Сергей Ивашко - доктор, который помнит, что лечат не только капельницы и уколы, а доброе слово и уважительное отношение

16:00 / 15.06.2014
2041
Усе бацькі жадаюць лепшай долі сваім дзецям – гэта аксіёма. Вось і Станіслаў Станіслававіч Івашка, калі прыйшоў час сыну выбіраць прафесію, параіў яму:
– Ішоў бы ты, Сяргей, у медыцыну…

Канешне, бацька, які шмат гадоў працаваў намеснікам дырэктара саўгаса “Кямелішскі”, бачыў, што сын цягнецца да зямлі –, але ж…
– Пойдзеш у сельскую гаспадарку – будзеш, як я: ад цямна да цямна на рабоце, ні выхадных, ні прахадных. Не бачыў, як і дзеці выраслі, – прывёў бацька самы пераканаўчы аргумент. – Ты станеш урачом, Святлана – медсястрой. Будзеце жыць у горадзе… Можа, хоць вам лягчэй у жыцці будзе, – марыў услых бацька.
Што праўда, то праўда – выхаваннем дзяцей, Сяргея і Святланы, у сям’і займалася ў асноўным Яніна Антонаўна – захапленне і ўдзячнасць маці за яе жаночую мудрасць, самаахвярнасць, адданасць сям’і і дзецям сын пранёс праз усё жыццё. А Станіслаў Станіслававіч ішоў з хаты, калі малыя яшчэ спалі, і вяртаўся, калі яны ўжо спалі. І скардзіцца не было каму і не было на што – сам выбраў сабе такую прафесію. Таму і хацеў, каб дзецям у жыцці было лягчэй…
Бацькава слова было для сына аўтарытэтным – пасля школы юнак падаў дакументы ў медыцынскі інстытут.
Але першая спроба была няўдалай – конкурсы тады былі нежартоўныя. Юнак вярнуўся дахаты, год адпрацаваў у саўгасе памочнікам брыгадзіра – і на справе ўпэўніўся, што бацька меў рацыю. А тут і павестка ў ваенкамат падаспела, адсунуўшы на два гады лёсавызначальнае пытанне: кім быць?
Служыць яму давялося вадзіцелем на граніцы з Афганістанам – і перыядычныя “камандзіроўкі на вайну”, калі поруч з яго “Уралам” кацілася, падміргваючы ці касавурачыся, смяротная небяспека, сталі прывычнымі буднямі.
Дахаты ён не пісаў пра асаблівасці сваёй службы. “Служу на граніцы, усё нармальна”, – супакойваў Сяргей бацькоў. А калі вярнуўся, палохацца было ўжо позна – заставалася толькі радавацца, што ўсё закончылася добра…
Другая, пасляармейская спроба штурму Мінскага медыцынскага інстытута закончылася ўдала…
– Памятаю, як прыйшлі мы на першыя заняткі: учарашнія школьнікі, дзеці, па сутнасці, такія шчаслівыя, што збылася наша мара, што мы – студэнты. І тут уваходзіць – Сяргей: прыгожы, высокі, у вайсковай форме, з бліскучымі медалямі, такі дарослы і самастойны побач з намі, “зеляпухамі”, – з усмешкай узгадвае іх першае знаёмства жонка, Наталля Іванаўна Івашка. – Я тады падумала: вось каб у мяне быў такі муж… Хоць не тое, што падысці, – глядзець у яго бок баялася: дзе ён – а дзе я…
Папулярнай сёння тэорыі аб тым, што думкі матэрыяльныя, тады яшчэ не ведалі – але яна ўсё роўна спрацавала.
Праўда, “спрацоўвала” доўга: нягледзячы на тое што Сяргей і Наталля вучыліся ў адной групе і нават жылі на адным паверсе інтэрната, пажаніліся яны ўжо перад самым размеркаваннем. Сяргей Станіслававіч не з пароды “ўбачыў – закахаўся – ажаніўся – разлюбіў – развёўся”. Чалавек ад зямлі, ён усё ў жыцці рабіў (і робіць зараз) дыхтоўна, надзейна, бярэ ў рукі “нажніцы”, адмераўшы не сем, а мо сямнаццаць разоў. Затое і памылак у яго амаль што не бывае – ва ўсякім разе сур’ёзных, лёсавызначальных…
Пра тое, каб застацца пасля інстытута ў Мінску, размова не вялася. Была магчымасць паехаць працаваць у Чэрвеньскі раён – Наталля Іванаўна родам са Стаўбцоўшчыны, з радзімы Якуба Коласа. Ды муж у гэтым сэнсе быў непахісны:
– Мы паедзем на маю радзіму. Там – бацькі…
Наталля Іванаўна і не спрачалася: жонка за мужам – як нітка за іголкай…
У раённай бальніцы на той час патрабаваліся эндакрынолаг і акушэр-гінеколаг – гэтыя пасады і прапанаваў маладым спецыялістам галоўны ўрач Валянцін Ігнатавіч Тачоны.
…Здаецца, гэта было толькі ўчора. А ўжо, як у той песні, злёгку “пасерабрыла скроні сівізна”. Зараз Сяргей Станіслававіч – аўтарытэтны ўрач. Шмат гадоў ён узначальвае кардыялагічнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы, яго партрэт занесены на раённую Дошку гонару. Сёння ўжо да яго, як некалі ён сам да Тарэсы Рыгораўны Лісковіч, звяртаюцца за парадай маладзейшыя калегі. Ёсць пацыенты, якія згаджаюцца на шпіталізацыю толькі ў тым выпадку, калі “ёсць месцы ў Івашкі”. Для кагосьці ён – амаль што сямейны доктар, які ведае пра іх усё – і не толькі дыягназ і дынаміку захворвання, але і тое, з-за чаго сёння “падскочыў” ціск ці чаму справы пайшлі на папраўку.
Пацыенты шчыра любяць свайго доктара – і ён адказвае ім узаемнасцю. І ўсё ж асаблівыя адносіны ў Сяргея Станіслававіча да пажылых людзей.
– Ад іх столькі мудрасці і жыццёвай сілы можна пачэрпнуць, – гаворыць ён. – Здараецца, нешта не заладзіцца з раніцы, сапсуе нехта настрой – тады абход пачынаю са сваіх бабулек. Яны і пажартуюць, і нешта з жыцця свайго раскажуць – і ўсе твае непрыемнасці пададуцца дробяззю і растануць як дым.
А доктар, у сваю чаргу, таксама памятае, што лечаць не толькі кропельніцы ды ўколы, але і добрае слова, і ўважлівыя адносіны – часам менавіта іх больш за ўсё не хапае людзям, і не толькі пажылым. І разам з медыкаментамі Сяргей Станіслававіч шчодра выдзяляе, без усялякага рэцэпта, сваім хворым такія патрэбныя і такія ў апошні час дэфіцытныя лекі “ад болю сэрца”, якія да таго ж не маюць ніякіх супрацьпаказанняў.
Вось толькі родных Сяргей Івашка лячыць бярэцца вельмі неахвотна. Калі хварэюць бацькі, то пры найменшай магчымасці стараецца перадаць іх у надзейныя рукі калег. І ўжо тым больш не можа зрабіць укол некаму са сваіх дзяцей, нават у выпадку вострай неабходнасці: прычыніць боль самаму дарагому чалавечку, нават у імя наступнага выздараўлення, для яго – невыносная пакута.
І пры гэтым Сяргей Станіслававіч застаецца чалавекам “ад зямлі” – у сваёй нязменнай грунтоўнасці, абавязковасці, надзейнасці.
А яшчэ – у жыццёвых прыярытэтах. Яго не цікавяць такія традыцыйна мужчынскія захапленні, як паляванне, рыбалка, футбол. Галоўнае яго захапленне, асноўны жыццёвы прыярытэт – дом і сям’я. Любы адпачынак для яго ў радасць, калі побач жонка, дзеці – іх у Івашкаў трое – бацькі – свае і Наталлі Іванаўны. Яны часта збіраюцца разам – у святы ці проста так – таму, што засумавалі… Да прыкладу, у сватоў, якія не толькі вельмі любяць сваіх дзяцей і ўнукаў, але і шчыра паважаюць адзін аднаго, ёсць традыцыя: прыехаць вясной да дзяцей у Астравец (нагадаю: адны – з Кямелішак, другія – са Стаўбцоўскага раёна), каб высадзіць у цяпліцу памідоры. І справа не ў тым, што маладыя самі не справяцца з вясновымі клопатамі – у іх гэта цудоўна атрымліваецца. Да памідораў Сяргей Станіслававіч увогуле нікога не падпускае, гэта яго прэрагатыва. Проста час ад часу хочацца ім сабрацца ўсім разам і наладзіць для сваёй вялікай і дружнай сям’і свята – аказваецца, пры жаданні гэта зрабіць зусім няцяжка.
“Зямныя” Івашкі, абаснаваўшыся ў Астраўцы, нядоўга жылі ў кватэры ў шматпавярхоўцы: як толькі надарылася магчымасць, памянялі яе на іншую – па-першае, большую, бо сям’я да таго часу ўжо вырасла, а па-другое, тут было самае галоўнае: кавалачак зямлі. Каб і сад можна было пасадзіць, і альтанку зрабіць, і цяпліцу пабудаваць. І каб газон быў ля дома – дзецям удосталь у траве пакуляцца і басанож па расе прабегчыся. Каб было дзе павесіць “арэлі дзяцінства” і навучыць малых аполваць градкі, і заўважаць, як расцвітаюць кветкі…
…Усе бацькі мараць пра лепшую, лягчэйшую долю для сваіх дзяцей. Вось толькі мары гэтыя не заўсёды збываюцца. І не таму, што дзеці непаслухмяныя ці ў іх ёсць свае мары, а таму, што бацькі не заўсёды ўлічваюць, што “лягчэйшая работа” не заўсёды залежыць ад колькасці і напружанасці службовых абавязкаў, а часцей за ўсё – ад характару чалавека, ад яго ўмення зачыніць за сабой дзверы – і забыцца пра ўсё, што засталося на рабочым месцы. У Івашкаў так не атрымліваецца. Напэўна, менавіта таму калегі і пацыенты і лічаць іх добрымі ўрачамі…
І, напэўна, таму пакуль што ніхто з іх траіх дзяцей не марыць прадоўжыць сямейную дынастыю – ні рамантычная і артыстычная Юля, ні непасрэдная і абаяльная Алёна, ні не па гадах сур’ёзны Сашка. Шасцігадовы хлопчык з усёй дзіцячай непасрэднасцю “выдаў” прычыну гэтага свайго нежадання:
– Не хачу, каб у мяне былі дзяжурствы…
Так, дзяжурствы і пацыенты, якім зусім недарэчы, у саамы непадыходзячы час, раптам становіцца дрэнна і якім патрэбна дапамога ўрачоў, часта “крадуць” у дзяцей тату і маму, прычым – здаралася і такое – нават з-пад навагодняй ёлкі, за пяць хвілін да прыходу Дзеда Мароза, ці з дня нараджэння, калі трэба задуваць свечкі на святочным торце…
Але калі чалавек, якому ўрач уратаваў жыццё ці дапамог справіцца з хваробай, вярнуў радасць і паўнацэннасць жыцця, вяртаецца, каб сказаць: “Дзякуй, доктар!” – вышэйшай узнагароды, мабыць, няма ў свеце.
А лёгкай працы – яе, мусіць, не існуе ўвогуле, ні ў якой прафесіі. Ва ўсякім выпадку, для тых людзей, якія не ўмеюць заставацца раўнадушнымі да людскога болю, да чужой бяды.
У прыватнасці, для такіх, як “доктар ад зямлі” Сяргей Станіслававіч Івашка…


-------------------
Ніна РЫБІК.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений