В Некрашунах найден пункт Дуги Струвэ

17:00 / 20.07.2015
1
У мінулым годзе дзякуючы намаганням нераўнадушных да гісторыі роднага краю людзей быў адкрыты (лічы, нанова!) трыангуляцыйны пункт Дугі Струвэ – Конрады. Як паказаў час і дасланы краязнаўцам Уладзімірам Уладзіміравічам Прыхачам артыкул, астравецкая зямля хавае ў сабе яшчэ шмат нязведанага.

Пагэтаму мы не маглі пакінуць без увагі таямнічыя Некрашуны. І нягледзячы на тое што пошукі ўнікальнага геадэзічнага месца па пэўных прычынах адкладваліся на працягу года, экспедыцыя ўсё ж адбылася! І, забягаючы наперад, адзначу – паспяхова!


…Карты з прыблізным пазначэннем месца, адна рыдлёўка, шэсць рук, тры пары вачэй, якія гараць жаданнем адкрыццяў, – што яшчэ трэба для пошукаў? Міні-экспедыцыя ў складзе Эміліі Комар, Дзмітрыя Дамарада і аўтара гэтых радкоў рушыла ў дарогу шукаць таямнічы пункт Некрашуны.

Адразу стала зразумела, што шукаць давядзецца ў лясным масіве. Углядаючыся ў трохвугольнічак на карце (менавіта так пазначаюць трыангуляцыныя пункты. – Заўв.аўт.). Я лічыла, што нічога складанага ў гэтым няма. Як я памылялася!

…Пакідаем машыну на абочыне і ідзём па дарозе праз ячменнае поле. Лес сустракае чырвонымі ліхтарыкамі суніц, што блішчаць у зялёнай траве, і летнімі краскамі. Аднак чым далей мы паглыбляемся ў гушчар, тым больш непрыветлівым ён становіцца: то дрэва, здаецца, “заплакала”, то галінка трэснула ад дотыку некага нябачнага… Відаць, не хоча некрашунскі лес так проста паказваць давераную яму таямніцу – унікальны трыангуляцыйны пункт.

Пасля блуканняў па лясной дарозе давялося зноў браць у рукі карту. Яна дала добрую падказку: трэба шукаць узвышша, а на ім – трыангуаляцыйны пункт. Азіраючыся вяртаемся назад. Дзесьці пасярэдзіне Дзмітрый збочвае з дарогі і накіроўваецца ўглыб лесу, мы з Эміліяй няўпэўнена ідзём следам.

Праз некалькі крокаў Дзмітрый спыняецца на невялікім пагорку дыяметрам каля дзесяці метраў. Нічога прыкметнага: дзікая яблынька, паваленая сасна, зараснікі папаратніку… Але Дамарад пачынае капаць.

Прызнаюся: нават падумаць не магла, што тут мы нешта знойдзем. Звычайна над трыангуляцыйнымі пунктамі будаваліся “вышкі”. У мінулым годзе астравецкім краязнаўцам дапамаглі ў большай ступені не навігатар ці карты, а менавіта дваццаціметровая трайная металічная піраміда. Некрашунская вышка-сігнал, згодна з гістарычнымі звесткамі, павінна быць большай за 8 метраў…

…Праз некалькі хвілін рыдлёўка стукаецца аб нешта цвёрдае – па гуку падаецца, што аб камень. Дзмітрый капае больш асцярожна. Літаральна праз хвіліну з-пад пяску паказваецца верх каменнага куба. Мы не можам паверыць сваім вачам. Трыангуляцыйны пункт Некрашуны ЗНОЙДЗЕНЫ! Зверху на ім выбіты  крыжык і рымская лічба ІІІ. “Крыжыкі” сустракаюцца на ўсіх вядомых трыангуляцыйных пунктах. А вось “тройка”, напэўна,  выгравіравана таму, што пункт Некрашуны з’яўляецца вяршыняй трохвугольнікаў, якія ўтвараюць на мясцовасці трыангуляцыйныя пункты.

Самае цікавае, што знойдзены трыангуляцыйны пункт, хутчэй за ўсё, арыгінальны, устаноўлены больш за два стагоддзі назад Карлам Тэнерам і яго паплечнікамі. Ну вельмі знешне ён падобны да свайго ашмянскага “брата”  – трыангуляцыйнага пункта Тупішкі!

Можа, і некрашунскі пункт стане такім жа знакамітым турыстычным аб’ектам, як і ашмянскі, і будзе шостым занесеным у спіс гістарычнай спадчыны ЮНЭСКА трыангуляцыйным пунктам на тэрыторыі Беларусі і першым – у Астравецкім раёне?


Кароткая даведка:

Дуга Струвэ (Руска-Скандынаўская дуга) – унікальнае градуснае вымярэнне дугі мерыдыяна, якое дазволіла вызначыць геаметрычныя параметры зямлі, яе форму і памеры; адзіны памятнік Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА, які адначасова знаходзіцца на тэрыторыі дзесяці краін: Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Беларусі,  Малдовы і Украіны.

Дугу ўтвараюць трыангуляцыйныя пункты (165 асноўных і 65 дадатковых) агульнай працягласцю 2 820 кіламетраў.

Паводле віртуальнага музея мерыдыяна дугі Струвэ, на сённяшні дзень захавалася ўсяго 34 пункты, з іх – 21 на тэрыторыі Беларусі. Толькі пяць з беларускіх трыангуляцыйных пунктаў афіцыйна занесены ў Сусветны спіс спадчыны ЮНЭСКА.

Трыангуляцыйныя пункты ўяўляюць сабой закапаныя ў зямлю каменныя збудаванні. Звычайна іх рабілі з чырвонай цэглы, або гэта былі кубы 2х2 метры з граніту.


---------------------------

Алена ГАНУЛІЧ.

Фота аўтара і Д. ДАМАРАДА.