Воронская школа отметила 90-летний юбилей

07:26 / 28.12.2022

888.jpg

Дзевяноста гадоў таму напярэдадні навагодніх святаў у Вароне адкрылі школу. Як яна змянілася за гэтыя часы, чым жылі яе «насельнікі» і як працуе ўстанова цяпер, раскажам з першых вуснаў.

З гісторыяй школы знаёміць яе дырэктар Галіна Чахрач:

DSCF2815.JPG

– Адкрыў нашу школу выпускнік Віленскай гімназіі Карл Дубіцкі. Яго бацька быў заможным селянінам, меў шмат зямлі – сын папрасіў аддаць частку яе пад будаўніцтва. Старэйшы Дубіцкі не толькі выдзеліў зямлю, а і купіў лес, дом на перавоз з в. Трокенікі. 
Заняткі пачаліся 13 снежня – гэту дату мы і лічым днём нара­джэння нашай школы.
Цяпер у нас 28 вучняў пачатковых класаў і 32 дашкольнікі.
З дакументаў вядома, што ў 1945-м за парты села 129 вучняў і штогод іх станавілася ўсё больш. З часам заняткі пачалі праводзіць у дзве змены, а калі памяшканняў ізноў стала не хапаць – школу вырашылі пашырыць. У дабудаваным крыле з’явілася 5 вучэбных аўдыторый, спартыўная зала. І сталовая – яна спярша была ў асобным будынку. Сёння ён выкарыстоўваецца як гаспадарчы: там захоўваем мэблю, спартінвентар.

877.jpg

778.jpg

65465.jpg


НАСТАЎНІЦКІЯ БУДНІ
Пра працоўныя гады расказвае былы настаўнік матэматыкі Ядвіга Казакевіч:

699.jpg

– Родам я з Астравеччыны, таму пасля вучобы папрасілася на работу ў свой раён. У 1976 годзе па накіраванні прыйшла ў Варонскую базавую школу – каля паўтары сотні вучняў было тады. Прымала мяне на работу Фаіна Міхайлаўна Быкава.
Раззнаёмілася з калегамі хутка. З моладзі ў калектыве быў Пётр Пятровіч Сальмановіч. 
Пазней Фаіну Міхайлаўну перавялі ў Трокеніцкую школу, дырэктарам стаў Уладзімір Пятровіч Ступакоў, ён выкладаў фізіку і матэматыку.
Напаўняльнасць класаў была ад 10 да 30 чалавек. У 1990-м годзе ўпершыню ў 1 класе за парты села толькі 4 вучні. Хтосьці падумае, што для настаўніка гэта ледзь не рай, але скажу шчыра: калі болей дзяцей, працаваць цікавей. 
Акрамя варонскіх, хадзілі дзеці з Нідзян, Фальваркоў, Кулішак, Сыманэляў, Кавалёўкі, Тартака, Юрчунаў, Грышкойцяў, Беразоўкі, Катлоўкі… На той час вучні ў школу дабіраліся самі – толькі ў 2009 годзе арганізавалі падвоз.
Пазней, калі закрылі Быстрыцкую, а потым Трокеніцкую школы, – іх вучні часткова перайшлі ў Варонскую.
І цяпер помніцца адзін з паходаў, у які павяла дзяцей разам са светлай памяці Палінай Іванаўнай Павіраевай. Маршрут нам пракладваў колішні жыхар в. Кавалёўкі: трэба было падняцца на высокую гару за Тартаком, праз якую ляжаў шлях дамоў. Дзеці ўзлазілі на карачках, ды, дабраўшыся да верху, аб’язджалі, што ўжо казаць пра мяне, немаладую на той час жанчыну… 
Ездзілі лён падымаць – вучылася разам з дзецьмі рабіць снапкі. Дарэчы, частку атрыманых грошай нашы піянеры (атрад насіў імя Зіны Партновай) па сваёй ініцыятыве пералічылі ў Фонд міру.
Бульбу ў калгасе капалі – так гародніну для школы зараблялі, ды яшчэ і вучні капейку атрымлівалі.
Пры школе былі яблыневы сад і кусты парэчак, на агародзе вырошчвалі моркву, буракі, капусту, цыбулю, – гэта ішло на прыгатаванне абедаў для вучняў.
Поварам пры мне працавала Ганна Андрэеўна Сянюць, дапамагала ёй Крысціна Масойць. Прыбіральшчыкамі былі Юзэфа Вацлаваўна Дакутовіч і Леанора Садоўская. 

IMG_5945.JPG


«ВЗВЕЙТЕСЬ КОСТРАМИ…»
Школьнае дзяцінства і калег узгадвае колішняя выпускніца, настаўнік замежнай мовы Галіна Статкевіч:
– У школу пайшла ў 1967 годзе. Першай настаўніцай была Ірына Станіславаўна Шабуня. Пачатковымі лічыліся 1-3 класы, а ў 4-м нас ужо вучылі прадметнікі. Калі была ў 5 класе, у Варону прыехала настаўніцкая сям’я Аскірка – Міхаіл Дзям’янавіч стаў дырэктарам школы, а Нэла Пятроўна – нашым класным кіраўніком.
Аўдыторыі для вучняў пачатковых класаў размяшчаліся ў старой частцы будынка, а для старэйшых – у новай. Газавага ацяплення не было, грэліся печкамі – іх палілі прыбіральшчыцы. 
Яскравым успамінам пра дзіцячыя гады застаўся прыём у піянеры. Гэта было ў клубе. Урачыста выходзілі гарністы і барабаншчыкі, неслі сцяг. Гэта былі старшакласнікі. Яны здаваліся дарослымі, малыя з зайздрасцю паглядалі і хацелі быць да іх падобнымі. Мы стаялі на сцэне, трымаючы на руках гальштукі, і кожны па чарзе гаварыў клятву: «Я, уступаючы ў рады Усесаюзнай піянерскай арганізацыі…» Спявалі песні – іх вучылі загадзя: станем у класе ля дошкі, настаўнік дырыжыруе, а мы зацягваем: «Взвейтесь кострами, синие ночи…». 
Пасля заканчэння Варонскай васьмігодкі ў 1975-м амаль усім класам пайшлі вучыцца ў Варняны. 
Я выбрала прафесію настаўніка і, скончыўшы інстытут, прыехала на родную Астравеччыну. Працавала ў Варнянскай, Варонскай, Гозскай, Трокеніцкай школах. Цяпер вучу англійскай мове дзяцей у Вароне. 
Давялося ў свой час працаваць са сваімі колішнімі настаўнікамі: Марыяй Уладзіміраўнай Ляховіч, Нэлай Пятроўнай Аскірка, Галінай Міхайлаўнай Гіновіч, Верай Адольфаўнай Дубіцкай, Ганнай Станіславаўнай Шабуня, Станіславам Баляслававічам Памецькам, Іванам Уладзіміравічам і Галінай Ільінічнай Свірыдамі – усе яны былі добрымі дарадчыкамі.

55665.jpg

66.jpg


ПЕР’ЕВЫЯ РУЧКІ І ШПАЛЕРНЫЯ АБГОРТКІ
Успамінамі пра вучобу дзеліцца былы выпускнік Віктар Чапукойць:

688.jpg

– У 1 клас прыйшоў у 1972 годзе. Пісалі мы спярша пер’ямі – чарнілы ў чарнільцы перад урокам кожнаму разлівала нас­таў­ніца. Пазней з’явіліся пер’евыя руч­кі, якія былі зручнейшымі: заправіў яе – і пішы. Потым перайшлі на шарыкавыя. 
Падручнікі абгортвалі ў асноўным у газетную паперу, асаблівым шыкам лічыліся абгорткі са шпалераў. А сшыткі ўвогуле насілі без абгортак – пра такую разнастайнасць, як цяпер, ці пра тое, што будуць зручныя плёначныя, нават і падумаць не маглі.
У мае часы асноўнай крыніцай ведаў была кніга і перыядычныя выданні – газеты і часопісы. Дзеці актыўна наведвалі бібліятэкі. 
Школьным бібліятэкарам была Марыя Станіславаўна Янкойць. Калі яна перайшла на іншае месца працы, кнігі нам выдавалі настаўнікі. 
Бібліятэка месцілася ў старой частцы школы і «дзяліла» пакой з класнай аўдыторыяй. Я любіў прагуляцца сярод кніжных паліц, разгле­дзець выданні – і выбраць, што пачытаць. 
Папулярнымі сярод хлопчыкаў у мае вучнёўскія гады былі часопісы «Юны тэхнік», «Тэхніка моладзі» – там змяшчалі схемы і чарцяжы для канструявання, апісанне мадэляў. Мы бралі гэтыя часопісы, каб падгледзець цікавыя ідэі, а потым увасобіць іх у жыццё – што ў хаце майстравалі, а што на ўроках працы з дапамогай настаўніка Станіслава Баляслававіча Памецькі.

Час ішоў, мянялася жыццё, з’яўляліся больш зручныя канцы­ляр­скія прыналежнасці. Замест школьнай формы стаў вольны стыль адзення, увайшлі ў шырокі ўжытак камп’ютары, іншы выгляд набыла школа. Але назаўсёды ў памяці сваіх дзяцей яна будзе такой, у якую яны некалі прыйшлі вучнямі альбо настаўнікамі. 
Многія з сённяшняга калектыву ўстановы – яе выпускнікі: нас­таўнікі Галіна Мечыславаўна Лагуцік, Святлана Антонаўна Дрэма і Галіна Юльянаўна Статкевіч, выхавацель Галіна Эдвардаўна Кімса, дворнікі Валянціна Карлаўна Валанцэвіч і Уладзімір Ігнатавіч Кяжун, памочнікі выхавацеля Святлана Анатольеўна Гіновіч і Галіна Зянонаўна Малочка.
– У гэтых людзей асаблівае, цёплае стаўленне да нашай школы – тут прайшла частка жыцця, гэтыя сцены для іх родныя, – усміхаецца Галіна Чахрач і дадае: – А ўсяго праз нейкі дзясятак гадоў мы, спадзяюся, збяромся ўсе разам – і настаўнікі, і выпускнікі, – каб адзначыць векавы юбілей нашай школы.

IMG_5934.JPG


Гістарычная даведка
▪ 1932 год – адкрыта трохгадовая польска­моўная школа.
▪ 1933 год – школа стала сямігодкай.
▪ 1941–1945 гады – установа не працавала.
▪ 1945 год – заняткі аднавілі, вяліся яны па-беларуску. 
▪ 1967 год – школу дабудавалі.
▪ 1985 год – ля ўстановы заклалі сад з 20 са­джан­цаў яблыні і 15 кустоў парэчак. У школе маецца водаправод і паравое ацяпленне. 
▪ 2012 год – Варонская базавая школа рэарга­нізавана ў дзіцячы сад – пачатковую школу
▪ 2022 год – Варонская пачатковая школа (з правам рэалізацыі праграмы дашкольнай адукацыі).
▪ Дырэктары ўстановы з 1945 года:
Маслоўскі Уладзімір Фёдаравіч, Гра­дзюш­ка Канстанцін Дзмітравіч, Юрчанка Міхаіл Канстанцінавіч, Аскірка Міхаіл Дзям’янавіч, Быкава Фаіна Міхайлаўна, Ступакоў Ула­дзімір Пятровіч, Аўгуль Зянон Вацлававіч, Павіраеў Аляксандр Барысавіч, Чапукойць Наталля Пятроўна, Пляўга Іван Іванавіч, Сасноўская Людміла Станіславаўна, з 2018 года дырэктарам працуе Чахрач Галіна Карлаўна.

Фота аўтара і з архіва школы.


Текст: