У касцёле Найсвяцейшай Тройцы адбылася фотавыстава Валерыя Вядрэнкі «Містэрыі Гервят»

10:12 / 16.06.2019
2499

У межах гервяцкага фэсту, які сёлета прымеркаваны да 75-годдзя вызвалення Беларусі і Астраўца ад нямецка-фацысцкіх захопнікаў, знакаміты ў Беларусі і за яе межамі фотамайстар Валерый Вядрэнка прэзентаваў серыю работ і фотаальбом «Містэрыі Гервят».

Фотавыстава складаецца з трох частак. У першай аўтар знаёміць гледача з мясцовасцю, касцёлам і яго інтэр’ерам. Стылізацыю гэтай часткі вызначае час стварэння храма – пачатак ХХ стагоддзя. У другой частцы аўтар паказвае касцёл у начны час, калі храм пусты, але яго вобразы жывуць сваім адметным жыццём. Трэцюю частку складаюць фотакампазіцыі, прысвечаныя тэмам Евангелля.

3.jpg

4.jpg

5.jpg

6.jpg

7.jpg

Над цыклам фотаздымкаў гервяцкай святыні майстар працаваў больш за 10 гадоў: здымаў храм у розныя поры года і сутак, неаднойчы наведваўся ў Гервяты ў пошуках лепшага ракурсу. Плёнам гэтай тытанічнай работы стаў фотаальбом «Містэрыі Гервят» і аднайменная выстава – адзінае ў межах Беларусі фотапрысвячэнне храму.

9.jpg

Падчас прэзентацыі фотамастак падарыў касцёлу 38 шырокафарматных работ з гэтай серыі, экспазіцыя якіх будзе дзейнічаць у храме пастаянна.

Валерый Вядрэнка і пробашч Гервяцкай парафіі ксёндз Эльяс Анатоліюс Маркаўскас замацавалі гэтую падзею сваімі подпісамі ў сімвалічным акце.

1.jpg

– У мяне было шмат выстаў у розных краінах свету, але ніколі так не хваляваўся, як сёння, – прызнаўся фотамастак. – Мае работы нарадзіліся тут і праз дзесяць гадоў вярнуліся ў свой дом – гервяцкі касцёл. Я дакладна ведаю, адкуль прыходзіць натхненне – гервяцкаму храму я аддаў доўг.

2.jpg

Ксёндз Эльяс Анатоліюс Маркаўскас шчыра падзякаваў фотамастаку і падкрэсліў, што на фотаработы трэба не толькі глядзець вачамі, але і адчуваць іх сэрцам.

Музычным упрыгожаннем фотавыставы стаў міні-канцэрт сталічнага ансамбля «Імпрэза».

0.jpg

…Будзеце мець час – абавязкова завітайце ў касцёл Святой Тройцы ў Гервятах. Праз работы Валерыя Вядрэнкі можна дакрануцца да вечнасці.


Біяграфічная даведка

Фатограф, мастак, публіцыст Валерый Вядрэнка нарадзіўся 19 жніўня 1956 года ў Мінску. Сябар экспертнай камісіі Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў. Аўтар цыкла інтэрв’ю з фатографамі краіны «Сустрэчы з легендамі». Працуе ва ўсіх жанрах фатаграфіі. Аддае перавагу пейзажу і метафарычнаму лічбаваму мантажу, які называе «фотапластыкай». Яго работы знаходзяцца ў дзяржаўных музеях Беларусі, у прыватных калекцыях ў Расіі, Літве, Польшчы, Іспаніі, ЗША. Жыве і працуе ў Мінску.


Інтэрв’ю з фотамастаком чытайце ў адным з бліжэйшых нумараў «Астравецкай праўды» і на нашым сайце.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений