Фестываль-конкурс юных мадэльераў і дызайнераў прайшоў у Астраўцы

14:23 / 22.04.2021
Фестываль-конкурс юных мадэль­ераў і дызайнераў «Сілуэт» ладзіцца ў нашым раёне другі год запар. Арганізатары пла­нуюць зрабіць яго традыцыйным. 

3.jpg


Ідэя правядзення такога фестывалю належыць намесніку дырэктара Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Вользе Герасімовіч.

– У сферы дадатковай аду­кацыі штогод праводзяцца дзі­цячыя конкурсы мадэльераў – «Жывіца», «Млын моды», – гэта цікавыя праекты, але ўдзельнічаць у іх дастаткова складана. І не таму, што ідэй няма, а таму, што яны патрабуюць укладання пэўных матэрыяльных сродкаў. Не варыянт, калі, задзейнічаўшы толькі чалавечы рэсурс, зробіш нешта з падручных матэрыялаў. У гэтым мы ўпэўніліся і ў мінулым годзе, калі праводзілі фестываль, – дзеліцца намеснік дырэктара. – Тады і ўзнікла думка знайсці спонсараў. 

2.jpg


Вольга апісала ідэю, пра­лі­чы­ла неабходныя на яе рэалі­за­цыю матэрыяльныя сродкі і падала заяўку на конкурс дабрачынных праектаў, які штогод праводзіць АТ ІК «Атам­будэкспарт». Ініцыя­тыва астраўчанкі прайшла адбор – старт дзіцячаму фестывалю быў дадзены. 

На першым этапе ўдзельнікам трэба было распрацаваць толькі эскізы адзення – іх прадставілі дзеці з гімназіі, СШ №1, СШ №3, Спондаўскага НПК, Варнянскага НПК і Астравецкага ЦТДіМ. 

Найбольш крэатыўныя ат­ры­­­малі падтрымку. Так, у фінал прайшло 6 прапаноў. У намі­на­цыі «Святочны атам» найвы­шэйшую адзнаку атрымала гімназічная калекцыя «Фаварыт». У намінацыі «Наш адказ да­рослым» лепшымі прызнаны ідэі «Дэкаданс» вуч­няў СШ №3 і «Эка kids» цэнт­ра творчасці, а ў намінацыі «Этна­стыль» – калекцыі цэнтра твор­часці «Васільковая мара» і «Кветкавая сімфонія» і «Подых вясны» ад варнянскіх мадэлье­раў.

Эка kids ЦТДіМ.jpg

«Эка kids»


Вызначыць самую цікавую калекцыю маглі і наведвальнікі сайта газеты «Астравецкая праўда», дзе былі змешчаны здымкі творчых калектываў і відэа іх дэфіле. Па выніках галасавання за прыз глядацкіх сімпатый найбольш «лайкаў» набраў варнянскі «Подых вясны». 

Варнянскі Подых вясны.jpg

«Подых вясны»


– Па ўмовах конкурсу, для пераможцаў былі набыты тка­ні­на, фурнітура і аксесуары для адшыву калекцыі, – тлумачыць намеснік дырэктара цэнт­ра твор­часці. – У дадатак да гэтага пад­час фестывалю, калі дзеці дэ­ман­стравалі аўтарскае адзен­не, удзельнікі атрымалі пада­рункі.

1.jpg

Гэта было сапраўднае свята прыгажосці: упэўненыя і непасрэдныя мадэлі, прадуманыя да дэталяў – макіяж, прычоска, выхад – вобразы, музыкальнае суправаджэнне, якое раскрывала ідэю кожнай калекцыі, само дэфіле і вакальнае прывітанне ад юных зорачак сцэны – вядома ж, пра моду. Як трапна заўважыла начальнік аддзела адукацыі Аксана Землякова падчас узнагароджання пераможцаў, што мода – гэта вецер, а юныя дызайнеры – тыя, у каго атрымалася накіраваць гэты вецер у патрэбнае рэчышча. 

– Спадзяюся, наш фестываль стане добрай падрыхтоўкай да ўдзелу ў абласных і рэс­пуб­ліканскіх конкурсах. Дарэ­чы, мінулагодняя калекцыя «Га­лэк­сі Сіці» заняла 1 месца ў аблас­ным аглядзе-конкурсе дзі­цячай творчасці «Прывітанне, свет!». Мяркую, што ўласнае аўтар­­скае адзенне школьнікі будуць выкарыстоўваць для тэат­ра­­­лізаваных пастановак, кан­цэр­таў, магчыма, яны будуць запатрабаваны ў юных экс­кур­са­водаў – варыянтаў шмат, – разважае Вольга. 

Кветкавая сімфонія ЦТДіМ.jpg

«Кветкавая сімфонія»



З ПЕРШЫХ  ВУСНАЎ

Кацярына Зайцава, майстар вытворчага навучання СШ №3:

– Я дала выхаванцам поўную свабоду: яны самі рабілі эскізы і шылі мадэлі, адно толькі дапамагла з макіяжам – каб вобраз быў завершаным. Заўважу, што дзеці дэманстравалі не подыумнае адзенне, а паўсядзённае, і той стыль, які ім падабаецца. Лічу, што яны ўдала спалучылі колеры – чорны, мяккі ружовы і белы. Папрацавалі і над дэталямі дэкору тканіны – роспіс з выявамі насякомых. Словам, зрабілі свой вобраз нетрывіяльным. Яшчэ адзін плюс гэтай калекцыі ў тым, што яна капсульная – элементы можна камбінаваць. 

Варнянскія юныя дызайнеры:

– Мы працавалі ў намінацыі «Этнастыль». Хацелася зрабіць нацыянальны касцюм стылізаваны пад сучаснасць. Думаем, што атрымалася нядрэнна – за гэта дзякуй і настаўнікам, якія падказвалі, дапамагалі пры пашыве. У нашай калекцыі пераважае жаночае адзенне, але ёсць адзін мужчынскі касцюм. Праўда, цяжка было хлопца ўгаварыць, каб у дэфіле паўдзельнічаў, – на шчасце, згадзіўся. (Смяюцца.) 

Хоць фестываль-конкурс прайшоў толькі ў другі раз, але ўжо пашырыў спіс удзель­нікаў: калі ў мінулым годзе прадстаўлялі 5 калекцый, то ў гэтым ужо 10. Хто ведае, магчыма, менавіта гэты фестываль будзе стартавай пляцоўкай для юных славаў зайцавых.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст:
Фото: Рита Дремо