Секреты семейного счастья от семьи Ивашко

10:46 / 14.05.2019
1274
– Убачыце самую прыгожую і дагледжаную сядзібу – гэта і будзе іх дом, – далі нам дакладны арыенцір. – Там дрэў шмат прыгожых і кветак. 

Так, і дрэў, і кветак на сядзібах Івашкаў у Кямелішках і Астраўцы шмат. Але сёння хочацца расказаць пра іх галоўнае, сямейнае дрэва, якое яны пасадзілі і ўзгадавалі ўсе разам і якое не кожнаму бачна…

фото003.jpg


Сям’я

Сям’я для ўсіх Івашкаў  мае галоўнае, я б сказала, – сакральнае значэнне. Гэта бачна нават староннім па тых, магчыма, незаўважных для іх саміх дробязях, якія гавораць больш за любыя, самыя прыгожыя словы. 

Да прыкладу, па тым, як Сяргей Станіслававіч, бацька траіх дзяцей і загадчык кардыялагічнага аддзялення райбальніцы, якім бы цяжкім і напружаным ні выдаўся дзень, вечарам абавязкова патэлефануе маці, каб пацікавіцца справамі і здароўем бацькоў. 

Ці па тым, як цёпла і шчыра віншуюць праз раённую газету адзін аднаго з юбілеямі і важнымі датамі сваты, якія жывуць у розных абласцях Беларусі. 

Па тым, як клапоцяцца старэйшыя і малодшыя Івашкі пра сваіх адзінокіх, нават не вельмі блізкіх родзічаў.

І па тым, як дзеці Івашкаў паміж баўленнем часу ў летніку і ў бабулі часцей за ўсё выбіраюць Кямелішкі. 

_MG_1800.jpg


Карані

Вытокі такіх адносін да сям’і і родных – у цяжкім пасляваенным дзяцінстве Станіслава Станіслававіча і Яніны Антонаўны.

Станіславу было дзесяць гадоў, калі памёр бацька. На руках у маці засталося пяцёра дзяцей: акрамя яго, тры старэйшыя сястры і малодшы брат. І хлопчык адразу пасталеў: навучыўся і касіць, і араць, і дровы шчапаць… 

Да сваіх сівых валасоў захаваў ён глыбокую любоў і прызнанне маці, якая ў тыя цяжкія пасляваенныя гады адна падымала дзяцей.

– Не ведаю, ці зможам мы падарыць сваім дзецям такую любоў і пяшчоту, што давала нам маці, – з цеплынёй у голасе гаворыць Станіслаў Станіслававіч – адзін з самых клапатлівых бацькоў, якога я ведаю. – Толькі зараз я разумею, як цяжка ёй было. Але з якой радасцю яна сустракала нас кожны раз! 

І сёння ў яго баліць душа за тыя трывогі, недаспаныя ночы, якія часам з-за яго юначых «вольнасцей» давялося перажываць матулі. Але час назад не павернеш і жыццё нанова не пражывеш…

Цяжкае пасляваеннае дзяцінства было і ў Яніны Антонаўны – яна таксама вырасла ў шматдзетнай сям’і.

– У школу босыя хадзілі, – узгадвае яна. – Урокі пры лямпе рабілі – электрычнасці тады яшчэ не было. Сённяшнім дзецям гэта і ўявіць немагчыма. Расказвала пра сваё дзяцінства ўнукам, дык малая Алёнка спытала: «Ну а мабільнікі ў вас хоць былі?» І смех, і грэх…

фото001.jpg


Ствол

Лёс звёў Станіслава і Яніну ў Кямелішках. 

Ён толькі вярнуўся з войска, яшчэ бушлат з плячэй не зняў, як яго накіравалі   ў саўгас ветфельчарам. 

– Гэта пазней я зразумеў, чаму менавіта ў Кямелішкі, – з усмешкай успамінае Станіслаў Станіслававіч. – Тут ніхто са спецыялістаў доўга не затрымліваўся: знакамітая «кямелішкаўская» 70-градусная ды гасціннасць мясцовых людзей праз год-другі «выводзілі са строю» нават загартаваных – што ўжо казаць пра непадрыхтаваных да падобных выпрабаванняў. І ў мяне дырэктар саўгаса, калі на работу прымаў, перш за ўсё спытаў не пра адукацыю ці вопыт – пацікавіўся, ці п’ю гарэлку. Толькі пазней я зразумеў, чаму. Але мне пашанцавала: галоўным заатэхнікам у саўгасе тады быў мудры Міхаіл Філімонцаў, ён мяне вучыў:

 – Стась, людзей крыўдзіць нельга. Але і пра здароўе думаць трэба. Таму ў кожнай хаце – не больш чым па чарцы. 

Калі малады чалавек пра­дэманстраваў сваю ўстой­лі­васць да «кямелішкаўскай», яго пры­значылі загадчыкам участка ў Стрыпунах. 

Неўзабаве пасля тэхнікума на работу ў саўгас прыехала маладая загадчыца фермы. Станіслаў зайшоў пазнаёміцца з калегай – і якраз патрапіў на яе дзень нараджэння. З таго дня яны разам.

фото006.jpg



– На ферме Яня працавала нядоўга, – расказвае Станіслаў Станіслававіч. – Дзеці нарадзіліся – Сяргей, потым Святлана. А я ад цямна да цямна на рабоце. Некаму трэба было дом, гаспадарку весці, сям’ю глядзець – усё гэта легла на жончыны плечы. А загадчыцы фермы таксама ж дняваць і начаваць трэба на рабоце. Таму Яня перайшла ў кантору – загадвала аддзелам кадраў.

І дадае, падумаўшы:

– Няправільна гэта, што ў нас выхаваннем дзяцей у асноўным жанчыны займаюцца, а мужчыны працуюць ледзь не суткамі. У сям’і, як і ў птушкі, два крылы быць павінна, на адным не паляціш.

Але, нават разумеючы гэта, да работы Станіслаў Івашка адносіцца абы з рук не мог. Трынаццаць гадоў узначальваў ён Стрыпунскі ўчастак – і ўсё, што было зроблена ў вёсцы ў той час – дарога, асвятленне, магазін, – у вялікай ступені было вынікам яго намаганняў. Хоць, па вялікім рахунку, гэтага ад яго не патрабавалі – галоўным быў ураджай. 

З ураджаем усё было ў парадку – але не менш важна, лічыў Станіслаў Станіслававіч,  у якіх умовах жывуць і працуюць людзі, якія яго вырошчваюць. І трэба сказаць, што не толькі вытворчыя здабыткі, але і стварэнне, як тады казалі, умоў сацкультбыту, цанілася. У працоўнай кніжцы Станіслава Івашкі за 13 гадоў загадвання ўчасткам – 40 розных адзнак за яго добрасумленную работу, галоўная з якіх – ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, адна з найбольш пачэсных савецкіх узнагарод. 

А яшчэ адной «узнагародай» сталі «Жыгулі», якія выдзелілі стрыпунскаму брыгадзіру. Сённяшнім маладым, якія ў аўтасалонах выбіраюць машыны па мадэлях і колеру, цяжка ўявіць, што права іх набыць некалі давалі як ордэн. А Івашка – гэта ўжо цяжка ўявіць тым, хто памятае савецкія часы, – адмовіўся: не было за што выкупіць гэты «падарунак лёсу». Тады тагачасны першы сакратар райкама партыі Дзмітрый Арцыменя зрабіў лепшаму брыгадзіру «вывалачку» – і амаль што прымусіў пазычыць грошы і купіць выдзеленыя «Жыгулі».

Неаднаразова Станіславу Івашку пра­па­ноўвалі ўзначаліць саўгас – але ён адмаўляўся. На працягу 23 гадоў працаваў намеснікам дырэктара саўгаса, а добраахвотна быць «вечна другім» – гэта вялікае мастацтва.  

Ён «забяспечваў тыл» кіраўнікоў саўгаса – а Яніна Антонаўна ў гэты час забяспечвала сямейны тыл.

Хоць нельга сказаць, што Станіслаў Ста­ні­сла­вавіч «сама­вызваліўся» ад выхавання дзяцей. Выхоўваць іх трэба найперш уласным прыкладам – адносінамі да справы, якая табе даручана, да сям’і, да людзей.

_MG_1794.jpg



– Сяргей і Святлана, як і ўсе вясковыя дзеці, да працы з дзяцінства прывучаны. А як інакш? – паціскае плячыма Станіслаў Станіслававіч. – Захацеў матацыкл – калі ласка, сынок! Але не за бацькавы грошы… Узялі вясной пару бычкоў, усё лета Сяргей іх гадаваў: выводзіў на пашу, перавязваў, паіў, дахаты прыводзіў. Увосень здалі, атрымалі грошы – здзейсніў сваю мару. 

Пра важнасць бацькавага слова сведчыць і той факт, што ў медыцынскі інстытут сын вырашыў паступаць менавіта па яго парадзе. 

Медыцыну абрала і дачка Івашкаў Святлана: яна – медсястра, жыве і працуе ў Мінску. 

А Сяргея Станіслававіча, загадчыка кардыялагічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы, ведае ў нашым раёне, бадай, кожны, хто калі-небудзь меў праблемы са здароўем. Як і яго жонку, Наталлю Іванаўну, урача-гінеколага.

Крона 

– Напэўна, самы правільны, самы разумны ўчынак у сваім жыцці я зрабіла, калі выйшла замуж за Сяргея, – гаворыць Наталля Іванаўна. – Немагчыма ўявіць лепшага мужа, больш клапатлівага і ўважлівага бацьку. 

Пазнаёміліся яны ў медінстытуце – вучыліся ў адной групе.

Калі Сяргей прывёз Наташу ў Кямелішкі знаёміцца з бацькамі, яна перш за ўсё пайшла палоць клубніцы – і тым скарыла сэрца будучых другіх бацькоў. Сапраўды, яна, вясковая дзяўчына, умела рабіць усё. А галоўнае – Наталля любіць тое, што робіць. Яна ўсё і ўсюды паспявае – на рабоце, дома, у грамадскім жыцці, не перастае вучыцца, не стамляецца падарожнічаць, любіць спасцігаць усё новае. Гэткі маторчык, у якім ніколі не садзіцца батарэйка.

– Вельмі мы цешымся дзецьмі сваімі, нявесткай, зяцем, унукамі, – гавораць старэйшыя Івашкі. – Няма большай радасці, калі яны ўсе разам збіраюцца ў хаце!

Сакрэты

Дык што ж трэба, каб сямейнае дрэва вырасла трывалым, а сям’я была моцнай?

1.jpg



– Галоўнае – каханне, – гаворыць Станіслаў Станіслававіч. – Каб не на сваім кожны стараўся настояць, а прыслуховаўся да чужога меркавання. Каб бацькі паважалі не толькі адзін аднаго, але і дзяцей, іх думку. 

– Дараваць адзін аднаму трэба ўсё, – пераканана Яніна Антонаўна. – Са сваёй працы ўсё здабываць, не зайздросціць, не квапіцца на чужое.

– Галоўнае ў сям’і – давер, – пераканана Наталля Іванаўна. І – дзеці! Як мінімум – трое…

– Каханне. Давер. Узаемная павага і разу­менне адзін аднаго, – падагульняе Сяргей Станіслававіч.

І калі гэтыя сакрэты, трывалыя сокі каранёў, ствала і кроны возьмуць за аснову, ствараючы свае сем’і, дзеці і ўнукі Івашкаў, – то можна не сумнявацца: у іх будуць такія ж па-сапраўднаму шчаслівыя сем’і.

Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений