Гервятский костёл отметил парафияльный праздник и 20-летие служения здесь ксендза Леонида Нестюка

14:28 / 27.05.2016
1
фэст гервятскийПра Гервяты не чуў, напэўна, толькі глухі. Вытанчаны шпіль святыні, які ўпіваецца ў аблокі, і буйства кветак, экзатычных дрэў не бачыў толькі сляпы. Пра ўнікальны ландшафтны дызайн і аздабленне храма не пісаў толькі непісьменны. Ад цудоўных гукаў аргана не плакала душа толькі ў тых, хто яе не мае… Уся гэтая рукатворная прыгажосць – заслуга пробашча парафіі, ксяндза Леаніда Несцюка. І хто ведае, як пісалася б новая гісторыя мястэчка, каб дваццаць гадоў назад Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч сваім дэкрэтам не прызначыў яго пробашчам гэтай парафіі… Так, унікальная святыня атрымала ўнікальнага святара.

У мінулую нядзелю касцёл Святой Тройцы сабраў вернікаў з розных куточкаў Беларусі і Літвы не толькі на парафіяльную адпустовую ўрачыстасць, але і на 20-гадовы юбілей душпастырства Леаніда Несцюка ў Гервяцкай парафіі.

фэст гервятский1Фэсты бываюць розныя: Гудагайскія напоўнены невымоўнай ўнутранай радасцю і сатканы з асязальных іонаў веры; урачыстасці ў Дубку – сакральныя і простыя, як Божы промысел. А на Гервяцкіх фэстах набліжаешся да Творцы праз прыгажосць, імя якой Гармонія.

Дэндрапарк ля касцёла Святой Тройцы – мудрагелістыя перапляценні рук-галінак, незвычайныя зялёныя стройныя, бы дзяўчаты, туі і мноства іншых дрэў, назвы якіх цяжка вымавіць, а, ксёндз Леанід Нясцюк ведае іх усе на трох мовах: латыні, літоўскай і рускай – як першазданны, але страчаны Адамам і Ева рай. Напэўна менавіта пагэтаму завітаўшыя на свята людзі перш, чым ісці ў касцёл, абавязкова спачатку абыходзяць вакол святыні некалькі разоў: адчуванне на генетычным узроўні райскага месца прыцягвае чалавека.

Бліжэй да гадзіны дня жывым ручайком у касцёл пацягнуліся людзі. На парафіяльны фэст прыбыў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і святары Астравецкага дэканатату на чале з дэканам Юзафам Багдзевічам, прадстаўнікі раённай і мясцовай улады, удзячныя вернікі і выхадцы з  Гервяцкага краю.

Напачатку імшы ксёндз Леанід Нясцюк падзякаваў прысутным за тое, што кожны год вернікі з розных куточкаў Беларусі і Літвы прыязджаюць у Гервяты на ўрачыстасць.

За дваццаць гадоў Гервяцкі край стаў для мяне родным і блізкім, сказаў Леанід Нясцюк, Прадстаўнікі улады, кіраўнікі прадпрыемстваў і парафіяне дапамагалі ўвесь гэты час ў маёй душпастырскай і гаспадарчай дзейнасці.

фэст гервятский2Парафіяне і госці аддзячылі святару-юбіляру шчырай малітвай:  “Ойча наш” адначасова прамаўлялася на трох мовах: беларускай, польскай і літоўскай. Маліліся ўсе, хто як умее, і панавала разуменне таго, што, нягледзячы на месца жыхарства, нацыянальнасць, мову – у гэты момант, тут і зараз, мы ўсе – адна вялікая сям’я, якую разам сабрала ўрачыстасць Святой Тройцы. Суправаджалі літургіі спевакі хору акадэміі навук Вільнюса, магутны, прабіраючы да дрыжыкаў голас арганіста Андрэя Міхневіча, белыя строі дзяцей, якія даходзяць сёлета да першай Камуніі, словам, урачыстасць была саткана з мноства колераў, галасоў і адчуванняў.

У гаміліі падчас імшы ксёндз Юрый Марціновіч разважаў пра сакральнае значэнне Святой Тройцы, пра тое, што кожны чалавек павінен зрабіць так, каб яго душа – стала прыстанішчам Сына, Айца і Святога Духа. Сімвалічна, што якраз у гэты момант сонечныя промні асвяцілі алтарны абраз – і здавалася, быццам Святы Дух праявіўся ў гэты момант.

А завяршылася адпустовая імша эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла.

фэст гервятский3Пасля пацягнулася бясконцая вераніца людзей, каб павіншаваць ксяндза Леаніда Несцюка з юбілеем святарства ў Гервяцкай парафіі, сярод якіх іерарх, святары, прадстаўнік генеральнага консульства Літвы і многія іншыя.

фэст гервятский4Намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла падзяліўся ўласнымі разважаннямі:

– Па дарозе на ўрачыстасць я задумаўся: чаму менавіта тут, на гэтым свяце, штогод прысутнічаюць прадстаўнікі ўлады? Як Святая Тройца, так і ўрачыстасці ў гэтай святыні трыадзіныя – дзяржавы, грамадскай супольнасці і касцёла – і ў першую чаргу таму, што дваццаць гадоў назад у Гервяцкай парафіі з’явіўся Леанід Несцюк.

фэст гервятский5…Немагчыма і недаравальна было б не далучыцца да цёплых слоў віншавання, якія гучалі ў касцёле ў мінулую суботу, ад імя тысячы людзей, хто хоць аднойчы пабываў у Гервятах. Дзякуй вам, Леанід Пятровіч, і нізкі паклон за тое, што праз сузіранне лікаў усіх святых на вытанчаных вітражах, праз велічнае гучанне аргана, праз шчабятанне птушак у шатах дзівосных дрэў вы далі магчымасць кожнаму ўбачыць і адчуць страчаны Адамам і Евай рай – і праз прыгажосць наблізіцца да Творцы.

Тэкст і фота Алены ГАНУЛІЧ.