Выпускник Воронской школы Валентин Стех поздравляет своих одноклассников с 50-летием окончания школы

11:00 / 07.10.2014
Дзень нанізваецца на дзень. Год змяняецца годам. І гэты непрыкметны колазварот часу паглыбляецца не толькі ў чалавека, але і ў знаёмыя краявіды, вёскі, будынкі… Здаецца, толькі ўчора раскрыў буквар, а сёння ўжо і школы не пазнаць. Здаецца, зусім нядаўна з розных куткоў вёскі даносіліся вясёлыя дзіцячыя галасы, а зараз у лічаных хатах ёсць школьнікі... І гэтая прасторавая трансфармацыя роднага куточка, кропачкі на зямным шары бачна толькі тым, хто тут нарадзіўся, але падчас юнацкага плавання па жыцці знайшоў іншую прыстань – свой дом, сям’ю і прызванне…

Валянцін Уладзіслававіч Стэх, ураджэнец вёскі Нідзяны, праз усё жыццё пранёс дзіцячыя ўспаміны. Два разы на год ён бывае на маленькай радзіме і заўсёды прыкмячае змены. Былы выпускнік Варонскай школы, ён завітаў у рэдакцыю, каб сказаць некалькі слоў сваім аднакласнікам і настаўнікам са старонак газеты – сёлета іх выпуску спаўняецца пяцьдзясят гадоў. Здзівіла, што вырашыў гэта зрабіць чалавек, які даўно тут не жыве (ёсць жа мясцовыя, варонскія, выпускнікі 1964 года!), і лёс якога ў большай ступені звязаны з Вільняй, чым з Астраўцом. Здзівіла і чыста-празрыстая, крынічная, звонка-пяшчотная, матчына беларуская мова, якую не так часта даводзіцца пачуць зараз нават у вёсках…


– Валянцін (менавіта так просіць называць сябе субяседнік – заўв.аўт.), кропкай адліку нашай размовы, напэўна, будзе Варонская васьмігодка. Што было да вучобы ў ёй і пасля яе?

– Вёска Нідзяны, у якой я з'явіўся на свет і зрабіў свае першыя крокі, у пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца пад 1624 годам, калі ўваходзіла ў склад Быстрыцкага староства, якое належала тады да ўладанняў ваеннага і дзяржаўнага дзеяча Вялікага княства Літоўскага, аднаго з буйнейшых магнатаў таго часу Крыштафа Радзівіла. Вёска невялікая, але вельмі зручная з пункту гледжання селяніна – тут усё было на месцы: і лес, і паша, і грыбы, і ягады... Былі тут і свае кавалі, былі і музыкі. Дружная была вёска. Менавіта сярод гэтых шчырых працавітых людзей і ў атачэнні так любых майму сэрцу краявідаў прайшло маё дзяцінства.

Бацькі, Малання Феліксаўна і Уладзіслаў Іосіфавіч Стэхі, не мелі магчымасці атрымаць адукацыю, але вельмі паважалі адукаваных людзей. Таму, калі я крыху падрос і выказаў жаданне пайсці ў школу, яны доўга не думалі.

Школа знаходзілася ў Вароне. Транспарту не было, хадзілі пешшу. Тры з паловай кіламетры туды і столькі ж назад. Класы былі перапоўнены. З-за недахопу памяшканняў заняткі адбываліся ў дзве змены: старэйшыя класы займаліся ў першую змену, малодшыя – у другую. Электрычнасці таксама яшчэ не было, таму як пачаў так і скончыў школу пры газавым асвятленні.

Нашай першай настаўніцай была Вольга Аляксандраўна. Пасля на змену ёй прыйшла Тамара Рыгораўна. У трэцім класе эстафету пераняла Лена Станіславаўна...

Вучыўся я добра. У школу хадзіў з прыемнасцю. Урокаў стараўся не прапускаць. Тым не менш жаданне злавіць у рэчцы сліжа ці ўюна часам брала верх над прагай да ведаў і страхам перад бацькамі. Усяго было.

Летам 1963 года бацькі купілі мне акардэон. А калі адзвінеў апошні званок і былі здадзены экзамены, я вырашыў падацца ў Мінск у музычнае вучылішча імя Глінкі. Але па недасведчанасці звярнуўся туды позна – там на той час ужо засядала мандатная камісія. Я кінуўся ў Вільню, у школу мастацтваў імя Чурлёніса. І тут тое ж самае. Тады, каб не губляць дарэмна часу і ў надзеі на тое, што тут павінен быць гурток мастацкай самадзейнасці, вырашыў падаць дакументы ў Віленскі палітэхнікум. А неўзабаве запісаўся і ў гурток акардэаністаў, заняткі ў якім па невядомай мне прычыне, так і не распачаліся. Ні ў той год, ні ў наступныя.

– А як бацькі адносіліся да таго, што сын цягнецца да чытання і навукі больш, чым да працы на зямлі?

– Бацькі, як я ўжо казаў, не мелі магчымасці атрымаць адукацыю: маці скончыла два, а бацька – тры класы польскай школы, але кнігі і газеты, колькі сябе памятаю, заўсёды былі ў нашым доме. Таму я ўжо з першых дзён вучобы ў школе, як толькі засвоіў літары, як мог, што-небудзь чытаў ім. Уголас. Спачатку па складах, а пасля і бегла. Бывала, прадзе маці кудзелю, я сяджу побач з ёй і, знай сабе, слібізую якую-небудзь дзіцячую кніжку. Ці чытаю доўгімі зімовымі вечарамі па просьбе бацькі, калі ўсе збіраліся на печы, газету. А ўвогуле, парадак у доме быў такі: калі я сядаў за ўрокі ці браў у рукі кніжку, у хаце адразу ж усталёўвалася цішыня.  Поўная. Бацькі разумелі мяне і, як маглі, спрыялі майму імкненню да ведаў.

Разам з тым, у мяне ўжо з маленства былі і пэўныя абавязкі. І перад тым, як пайсці на працу, бацькі заўсёды “азадачвалі” мяне, казалі, што я павінен зрабіць да іх прыходу. Дзяўчынкі ў нас не было, то ў першую чаргу я дапамагаў маме. І агарод палоў, і карову даіў... Дапамагаў, вядома, і бацьку, але толькі ў тым выпадку, калі таго вымагаў характар працы. У нарыхтоўцы дроў, да прыкладу, ці сена на зіму. А калі бацька мог адзін справіцца, ён мяне не турбаваў. Запомніўся такі выпадак. Аднаго разу мае аднагодкі наважыліся пайсці разам з дарослымі ў поле, каб дапамагчы ім абганяць бульбу. Я таксама хацеў пайсці разам з імі, але бацька не пусціў. «Табе гэта не спатрэбіцца», – сказаў.

– Сёлета ваш школьны выпуск адсвяткаваў “залаты” юбілей. Ці будзеце сустракацца з былымі аднакласнікамі?

– У мяне было такое жаданне, я нават спрабаваў арганізаваць гэтую сустрэчу, але гэтая ініцыятыва не знайшла падтрымкі сярод маіх віленскіх аднакласнікаў. І школы, маўляў, ужо няма, і ўзрост не той, з візамі праблема. Гэта раней было проста – сеў на аўтобус і паехаў. А цяпер што... Так і засталося. Праўда, у 1989 годзе, з нагоды 25-годдзя выпуску, мы ладзілі сустрэчу. І хоць не ўсе тады змаглі ўзяць у ёй удзел, абыякавым яна нікога не пакінула. Дарэчы, «Астравецкая праўда» пісала аб ёй. Але гэта ўжо калі было... Таму зараз я вырашыў нагадаць усім аб гэтай знамянальнай 50-цігадовай даўніны падзеі ў нашым жыцці такім чынам: тых сваіх аднакласнікаў, якія жывуць у Літве, павіншаваў па радыё, праз перадачу для беларусаў Літвы «Тутэйшы час» па праграме Літоўскага радыё і тэлебачання «Класіка», перадаў для іх песню на словы Канстанцыі Буйло «Люблю наш край». А тых аднакласнікаў і настаўнікаў Варонскай васьмігадовай школы, якія жывуць у Беларусі, хачу павіншаваць праз вашу газету. І ў першую чаргу гэта тычыцца настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Марыі Уладзіміраўны Грамыка (Ляховіч), якая, наколькі мне вядома, і цяпер жыве ў Вароне (пра іншых настаўнікаў, на жаль, мала што ведаю). Ну і вядома ж, сваіх дарагіх аднакласнікаў – Галіну Дакутовіч (Багданчык) з-пад Мінска, Марыю Гіновіч (Субаткевіч), Вайцеха Лакуцэвіча і Надзею Папову (Матвіенка) з Астраўца, Івана Стакуна з Бабраўнік...


------------------------

Алена ГАНУЛІЧ.


НА ЗДЫМКУ: удзельнікі сустрэчы з нагоды 25-годдзя выпуску. У першым радзе (злева направа): Данута Макевіч (Андрэева), Галіна Дакутовіч (Багданчык), Ядвіга Лакуцэвіч (Юргялевіч), Марыя Гіновіч (Субаткевіч); у другім – Войцех Лакуцэвіч, Тарэса Рацкевіч (Мятлеўская), Хрысціна Вінсла (Міхалькевіч); у трэцім – Іван Стакун, Вацлава Мацясовіч (Смольская)