У Астраўцы 21 лютага святкуюць Дзень роднай мовы

14:22 / 21.02.2017
Хаданович АндрейДа Дня роднай мовы мы не маглі не задаць некалькі пытанняў  выкладчыку філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, паэту і перакладчыку Андрэю Хадановічу, які дзяліўся са слухачамі курсаў «Мова нанова» сваімі вершамі, песнямі, перакладамі і думкамі-развагамі .

--Наконт тэлефона – так, а іншымі гаджэтамі я карыстаюся: ноутбукам, да прыкладу, некалькі разоў на дзень спраўджваю электронную пошту, зарэгістраваны ў “Фэйсбуку”.

А што тычыцца мабільніка, то ў мяне ёсць некалькі сім-карт – польская, французская, я карыстаюся імі, калі выязджаю за мяжу і трэба падтрымліваць сувязі з роднымі. Беларускай няма – раней не завёў, а зараз неяк без патрэбы. Так атрымліваецца, што я звычайна знаходжуся ці на лекцыі альбо іншых публічных мерапрыемствах, калі мабільны тэлефон адключаюць, ці дома пры хатнім тэлефоне. А калі недзе ў парку на прагулцы, то нават добра, што ніхто не назаляе.

Праўда, часам бывае няёмка перад хатнімі, калі некаму закарціць менавіта ў гэтую хвіліну са мной перагаварыць – і тады падымаюць на ногі ўсіх, часцей за ўсё маім “сакратаром” даводзіцца “працаваць” жонцы.

Калі пытаюць, чаму ў мяне няма мабільніка, я звычайна жартую, што пачакаю новага вітка развіцця, калі чып будуць адразу ў мозг ужыўляць…

--Скажыце, як вы ацэньваеце сённяшні стан беларускай мовы і літаратуры?

--Як гэта ні парадаксальна, беларуская мова і беларуская літаратура – гэта розныя рэчы, і стан іх я ацэньваю па-рознаму. Становішча беларускай мовы хутчэй крытычнае, а беларускай літаратуры – больш пазітыўнае.

Стан беларускай мовы такі, якім ён можа быць без сістэмнай дзяржаўнай культурнай палітыкі. Нашы балтыйскія краіны-суседкі, разумеючы небяспеку блізкай прысутнасці моцнай вялікай рускай мовы, дзесяцігоддзямі ўкладваліся ў сістэмную падтрымку сваіх моў і нацыянальных культур – і гэта дало пэўны плён. У нас жа на фоне афіцыйнага двухмоўя няма выразанага сігналу ад дзяржавы, што веданне беларускай мовы падтрымліваецца дзяржавай, што гэта дапаможа дасягнуць нейкіх кар’ерных, службовых, фінансавых поспехаў. Калі сур’ёзныя навіны па тэлебачанні паведамляюць па-руску, а затым нейкі клоун у саламяным капелюху па-беларуску расказвае пра прагноз надвор’я, то зразумела, чаму ў людзей да мовы стаўленне як да нечага дэкаратыўнага і неабавязковага.

Мая дачка вучыцца ў фармальна беларускамоўнай дзявятай гімназіі Мінска. І расказвае, што, як толькі прагучыць званок, выкладчыкі пачынаюць гаварыць па-руску -- з вучнямі, паміж сабой. Зразумела, што ў дзяцей выпрацоўваецца стэрэатып, што беларукая мова – замежная. Што называецца, дажыліся!

Канешне, я не магу пазітыўна успрымаць стан распаўсюджвання беларускай мовы. Але калі казаць пра якаснае змесціва, то тут ёсць пазітыўныя званочкі. Калі ў 60-70-ых гадах мінулага стагоддзя беларуская мова асацыявалася як вясковая спадарожніца гарадской рускай мовы, а гадоў дзесяць-пятнаццаць таму ўспрымалася як мова апазіцыі, то сёння яна гучыць як элітарны прадукт, як мова людзей адукаваных, творчых. Па-беларуску выдаюцца кніжкі сусветнай філасофіі, замежнай літаратуры – яшчэ ўчора пра гэта і марыць не маглі.

Хацелася б, каб з вузкай сферы беларускіх астравочкаў гэта пашырылася на ўсю краіну.

А вось літаратурная сітуацыя мяне па-добраму дзівіць. З’яўляюцца новыя аўтары, якія дакладана ведаюць, што за сваю пісьменніцкую працу не атрымаюць машыну, кватэру ці іншыя дывідэнты, як раней, -- але ўсё роўна пішуць, бо не могуць не пісаць. І яны выклікаюць у мяне павагу.

Але літаратурныя жанры развіваюцца нераўнамерна, і гэтаму ёсць свае прычыны. Не вельмі складана скласці вершык і падзяліцца ім у сеціве. Значна цяжэй напісаць раман-эпапею і не памерці з голаду ў працэсе яго стварэння, бо літаратура зараз – хутчэй хобі, якое не пракорміць аўтара. Таму верш, кароткае апавяданне, эсэ развіваюцца лепш, чым жанры, якія патрабуюць інстытуцыйнай падтрымкі. Напрыклад, можна напісаць “у стол” санату для скрыпкі – але не вялікую сімфонію з аркестрам: нехта ж павінен пусціць цябе з гэтай сімфоніяй на сцэну, прадаваць білеты і гэтак далей. .

Чым больш будзе ў нас розных літаратурных узнагарод, стыпендый, якіх мноства ў замежных краінах, – тым лепш будзе развіваца ліатратура. А пакуль кожную кніжку, асабліва ў прозе, я разглядаю як цуд, які адбываецца не дзякуючы, а насуперак.

--Сёння беларукая мова пашыраецца і развіваецца найперш у маладзёжным асяроддзі – адбываецца тое, што на Астравеччыне называюць ёмістым словам “навяртанне”. Але часта ў гэтым імкненні да беларускасці моладзь спрабуе стварыць новую мову, якую не ведаюць і не разумеюць тыя, хто ўсё жыццё жыў тут і гаварыў па-беларуску. Як вы да гэтага адносіцеся?

--Гэта нармальны комплекс неафіта – нованавернутага, як вы кажаце, які мусіць прайсці гэты этап.

Я памятаю, калі мне, выпускніку рускага філфака з рускамоўнай сям’і, у 90-ыя гады раптам “стрэліла” ў галаву, што калі я і мае калегі нічога не будзем рабіць, то ўсе, папросту кажучы, “загнецца” -- і я адчуў, што на мне нібыта ляжыць кавалак персанальнай адказнасці. Тады я з усім жарам неафіцтва рынуўся ў беларускую мову -- і мне было мала шасцітомніка пад рэдакцыяй Крапівы: на стале ў ляжала факсімільнае выданне Ластоўскага, ксеракопія слоўніка Байкова і Некрашэвіча, самвыдатаўскі “талмуд” Янкі Станкевіча. І я, як і ўсе тады, і сённяшняя моладзь, чэрпаў адтуль, піў нагбом, не заўсёды крытычна адносячыся да таго, што зачэрпваў.

Але наша літаратура знаходзіцца ў стане  недастворанасці. Яна, як неабпаленая гліна, прымае любую форму пад нечыім асцярожным ці не вельмі дотыкам. Можна ўспомніць, як з такім жа неафіцкім запалам Уладзімір Караткевіч кідаў цэлымі жменямі паланізмы, украінізмы ў беларускую мову – і яны, дзякуючы харызме пісьменніка, яго таленту і поспеху раманаў, прыжыліся. Сёння нікому не прыйдзе ў галаву, што “распавядае” – гэта калька з украінскага “росповісці”, і слова гэтае, як і дзясяткі іншых, увайшло ў нашу мову дзякуючы Караткевічу. Шмат новых слоў з’явілася спачатку ў літаратуры, а затым і ў мове, дзякуючы Рыгору Барадуліну, Аладзіміру Арлову. Адаму Глобусу, Валянціну Акудовічу, Алесю Разанаву.

Пераможцаў не судзяць -- а няўдалыя неафіцкія спробы адваляцца самі па сабе: не так проста новае слова ўвесці ў мову, ды так, каб яно прыжылося.

--Вы ўжо ўзгадалі, што выраслі ў рускамоўнай сям’і. А як прыйшлі да беларускасці?

--Першы імпульс быў хутчэй грамадска-палітычны: я лічыў, што Беларусь мусіць мець уласную культуру, і я павінен зрабіць усё, што магу.

А ўжо калі паспрабаваў, то зразумеў, што дакрануўся да абсалютна іншага свету з паралельнымі і шмат цікавейшымі законамі. Пішучы па-беларуску, я мог сабе дазволіць іншыя інтанацыі, пафас, пісьменніцкія стратэгіі – тое, што прагучала б банальна і зацёрта па-руску, набывала зусім іншую тэмпературу, шмат цяплей гучала па беларуску. І чым далей, тым меней у гэтым было ідэалогіі і больш -- чыстай эстэтыкі.

Сёння мне больш камфортна думаць і размаўляць па-беларуску. Я спрабаваў пару разоў на замову чытаць лекцыі па-руску – і зразумеў, што пачынаю гаварыць беларускімі калькамі. Хоць у маім дыпломе запісана “Філолаг, выкладчык рускай мовы і літаратуры”.

--Ёсць думка, што адна з асноўных пагроз цывілізацыі, побач з тэрарызмам  і забруджваннем навакольнага асяроддзя, – знікненне шматлікіх нацыянальных  культур  і моў, сярод якіх, на жаль, і беларуская. Вы яе падзяляеце?

--Так, я падзяляю гэтую занепакоенасць. Вядома, што кожны дзень памірае нейкая мова, культура, веравызнанне – і ў маштабе планеты гэта культурна-экалагічная катастрофа і вялікая страта. І, калі нічога не рабіць, то гэтыя страты будуць павялічвацца ў геаметрычнай прагрэсіі.

У развітых краінах развіта і нацыянальная самарэфлекіся: ёсць разуменне, што эканоміка павінна працаваць у тым ліку і на захаванне гуманітарных каштоўнасцей, што трэба аддаваць грошы на падтрымку культуры, у тым ліку -- шматкультурнасці, суіснавання розных культур, канфесій, моваў. А ігнараванне беларускасці ў Беларусі – гэта хутчэй прыкмета правінцыйнасці, чым далучанасці да глабалістычных працэсаў.

Чамусьці толькі вайна ў блізкіх суседзяў прымушае нас задумацца аб выхаванні сваёй нацыянальнай самасвядомасці. І прыемна, што наша ўлада цалкам усведамляе, што свядомасць нашага грамадзяніна, асабліва ў такім суседстве, патрабуе шмат большых маральных, культурных і іншых інвестыцый у беларускасць. Трэба выхоўваць грамадзян, якія ў выпадку небяспекі гатовы бараніць сваю краіну.

--Часта можна пачуць: “Не мая віна, што ў нас такі стан беларускай мовы. Што я, маленькі чалавек, магу зрабіць?” А сапраўды – што?

--Я выкладаю сваім студэнтам французскага пісьменніка Вальтэра, і адзін з яго твораў -- якраз пра гэта. Там адзін філосаф сцвярджае, што ўсё да лепшага ў гэтым найлепшым свеце -- і выглядае шчаслівым ідыётам, бо жыццё пярэчыць яго аптымізму. Другі, наадварот, гаворыць, што род чалавечы нікчэмны і ўсё гіне. А галоўны герой прыходзіць да высновы: у любым выпадку трэба апрацоўваць свой сад.

У кожнага з нас -- свой метафарычны сад. Так, мы абмежаваны ў сваіх магчымасцях -- але на хвалі раздражнення часам не робім нават таго, што можам.

А трэба не раздражняцца, не абвінавачваць, не агітаваць, а проста рабіць нешта цікавае людзям, нават рускамоўным, каб іх зацікавіла, зачапіла, каб яны слухалі – і разумелі і гаварылі па-беларуску. Інакш, прымусам, адрадзіць мову не атрымаецца, бо гэта вельмі тонкая сфера чалавечага сумлення і свядомасці.

Канешне, для гэтага патрабуецца смеласць. Трэба памятаць, што мы  жывем на тых землях, дзе шматлікія войны і паўстанні фактычна знішчалі кожнае пакаленне найлепшых мужчын, і цалкам зразумела, чаму ў нашым народзе захаваліся партызанскія замашкі. Беларус не загаворыць па-беларуску, пакуль не ўпэўніцца, што перад ім свой, аднадумца, з якім ён паразумеецца. У выніку атрымліваецца смешная сітуацыя, калі два беларускамоўныя чалавекі на вуліцы размаўляюць па-руску. І да мяне часта па-руску звяртаюцца студэнты -- а ўжо потым высвятлялася, што яны беларускамоўныя паэты. Я ўпэўнены, што беларускамоўных грамадзян сярод нас нашмат больш, чым чуваць на вуліцы.

Людзі накшталт мяне – паэты, перакладчыкі, стваральнікі імпрэзаў, песень, артысты -- яны робяць, што могуць. І чым больш нас будзе – тым менш будзе размоў аб плачэўны стан беларускай мовы і тым больш яна стане гучаць.

 

1 А 2А 3А 4А 5А 6А

Поўную версію чытаюце ў наступным нумары газеты "Астравецкая праўда"

Гутарыла Ніна РЫБІК.
Фота Дзмітрыя ДАМАРАДА.
ostrov-red.rybik@tut.by