Пра знакавых людзей, падзеі і аб’екты горада расказваюць астраўчане

08:30 / 18.08.2023
Малады і старажытны «маленькі астравок» зямлі нашай, Астравец, адзначае важкі юбілей – 555-годдзе з моманту першай згадкі ў пісьмовых крыніцах. З гэтай нагоды астраўчане назвалі 5 галоўных падзей, людзей, аб’ектаў у гісторыі нашага горада.

Расціслаў Бразінскі, раённае аб’яднанне прафсаюзаў:

8888.jpg

– Я карэнны астраўчанін. Усё маё свядомае 
жыццё, акрамя пяці гадоў вучобы ва ўніверсітэце, прайшло тут. На маіх вачах горад мяняў сваё аблічча: прырастаў новымі дамамі і мікра­раёнамі, аб’ектамі інфраструктуры. Каб хтосьці гадоў 20-30 назад сказаў, што наш правінцыйны райцэнтр стане адным з самых маладых і сучасных гарадоў, напэўна, не паверыў бы. 

5 падзей
1. Згадка пра населены пункт з назвай Астравец у пісьмовых крыніцах. 
2. Калі выбіралі, які населены пункт зрабіць цэнтрам раёна, вагаліся між Варнянамі і Астраўцом. У той час першы быў дастаткова развітым і вялікім мястэчкам у адрозненне ад свайго «саперніка». Але на карысць другога сыграла блізкасць чыгункі. Так транспартная даступнасць да Астраўца адыграла ключавую гістарычную ролю. 
3. Моцна ўрэзалася ў памяць, калі пабу­давалі дамы на плошчы з ацяпленнем і ўсімі выгодамі – гэта было дзівам для астраў­чан. Шчаслівыя ўладальнікі кватэр у гэтым жыллі падаваліся ледзь не небажыхарамі. Ім не трэба было цягаць дровы, брыкет, паліць печ… У Астравец прыйшла «цывілізацыя». 
4. Шчаслівы білет не толькі астраўчане, але і ўсе жыхары Астравеччыны выцягнулі, калі было прынята рашэнне аб будаўніцтве атамнай электрастанцыі на тэрыторыі нашага раёна. З’явіліся новыя працоўныя месцы, сацыяльныя і гандлёвыя аб’екты. Дзякуючы гэтаму ў Астраўцы шмат моладзі – а гэта новыя ідэі, веды, падыходы.
5. 2012 год, калі Астравец атрымаў статус горада. Нам пашчасціла, што яго навейшая гісторыя нараджаецца і пішацца на нашых вачах.

5 людзей
1. Свайго першага кіраўніка Адама Іванавіча Стручко я заўсёды буду помніць і ўзгадваць з удзячнасцю і павагай. Пры ім быў пабудаваны аўтапарк, дзе я пачынаў працоўную дзейнасць слесарам ІІ разраду, тры дамы… Гэта разумны, талерантны і мудры чалавек. 
2. Анатоль Іванавіч Бацюлеў – чалавек, які стварыў і трымаў адно з паспяховейшых раённых прадпрыемстваў мінулага стагоддзя – камбінат будаўнічых матэрыялаў. 
3. Былы галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Валянцін Аляксандравіч Ражко ўмеў бачыць і цаніць спецыялістаў – а гэта дарагога каштуе ў любыя часы. 
4. Валянцін Ігнатавіч Тачоны – не толькі моцны кіраўнік, але і гаспадар, які бачыў перспектыву на некалькі крокаў наперад. 
5. У апошняй пазіцыі наўмысна не буду называць прозвішчы, а вобразна скажу: астраўчане. Бо, па вялікім рахунку, дзякуючы штодзённай кар­патлівай працы кожнага работніка наш горад квітнее, прыгажэе і развіваецца.

5 аб’ектаў
1. Беларуская АЭС. Яе будаўніцтва дало значны штуршок для развіцця інфраструктуры. 
2. Цэнтральная раённая клінічная бальніца. Такой установай аховы здароўя можа пахваліцца далёка не кожны абласны цэнтр.
3. Не мной сказана, што самыя выгадныя ўкладанні – гэта ўкладанні ў адукацыю нашых дзяцей. Новыя сучасныя садкі, гімназія, СШ №3, цэнтр творчасці дзяцей і моладзі… Пабываўшы ў іх, парадаваўся за маленькіх астраўчан і іх бацькоў.
4. Спартыўныя аб’екты: фізкуль­турна- і спартыўна-аздараўленчыя комплексы, лядовая пляцоўка… Некалькі дзесяцігоддзяў назад мы пра гэта маглі толькі марыць.
5. Шматфункцыянальны культурны комплекс, які пад адным дахам сабраў бібліятэку, музей, міні-кінатэатр…

Таццяна Дашук, Мальскі дзіцячы сад:

Дашук Татьяна.jpg

– Па волі лёсу жылі і на Віцебшчыне, і на Гомель­шчыне, але мужавы бацькі хацелі, каб мы перабраліся бліжэй. Як цяпер памятаю словы свёкра: «Дзіця, пераязджайце ў Астравец, пагутару з Самошкіным – дапаможа. І жыллё будзе. І работа». І сапраўды кіраўнік МБА выдзеліў нам КамАЗ, каб перавезці ўсе нашы пажыткі. У Астраўцы мы з 29 верасня 1981 года. Напачатку пазлы не склаліся: жылля не было – размясцілі нас у актавай зале інтэрната па вуліцы Камсамольскай… <…> Хоць у жыцці здараліся розныя сітуацыі, але заўсёды знаходзіліся людзі, якія дапамагалі.

5 падзей
1. Пераезд нашай сям’і ў Астравец. Тут прайшлі лепшыя гады майго жыцця, і гэты горад я люблю ўсім сэрцам.
2. Будаўніцтва ў нашым раёне атамнай электрастанцыі. Навіну тады ўспрыняла з энтузіязмам, хоць некаторыя плявузгалі языкамі, маўляў, небяспечна, страшна… У такіх сітуацыях парыравала: у іншых краінах жывуць і не з адной станцыяй. Астраўчане ад будоўлі стагоддзя толькі выйгралі!
3. А апошнія тры пункты аб’яднаю: гэта адкрыццё гімназіі, садкоў, аптэк, бібліятэк, магазінаў, спартыўных комплексаў (унукаў з лядовай пляцоўкі не выцягнуць!). 

5 людзей
1. Пасля пераезду ў Астравец было цяжка. Не цуралася ніякай работы: прыбірала ў адміністрацый­ным будынку РАНА, мяла тэрыто­рыю ля кінаканцэртнай залы і расчышчала снег… Аднаго разу ля мяне спынілася статная жанчына і пацікавілася, ці замужам, адкуль я, чаму тут. Я і расказала сваю гісторыю. Аказалася, што гэта Лідзія Аркадзьеўна Белабокая. Неўзабаве для дачушак знайшліся месцы ў дзіцячым садку, я змяніла месца работы. Даслужылася да партарга.
2. З павагай і непрыхаванай цікавасцю сачу за работай нашага старшыні райвыканкама Ігара Яраслававіча Шалудзіна. Толькі наш Астравец мог заслужыць такога інтэлігентнага, разумнага, далікатнага і імпазантнага кіраўніка.
3. Таццяна Цімафееўна Мароз – першая настаўніца маёй старэйшай дачкі. Алена Кандрацьеўна Алексеёнак – другая школьная мама маёй другой дачкі. Вельмі ўдзячна ім. Гэта людзі і педагогі ад Бога. 
4. Мой стрыечны брат, светлай памяці наш бацюшка айцец Павел Варановіч, – чалавек глыбокай веры і шырокай душы. Упэўнена, што многія астраўчане ўспамінаюць святара доб­рым словам і да гэтага часу.
5. Мой мальскі зяць Саша, які для мяне як сын. Працавіты, добры, безадмоўны – без яго па хатніх клопатах я не справілася б. Мая правая рука. Дровы папілаваць – не пытанне, разетку глянуць – Саша тут як тут. Кожная цешча можа толькі марыць пра такога зяця!

5 аб’ектаў
1. Усё пазнаецца ў параўнанні. Даўней нас аўтобус на работу забіраў з месца, дзе цяпер адміністрацыйны будынак Беларусбанка. Да прыпынку мы ішлі ў гумовіках, бо стаяла гразь – толькі на рабоце пераабуваліся. Цяпер, калі еду на скутары на работу ў Малі, не магу налюбавацца прыгажосцю старой часткі горада. Асобная падзяка камунальнікам за чысціню, кветкі, дрэўцы. 
2. Гістарычны цэнтр Астраўца і раённая Дошка гонару і славы ля райвыканкама, таму што за ўсімі дасягненнямі, змяненнямі і станоўчымі вынікамі стаіць праца людзей. Таксама хацелася б, каб на ёй з’яўляліся прозвішчы і фотаздымкі не толькі перадавых працаўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў, але і школьнікаў. Многія з іх перамогамі ў алімпіядах і спаборніцтвах, творчых конкурсах праслаўляюць наш Астравец. 
3. Падабаецца раён Дубраўнай і іншыя мікрараёны новага горада. Прыемна воку глянуць: прыгожыя дамы, акуратныя фасады… Цудоўна добраўпарадкавана лесапаркавая зона – як там хораша! 
4. Царква Святых апосталаў Пятра і Паўла – важны і знакавы аб’ект для ўсіх праваслаўных астраўчан. 
5. Часта бываю ў раённай біблія­тэцы, сваімі маштабамі і арыгінальным інтэр’ерам уражвае шматфункцыянальны культурны комплекс… Увогуле ў нашым горадзе люблю ўсё! 

Вольга Багдановіч, у адпачынку па доглядзе дзіцяці: 

Богданович Ольга.jpg

– У Астраўцы я нарадзілася, вучылася і працавала да дэкрэтнага адпачынку. Я моцна яго люблю! Гораду і яго жыхарам жадаю развіцця і росквіту...

5 падзей
– Зазіраць углыб стагоддзяў не буду, а распавяду пра падзеі, якія адбыліся са мной пасля апошняга юбілею горада (чытайце – за 5 гадоў).
1. Я стала жонкай і мамай самых неверагодных і цудоўных мужчын у свеце. Удзячна лёсу за сына і мужа.
2. Мы атрымалі арэнднае жыллё.
3. Адбыўся запуск 2-га энергаблока – самы стра­тэгічны аб’ект краіны запрацаваў на ўсю магутнасць.  
4. У горадзе адкрылася столькі новых аб’ектаў, што і пальцаў на руках не хопіць, каб іх пералічыць.
5. 555-гадовы юбілей Астраўца!

5 людзей
1. Назаву не канкрэтнага чалаве­ка, а нашу мясцовую ўладу. Яе прадстаўнікі – сапраўдная каманда. У тым, якім стаў Астравец, ёсць заслуга і кожнага жыхара. 
2. Ганаруся нашымі спартсменамі. Прафесія­наламі і аматарамі, якія прадстаўляюць нашу маленькую радзіму на спаборніцтвах рознага ўзроўню, пачынаючы з абласных і заканчваючы міжнароднымі.
3. Лета – час жніва. Пастаянна сачу за пераможцамі палявых «спаборніцт­ваў». Дзякуючы гэтым людзям, у нас ёсць, як кажуць, хлеб і да хлеба. 
4. Дзякуй супрацоўнікам «Астравецкай праўды». Яны сапраўдныя летапісцы нашага краю. 
5. Людзі, якія занесены на Дошку гонару, адназначна заслугоўваюць таго, каб імі ганарыліся. Штогод фатаграфіі на гэтай дошцы змяняюцца. Кожны жыхар горада і раёна робіць адну агульную і важную справу і разам мы – вялікая астравецкая сям’я.

 5 аб’ектаў
1. Адрэстаўраваны будынак палік­лінікі. Там цяпер вельмі прыгожа, стыльна, светла і ўтульна. Толькі на днях там пабывала, зацаніла.
2. Спартыўная пляцоўка каля вадаёма ў 1-м мікрараёне. Якраз я там жыву, і гэта цудоўны падарунак да дня горада. Заўсёды на гэтай пляцоўцы вечарамі займалася шмат людзей, прыхільнікаў здаровага ладу жыцця. Упэўнена, цяпер іх стане значна больш!
3. Ратонда на востраве кахання. У моладзі з’явілася яшчэ адно інстамесца для фота. (Усміхаецца.)
4. Новы аўтавакзал. Прыгожа. Сучасна. Зручна. І, га­лоўнае, прасторна!
5. Лядовая пляцоўка! Яшчэ там не была, але калі маё дзіця падрасце, абавязкова ўсёй сям’ёй будзем часта яе наведваць. 
Пералічыць 5 аб’ектаў складана. У нашым горадзе пастаянна шмат робіцца ўладамі, каб палепшыць жыццё жыхароў. У нас шмат месцаў, куды можна схадзіць.

Текст: