Дубнікі і іх жыхары

08:08 / 04.10.2010
10
Дубнікі, як паселішча, аказваецца, старэйшае за Астравец – упершыню ў архіўных дакументах яно згадваецца ў 1462 годзе, калі баярыня Марына, удава пана Сангайлы, якой належаў маёнтак, запісала з яго некалькі чалавек у фундуш парафіяльнаму касцёлу. Далей Дубнікі пераходзілі з роду ў род, з рук у рукі. Імі валодалі ў свой час баярыня Соф’я Сваірбловіч, Ярмола Слатовіч і яго сыны, Андрэй і Ганна Забелічы, гаспадарскі баярын Міхайла Рымковіч, гаспадарская зямянка Настасся Дубіцкая і многія іншыя.
Палац Мінэйкаў

У ХVІІ стагоддзі вёска адносілася да Віленскага павету Віленскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. У ХІХ-ым – цэнтр маёнтка ў Віленскім павеце. Паводле рэвізіі 1857 года ў Дубніках пражывалі 92 рэвізскія душы – валоданне памешчыка Мінэйкі.
Гэты памешчык непадалёк ад вёскі збудаваў сабе ў 1878 годзе двухпавярховы палац. Сапраўдны – з флігелямі, будуарамі, бібліятэкай і нават з танцавальнай залай. З тыльнага боку палаца прыхаваныя ў дрэвах узніклі дамы (з чырвонай цэглы) для службы. Тут жа – ляднік з чэсанага каменя і іншыя гаспадарчыя забудовы.
А навокал прырода! І сёння – не налюбавацца. Вузенькая (у часы Мінэйкаў яна напэўна была куды больш шырокай і дагледжанай) рачулка, як лязом, сваім рэчышчам разразае гарыстую мясцовасць. Перапады рэльефу – нібы ў падножжы Альпаў. А навокал – пяцісотгадовыя волаты-дубы ўперамежку з таўстастволымі клёнамі. І ліпавая алея, стоячы на якой не можаш не ўяўляць, як коцяцца, падскокваючы на камянях брукаванкі, брычкі гасцей. У незлічоных вокнах палаца гарыць святло, а з танцавальнай залы даносяцца гукі паланезу – паны Мінэйкі даюць баль…
А колькі навакольных паноў “незнарок” завітвалі да Мінэйкаў, калі ў іх у 1880-ых гадах некалькі разоў гасцяваў Генрык Сянкевіч! Кожны з іх марыў пазнаёміцца са знакамітым польскім пісьменнікам. Але, калі верыць біёграфам, Сянкевіч трымаўся ўбаку ад мясцовага панства – якраз у гэты час ён працаваў над раманам “Пан Уладыеўскі”, і прыдуманыя героі былі для яго больш сапраўднымі, чым рэальныя людзі.
Паны Мінэйкі многае маглі сабе дазволіць, таму што валодалі (прынамсі, у 1905 годзе) 4074 дзесяцінамі зямлі, што ў пераводзе на прывычныя нам гектары складае амаль 4 з паловай тысячы. Перад Другой Сусветнай вайной маёнткам запраўляла пані, якая жыла тут разам з дачкой. Яе муж, чалавек тоўсты і чырванатвары (што сведчыць аб высокім артэрыяльным ціску), любіў хадзіць на паляванне. Аднойчы, калі ён вяртаўся дадому з паляўнічымі трафеямі, непадалёк ад палаца на сенажаці з ім здарыўся “ўдар”. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што пан памёр амаль адразу, а пані загадала праз нейкі час паставіць на гэтым месцы камень з умацаваным на ім крыжам. З гадамі крыж зламалі вандалы, а камень, які перашкаджаў касілкам працаваць, пачалі паціху падкопваць, каб ён апусціўся ў зямлю.
Старэйшыя жыхары дагэтуль памятаюць апошніх Мінэйкаў, але іх успаміны носяць крыху палярны характар. Адны расказваюць, што пані і яе дачка ўсяляк спрыялі развіццю асветніцтва сярод сялян, з гатоўнасцю дазвалялі дубніцкай дзятве карыстацца кнігамі са сваёй бібліятэкі. Актыўных чытачоў пані нават прэміравала цукеркамі. Сцяміўшы гэта, маленькія чытачы прыходзілі мяняць кнігі ледзь не кожны дзень.
Іншыя ўспамінаюць, што пані Мінэйка была вельмі строгай гаспадыняй. У суправаджэнні двух сабак ездзіла вярхом па лесе, пільнавала, каб не кралі дрэва, ягады і грыбы.


Расказвае Франц Зыгмундавіч КУШЛЕВІЧ:

–Спаткае пані каго ў ягадах – бічом праз плечы. Хочаш збіраць у панскім лесе – заплаці або адпрацуй. Не толькі за ягады – за выварацень або сухастойнае дрэва таксама. І так у заробкі да пані хадзілі. Камандаваў, калі казаць па-нашаму, брыгадзір, а па-панску – эканом. Ён і спіскі складаў, па якіх праз спецыяльнае акенца пані штовечар выдавала работнікам плату. Усё было амаль што як у калгасе, толькі званне іншае. Буракі на полі садзілі – хіба мужык іх выносіў на свой надзел? Каровам сваім пані муку давала. Хадзілі – як ласі. Тады людзі не мелі чаго есці, а яна – каровам дабро аддавала! У брычку, на якой яе вёз фурман, заўсёды ўпрагалі некалькі коней. Найбольш, як я бачыў, было пяць: адзін спераду, а за ім – два па два, прышчэпленыя да дышля.
У 1939 годзе грымнула вайна. Пані разам з дачкой, пакінуўшы ўсё сваё багацце, уцяклі ў Польшчу. Пакідалі ўсё: дабро, мяса, кароў, свіней… Людзі кінуліся рабаваць – цягнулі, хто што мог. Памятаю, мой швагер цягнуў за вяроўку карову, а мне, малому, трэба было падганяць яе ззаду. Я сцёбаў рагулю віткай, а яна, ашалеўшы ад віруючага навокал натоўпу, адмаўлялася зрабіць хаця бы крок. Швагер лаяўся на мяне, а я бездапаможна плакаў.
За лічаныя гадзіны расцягнулі ўвесь маёнтак. А потым пайшла пагалоска, што пані вяртаецца, і людзі сталі адвозіць нарабаванае назад. Яго тут жа перахоплівалі іншыя…
Пані так і не вярнулася. Але некалькі гадоў таму прыязджалі яе ўнучкі. Ці праўнучкі? Пахадзілі ля палаца, паглядзелі на яго стан, пакруцілі галовамі. Ну, яны не бачылі, якім ён быў раней, ім сэрца і не баліць. Вось каб сама пані ўстала з магілы ды глянула, што стала з яе багаццем… Зноў бы памерла ад разрыву сэрца…



Шпіталь для хранічна хворых

Расказвае Марыя Іосіфаўна БАГДАНОВІЧ:





–Я прыехала ў Дубнікі ў красавіку 1968 года. Атрымала размеркаванне пасля заканчэння філіяла Юрацішкаўскага медвучылішча ў Лідзе.
Адразу пасля вайны ў панскім палацы размяшчалася МТС, потым, у 1955-56 гадах, стварылі калгасны дом інвалідаў, але і ён праіснаваў нядоўга – у 1961-62 гадах у былы Дубніцкі палац сталі звозіць хранічных псіханеўралагічных хворых. Не толькі з Беларусі –тут знаходзіліся хворыя нават з Масквы. Шпіталь быў разлічаны на 156 койка-месцаў, а на момант майго прыезду ўмяшчаў 175 хворых. І калі першапачаткова ў ім было задумана ўтрымліваць хворых, якія нарадзіліся з псіхічнымі адхіленнямі (алігафрэны і г.д.), то вельмі хутка спецыялізацыя шпіталя змянілася, і ў ім сталі ўтрымліваць амаль выключна хворых на шызафрэнію.
Як медработнік, магу вас запэўніць, што кожны з людзей у той ці іншай ступені мае прыкметы гэтай хваробы. Вось толькі праяўляюцца яны далёка не ва ўсіх. А калі і праяўляюцца, то лепш, каб працэс пачаўся рэзка і бурна – тады ёсць шанс вылечыцца. Калі ж хвароба развіваецца спадцішка гадамі, чалавек страчвае магчымасць вярнуцца ў рэальны свет.
Большасць нашых хворых – людзі з вышэйшай адукацыяй: бухгалтары, інжынеры, педагогі, мастакі… Быў нават палкоўнік і дыпламат. А яшчэ – былая культработніца. Час ад часу яна ладзіла для нас канцэрты – Божачка, якім цудоўным быў у яе голас! І з акампаніятарамі праблем не ўзнікала. Шмат гадоў жыў у нас Сеня. Ён амаль не мог размаўляць, але нехта з вёскі падарыў яму двухрадку, і Сеня сам па сабе навучыўся на слых падбіраць любую мелодыю.
Шпіталь меў сваю гаспадарку: больш за 100 свіней, восем кароў, курэй, трусоў. Вырошчвалі гародніну і бульбу. Хворыя ў стане рэмісіі праходзілі так званую працатэрапію – даглядалі жывёлу і агарод. Асноўная частка вырашчанай прадукцыі ішла на шпітальны стол, некаторую колькасць мяса нават прадавалі.
Амаль сорак гадоў давялося жыць побач з хворымі людзьмі. Прывыклі: мы – да іх, яны – да нас. Жылі своеасаблівай, але адной сям’ёй. Без перабольшвання магу сказаць, што нярэдка за сценамі псіхбальніцы можна сустрэць куды больш сацыяльна і псіхічна небяспечных людзей, чым была большасць нашых пацыентаў. Проста родныя паспяшаліся збыць іх з рук. Хаця, вядома, небяспекі і ў нас хапала. Нярэдка ад узбуджанага хворага прыходзілася ўцякаць на злом галавы, так што 40 прыступак лесвіцы адольвалі за 10 прыёмаў. І з сякерай за намі ганяліся, і з лязом…
Аднаго з першых дырэктараў нашай бальніцы пацыент, лічы, на той свет адправіў. Алыцкі зрабіў хвораму, які прынёс дровы да печкі, заўвагу – навошта так шмат? А той, нядоўга думаючы, ударыў яго па галаве звяном ад трактарнай гусеніцы. Праз паўгода дырэктар памёр.
А наогул кіраўнікі ў нас мяняліся вельмі часта. Напэўна, не ўсе маглі прыстасавацца да спецыфікі работы. У розныя гады псіханеўралагічным шпіталем кіравалі Дзінега, Кур’ян, Алыцкі – пры гэтых трох я не працавала, таму іх імя і імя па бацьку не ведаю. Потым – Васіль Ларыёнавіч Міхаленка, Віктар Данілавіч Казакевіч, Яўген Іванавіч Бабіч, Леакадзія Гіляраўна Сцефановіч, Іван Генрыхавіч Багдзевіч, Уладзімір Мікалаевіч Восіпаў, Часлаў Іосіфавіч Юркойць, Рыгор Уладзіміравіч Пілюк.
Большасць з пералічаных затрымалася ў нас толькі на паўтара-два гады – або вызвалялі ад пасады, або самі вызваляліся. Выключэннем стаў Васіль Ларыёнавіч, які ўзначальваў шпіталь на працягу 17-ці гадоў. Вельмі шмат для абуладкавання і развіцця бальніцы зрабіў Уладзімір Мікалаевіч Восіпаў. Пры ім жыццё-быццё нашых хворых перайшло на якасна іншы ўзровень.
А потым пачалася перабудова. Медыцына, як і ўся шматгаліновая дзейнасць краіны, аказалася ў цісках дэфіцыту сродкаў…
Канешне, мы шукалі выйсце. Вельмі шмат дапамагала дабрачынна-рэлігійная арганізацыя “Карытас” – прывозілі вопратку, лекі, харчовыя прадукты. Словам, “трымаліся на плыву”. Але нехта з правяраючых вызначыў, што асноўны будынак шпіталя знаходзіцца ў аварыйным стане…
Пяць гадоў таму было прынята рашэнне ліквідаваць наш шпіталь. Па іншых, больш сучасных і прыстасаваных дыспансерах я развозіла нашых хворых сама.
Лячыць некаторых з іх мне давялося на працягу сарака гадоў. Паверце, што развітанне было нялёгкай справай. Псіхічна хворыя людзі – як дзеці. І невядома, хто з нас бліжэй да Бога…


Расказвае былая санітарка шпіталя Валянціна Міхайлаўна ТРЫБОЦКАЯ:


–Я адпрацавала ў Дубніцкім шпіталі для душэўна хворых 10 гадоў. Першы свой працоўны тыдзень думала: не вытрымаю. Паглядзела, як гэтыя няшчасныя людзі паводзяць сябе ў сталовай, зайшла ў аддзяленне ляжачых, а калі ўбачыла буйных…
А потым прывыкла. Так, яны хворыя – але яны таксама людзі, і цяпло і ўвага ім патрэбны ніколькі не менш, чым здаровым. З некаторымі ў нас з часам завязалася нават своеасаблівая дружба.
Мой дом непадалёк ад шпіталя, дык некаторыя прыходзілі ў госці. Асабліва адна жанчына. Яна вельмі любіла дзяцей, і да маіх ставілася з нейкай шчымлівай пяшчотай. Дапамагала мне па гаспадарцы. Я не прасіла – яна сама бачыла, што трэба зрабіць.
Пасля закрыцця шпіталя мая дарослая дачка вырашыла праведаць гэту жанчыну і паехала ў Шчучын. Вярнулася дадому ўся ў слязах. Нашы былыя пацыенты абступілі яе з усіх бакоў, плакалі, прасіліся: “Забяры нас дахаткі”. У нас жа ім воля была: і ў лес сходзяць па ягадкі, і каля рэчкі кветак назбіраюць, упрыгожаць вокны шпіталя, і па панскай алеі гуляюць, колькі хочацца. А там іх выпускаюць толькі ў двор. Як у турме…
І палаца шкада. Калі ў ім размяшчаўся шпіталь, стан будынка па меры магчымасці падтрымліваўся, а цяпер – самі бачыце…
Нядаўна ў раёнцы праскочыла інфармацыя, што нерухомасць былога шпіталя выстаўлена на аўкцыён. Прыязджалі тут, разглядалі… Але купляць усё адразу ніхто не спяшаецца. Адзін прадпрымальнік збіраўся ў частцы падсобных памяшканняў адкрыць дрэваапрацоўчы цэх, другі хацеў бы набыць сам палац. Пахадзілі, пацокалі языкамі…
Па мне, дык няхай бы купіў хто-небудзь і адкрыў пансіянат адпачынку – мясціны ж у нас непаўторныя! І адпачываючым рай адкрыўся б, і ў нас, жыхароў Дубнік, з’явілася б праца.



А паміж тым у вёсцы...

У вёсцы Дубнікі жыццё ідзе сваёй чаргой: нараджаюцца, растуць, жэняцца, нараджаюць, старэюць і…






На жаль, нараджаць амаль перасталі. Ва ўсёй вёсцы налічваецца толькі 6 дзяцей.
Маладыя спяшаюцца пакінуць вёску – няма працы. Раней у тым жа шпіталі для псіхахронікаў было 100 працоўных месцаў – ідзі, уладкоўвайся. Калі не маеш кваліфікацыі, запісвайся ў вартаўнікі або санітаркі. А цяпер працу шукаюць за межамі вёскі. Каб затым пераехаць, так бы мовіць, у больш перспектыўную вёску ці нават горад.
Зрэшты, так робяць не ўсе.
Дзе нарадзілася, там і прыгадзілася

Да прыкладу, Людміла МІХАЙЛОЎСКАЯ роднай вёсачцы вырашыла не здраджваць.






Пасля заканчэння Варнянскай адзінаццацігодкі яна паспрабавала сябе ў ролі прадаўца. Ці то не атрымалася, ці то самой стала нецікава, толькі аднойчы яна прыйшла на ферму “Карвэлі”.
Як прызнаецца сама дзяўчына, асаблівых навыкаў у даярскай справе ў яе не было. Карову, канешне, даіць умела – на вёсцы ж вырасла! Але не больш таго.
– Загадчыца фермы прапанавала мне спачатку падвучыцца ў вопытных, – расказвае Людміла. – Вучоба атрымалася вельмі кароткатэрміновай – два дні я пахадзіла па ферме, назіраючы, як працуюць даяркі. А на трэці сама ўзялася за справу. Гэта як з халвой – сто раз можаш вымавіць яе назву, але саладзей у роце не стане. Так вось атрымліваецца і з працай – пакуль сваіх гузакоў не наб’еш, яе тонкасці не зразумееш. Чужы вопыт – чужы і ёсць.
Невысокая, усмешлівая прыгажуня з крыху запаволенымі, поўнымі грацыі рухамі – цяжка нават уявіць, што вось гэтымі маленькімі, далікатнымі далонькамі яна штодня робіць столькі фізічнай працы.
–Наша ферма працуе ў рэжыме трохразовай дойкі, – кажа Людміла. – Гэта значыць, што кожную раніцу ў пяць гадзін мне трэба быць на працоўным месцы. У 12 гадзін пачынаецца другая дойка, у 20.00 – трэцяя. Вось і атрымліваецца, што на ферме даводзіцца быць ледзь не круглыя суткі. Нічога, я прывыкла. Тым больш, што ў нас ёсць падменная даярка, так што выхадныя дні мы атрымліваем строга па графіку.
У яе групе 45 кароў – столькі ж характараў і фізіялагічных магчымасцей лактацыі, якія, калі хочаш атрымаць добры вынік, трэба дасканала вывучыць. Людміле гэта яўна ўдалося, – нездарма ж па выніках мінулага года яна атрымала ў сярэднім ад каровы сваёй групы больш як па шэсць тысяч кілаграмаў малака.
І сама праца, і яе аплата маладую даярку ўпаўне задавальняюць. Ёсць чым заняцца і ў выхадныя дні – дубніцкія лясы шчодрыя на ўраджай ягад і грыбоў. Ды і па дому праца заўсёды знойдзецца. Вось толькі з “культурным адпачынкам” нічога не атрымліваецца. Няма ні ў саміх Дубніках, ні ў сумежных з імі Карвэлях нават клуба – сядзі дома, глядзі тэлевізар…
Можа, і ў гэтым хаваецца прычына таго, што за апошнія гады вёска настолькі апусцела?
А некалі ж было...

Расказвае Аляксандр Рыгоравіч МІХАЙЛОЎСКІ:





–Раней наша вёска была зусім іншай. Маладой, мнагалюднай, вясёлай. Вось тут, амаль насупраць нашай хаты, калгас выкапаў стаў – летам мы, дзятва, літаральна жылі ля яго: купаліся, рыбачылі, будавалі плыты. Цяпер вадаём закінуты – зарос чаротам ды раскай. Плотачку якую, бывае, яшчэ выцягну, а наконт таго, каб скупнуцца – і марыць не варта. Ды і няма асабліва каму купацца – паўцякалі маладыя ў горад у пошуках лепшых умоў. Як ім там – не ведаю, але ніводзін назад не вярнуўся. Відаць, лепш, чым у нас на вёсцы.
Змоладу я таксама паспрабаваў гарадскога хлеба – вучыўся ў Ашмянскім СПТВ. Але закончыў яго ў 1968 годзе і вярнуўся ў родную вёску. Неяк і думкі не ўзнікала пашукаць іншай долі.
Бязвусаму трактарысту не выпадае спадзявацца на добрую тэхніку – кіраўніцтва калгаса “Перамога” “пасадзіла” мяне на стары “лапатунчык” – трактар “Т-20”. Зрэшты, завіхаўся я на ім нядоўга – надышоў час выконваць доўг Радзіме.
Служыць давялося ў дарожна-каменданцкіх войсках. Мы будавалі масты. Адны білі палі, другія клалі пантоны, па якіх спакойна маглі праходзіць нават танкі. Пасля “цывілізаванага” армейскага жыцця зноў асесці ў вёсцы я палічыў ніжэй уласнай годнасці і перабраўся ў Астравец, уладкаваўся слесарам-зборшчыкам на тагачасны філіял Вільнюскага завода радыё-вымяральных прыбораў. І што? А нічога – праз паўгода вярнуўся ў родную вёску. У нас жа ў тыя гады моладзі было – на танцы ў клуб не ўбіцца. Весела. Усе свае. Раз-другі з’ездзіў на выхадныя ў Дубнікі – і так пацягнула дадому, што не хапіла сіл утрымацца.
Тагачасны старшыня калгаса Станіслаў Пятровіч Суднік прыняў мяне на пасаду загадчыка цэнтральных збожжавых складоў. Працавалася пры ім нядрэнна, хаця і быў ён рэзкім чалавекам – за любую дробязь мог так “выспавядаць”, што дзесятаму закажаш.
А ў 1978 годзе нашу гаспадарку далучылі да калгаса імя Карла Маркса. Прыстасавацца да новых людзей і патрабаванняў было няпроста. Пару гадоў я яшчэ загадваў складам, а потым перайшоў у вадзіцелі – працаваў на ГАЗ-51, ГАЗ-53. 19 гадоў круціў баранку. Калі ўзніклі праблемы са зрокам, перайшоў у вартаўнікі.
Сёння я – пенсіянер. Падобна, што не толькі я, але і вёска. Састарэла яна, высахла, утрая зменшылася ў памеры – частку хат разабралі, некалькі стаіць пустых. Ды і ў заселеных найчасцей жывуць па аднаму-два чалавекі. Цяпер і не верыцца, што была яна некалі такой маладой і вясёлай.



Разам – 61 год

Менавіта столькі пражылі разам муж і жонка Франц Зыгмундавіч і Ядвіга Паўлаўна КУШЛЕВІЧЫ.






Няпростым было іх дзяцінства, не прынесла асаблівай палёгкі юнацтва, ды і дарослае жыццё давялося пражыць у працы ад цямна да цямна. А часам – і з цямном.

Расказвае Франц Зыгмундавіч КУШЛЕВІЧ:


–Я быў яшчэ зусім малым, калі памёр тата. У мамы на руках засталося трое: шмат старэйшая за мяне сястра Юзя, я і малодшы брат Альфонсік. Наш самы старэйшы брат служыў у войску. Недзе на Украіне. Паставілі іх аднойчы ахоўваць склад, а яны – вядома, справа маладая – пакінулі пост і рванулі ў суседнюю вёску на танцы. Зброю склалі ў куце хаты, дзе танцавала моладзь, а самі сталі заляцацца да дзяўчат. Бандэраўцы іх там і схапілі. І не, каб адразу застрэліць – здзекаваліся над хлопцамі, як хацелі. Языкі выразалі, іголкі пад пазногці засоўвалі, потым з жывых злупілі скуру…
Мама, калі да яе дайшла гэтая страшная вестка, нібы акамянела – сядзела на ложку і ўсё спрабавала загнаць сабе пад пазногці іголкі. Усё хацела адчуць на сабе, які боль давялося цярпець яе сыну…
Праз тры дні мамы не стала.
Пасля яе пахавання нас з Альфонсікам хацелі забраць у дзіцячы дом, але дзядзькі не аддалі. Праз шмат гадоў пасля гэтага я размаўляў з адным са сваіх дзядзькоў. Цікава было, чаму яны нас з Альфонсікам не пусцілі ў інтэрнат – такога голаду і галечы, які прыйшлося перажыць у ім спазнаць не давялося б? Дзядзька адказаў у тым сэнсе, што баяўся за мяне. Маўляў, занадта я шустры быў. Некалькі выхаванцаў Варнянскага дзіцячага дома загінулі ў тыя гады, спрабуючы залезці на званіцу разбуранага касцёла, дык мой дзядзька палічыў, што і я не застаўся б ад іх у баку. Пашкадаваў, адным словам.
А выйшла з гэтага шкадавання дрэнь-справа. Старэйшая сястра неўзабаве выйшла замуж і забрала з хаты ўсё, што можна было. У тым ліку і нашу адзіную карміцельку-кароўку. Засталіся мы з Альфонсікам – у чым стаялі. Сястра падумала і забрала брата да сябе ў пастушкі. А мяне аддалі служыць у засценак “Запольны”. Колькі потым было іх, тых засценкаў, у якіх давялося рваць жылы…
Праз некалькі гадоў неяк перад калядамі за заробленае збожжа я змог купіць сабе цялушачку. Маленькую – веснавуху. І глянь ты – пратрымаў яе неяк цэлую зіму. А на вясну, калі зноў прыйшоў час наймацца на службу, аддаў яе на пашу да сястры. Восенню сястра мне аддала адну са сваіх кароў, а маю цялушачку пакінула сабе – вельмі ж прыгожай і малочнай абяцала стаць мая кароўка.
Прывёў я рагулю ў бацькоўскі хлеў – ого! І я – гаспадар, і я – з малачком! У тую зіму галадаць давялося непараўнальна менш.
А потым загінуў Альфонсік. Паступіў ён у ФЗВ – прынялі, як сіротку. Пабег Альфонсік з хлопцамі купацца, трапіў на вір – і патануў. І я застаўся адзін – сястра да мяне не тулілася.
Сталі мне суседзі дзяўчат падказваць – то адну, то другую… А што ж, – хату я маю, кароўка ёсць, манынарку вось з заробкаў сабе справіў. На мясцовых я неяк не асабліва паглядаў, сватацца вырашыў да дзяўчыны з Вялікіх Свіранкаў. Пайшлі мы са сватам. Усё, як мае быць: бутэлька, насатка, ваш тавар – наш купец… Пайшла дзяўчына за мяне – відаць, адразу ўпадабала.


Ядвіга Паўлаўна КУШЛЕВІЧ:


–Якое там упадабала! Сказалі бацькі ісці – я і пайшла. Даўней жа так і было: што бацькі казалі, тое і рабілася. Ды і чаго было чакаць? Восем дзяцей было ў таты з мамай, а я самая старэйшая. Пайшла з голаду ў голад. А да таго ж яшчэ і ў холад – ягоная хата была дзіравая, як сіта. Скразнякі па кутах гулялі. Адзін за другім нарадзілася двое сыноў. А тут яго ў армію забіраюць. Пайшоў Франак у калгас за разлікам – прынёс няпоўны мех збожжа. Жыві з двума дзецьмі, як ведаеш. Жыла. Сама арала, сама касіла. Адпускалі яго ў водпуск, дык дроў паможа нарыхтаваць, бульбу пасадзіць. А ўсё астатняе – я сама.


Франц Зыгмундавіч КУШЛЕВІЧ:


–Затое свету паглядзеў за казённы кошт – не расказаць. Служыў у чыгуначных войсках, дык пабываў і ў Петразаводску, і ў Уфе, і ў Кушмуруне, і ў Чэлябінску, і на Украіне, і ў Баку!
А вярнуўся дадому, уладкаваўся на ферму “Дубнікі” – была ў нашым калгасе такая. Разам з жонкай даглядалі спачатку калгасных свінней, потым – цялят. Падкормку касіў яшчэ ўручную, касой. І дома гаспадарку развялі – цялят-свіней здавалі, капейкай абзавяліся. Хату новую зладзілі. Яшчэ двое дзяцей нарадзілі – усё дачушку шукалі, а атрымаліся адны галавачы-хлопцы.
50 гадоў адпрацаваў на ферме “Дубнікі” – жартачкі вам?! А сёння ад яе толькі слупы засталіся…
У наступным годзе адзначу васьмідзесяцігоддзе, але на печы да гэтага часу не ляжу. Ды і няма за кім. Матку (ківае галавой у бок Ядвігі Паўлаўны) інсульт хапіў, дык яна цяпер – не работніца. Бабы заўсягда горшыя здароўем – так яно вядзецца. Дык я ўсё сам. Кароўку трымаю, курачак, свінню. А кабылка! Ведаеце, якая ў мяне кабылка? На ўвесь Астравецкі раён!
–Зноў выхваляешся? – спрабуе асадзіць мужа Ядвіга Паўлаўна.
–Ні на грам, – адбіваецца той. – Другой такой кабылкі, як у мяне, не знойдзеш.
І працягвае далей:
–Сам кармоў нарыхтую і на каня, і на карову. Цяпер яно лягчэй – калгас дае траву ўжо скошанай. Але дасушы, перавязі… Матка, – не глядзі, што пасля інсульту – воз яшчэ смагла складзе. Галава толькі ў яе круціцца, дык я яе да воза прывяжу, каб не звалілася, і віламі сена падаю, а яна яго складае.
Жывём! А што нам? Пенсію атрымліваем, малачко сваё. Кароўку маю бачылі? Вось і я кажу – таксама прыгожая. Дагледжаная. А вёска… Вось вёска ўжо не тая…



А з маладымі...

А з маладымі жыхарамі вёскі Дубнікі размова чамусьці не атрымалася. На мае пытанні адказвалі без утайкі: жывём сумна, клуб разваліўся, новы ніхто не збіраецца будаваць. А вось на маю прапанову сфатаграфавацца або назваць сваё імя рэагавалі аднолькава – спешна рэтыраваліся. Маўляў, у Дубніках мы – людзі часовыя. Вось-вось у аграгарадок перабярэмся.
Дык няўжо лёс Дубнікаў прадвырашаны?..


Падрыхтавала Ганна ЧАКУР.