калі б я нешта не зрабіла ці зрабіла не так – і гэта нанесла сур’ёзны ўрон некаму -- настаўнікам ці, крый Божа, дзецям.

--З-за чаго вы маглі б расстацца з каханым чалавекам?

--Каханаму, напэўна, можна дараваць вельмі многае, калі не ўсё – у тым выпадку, калі гэта сапраўды каханы.

А расставацца, мне здаецца, варта толькі ў тым выпадку, калі людзі становяцца абсалютна чужымі адзін аднаму. Калі б я бачыла, што ўзнікла гэтая прорва адчужэння – тады так, трэба развітвацца, бо ў іншым выпадку гэта проста пакута для абодвух.

--Што б вы не змаглі дараваць самаму лепшаму сябру?

--Падману. Бо калі сябар цябе падманвае – ён перастае быць сябрам, і вашы далейшыя адносіны проста не маюць сэнсу. Можа, ты і хацеў бы яму надалей давяраць – але ўжо не можаш.

--Што ці каго вы не маглі б пакінуць ні пры якіх абставінах?

--Сына і бацькоў.

У нас з маленства выхоўваюць пачуццё абавязку, мы з дзяцінства чуем: ты павінен. Але я лічу, што чалавек, па вялікаму рахунку, нічога нікому не павінен – толькі ўласным дзецям і бацькам. Бацькам – таму, што яны нас вырасцілі, а дзецям – бо гэта наш асноўны бацькоўскі абавязак: выгадаваць, выхаваць іх. Але толькі да пэўнага ўзросту -- не трэба пражываць за дзяцей іх жыццё!

--Што для вас самае дарагое і каштоўнае ў жыцці?

--Калі гаварыць пра маральныя якасці, то гэта -- пачуццё гонару і годнасці. Любыя ўчынкі нічога не вартыя, калі яны ідуць уразрэз тваім унутраным самаадчуваннем.

А яшчэ гэта – блізкія і дарагія мне людзі: мая сям’я, родныя, сябры.

Текст: Нина Рыбик