Учебно-педагогический комплекс в Вороне, объединивший детский сад и начальную школу, - единственный на Островетчине

13:00 / 06.03.2013
У былой Варонскай базавай школы з 4 верасня мінулага года – менавіта тады ўстанова атрымала пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі – зараз доўгая назва. Цяпер гэта – Дзяржаўная ўстанова адукацыі навучальна-педагагічны комплекс “Варонскі дзіцячы сад-пачатковая школа”. Дарэчы, сёння такая ўстанова – адзіная на Астравеччыне. Таму мы вырашылі даведацца, што змянілася ў садку-школе ў сувязі з атрыманнем новага статусу, і накіраваліся ў Варону.

Яшчэ ў мінулым годзе ў Вароне працавалі Варонская базавая школа і Варонскі дзіцячы сад. Кожная з гэтых устаноў мела свой будынак, але не магла пахваліцца добрымі ўмовамі. І таму ў мінулым годзе было прынята рашэнне аб рэарганізацыі гэтых устаноў у адну.
– У раёне мы – піянеры ў гэтай справе, на якую было затрачана шмат фізічных і маральных сіл. І ў першую чаргу, шмат бюджэтных сродкаў. І змянілася не толькі назва – дзякуючы рамонту будынка, у якім цяпер размяшчаюцца дзіцячы сад і пачатковая школа, ён паўстаў у новым выглядзе, расказвае дырэктар новай установы Іван Іванавіч Пляўга.
Будынак і сапраўды змяніўся амаль што непазнавальна. На яго рамонт было затрачана каля 1 мільярда 200 мільёнаў рублёў, якія пайшлі на будаўнічыя матэрыялы, закупку тэхналагічнага і сталовага абсталявання для харчблока і сталовай, мэблі для дзіцячага садка і сталовай і аплату работы. Грошы немалыя, тым больш, што некаторыя работы – укладку падлогі ў гульнявых пакоях дзіцячага садка, накрыццё даху сталовай – былі выкананы гаспадарчым спосабам працаўнікамі Варонскай школы.
9 студзеня стары будынак дзіцячага садка зачынілі, і дзеці пераехалі ў новыя памяшканні, якія сёння адпавядаюць сучасным патрабаванням і санітарным нормам і правілам.
Сёння садок наведваюць 25 дзяцей. Пераезд у новы будынак даў магчымасць падзяліць дзетак на дзве рознаўзроставыя групы. Павялічыўся і штат выхавальніц. Ды і ўвогуле, нельга параўнаць тое, што бачылі дашкольнікі і іх бацькі ў старым садку, і што атрымалі цяпер.
Сёння выхаванцы садка маюць магчымасць наведваць платныя заняткі па навучанні чытанню і вывучаць англійскую мову, і з задавальненнем выкарыстоўваюць гэтую магчымасць. Заняткі праходзяць раз у тыдзень, і кошт іх сімвалічны – каля 9 тысяч за гадзіну.
Затое ўжо сёння яны прадэманстравалі валоданне замежнай мовай – прывіталіся, палічылі да дзесяці і назвалі свае любімыя цацкі на англійскай мове. І гэтак жа хутка і з веданнем справы назвалі літары беларускага алфавіта, якія ўжо паспелі вывучыць. І напрыканцы нашай размовы хорам радасна аб’явілі: “Мы ўжо хутка пойдзем у школу”.
У сувязі з рэарганізацыяй стала магчымым увесці ў садку пасаду музычнага кіраўніка і кіраўніка фізвыхавання, што ранней зрабіць было немагчыма.
А пакуль дашкольнікі старэйшай групы старанна рыхтуюцца да школы, малодшыя дзеці бавяць час з цацкамі. Дарэчы, у садку дзеці могуць знаходзіцца з 7.30 і да 18.30. “Падвазных” дзяцей пачынаюць развозіць раней, а мясцовыя – знаходзяцца тут да таго часу, пакуль за імі не прыйдуць бацькі.
У гэтым жа будынку сёння размяшчаецца пачатковая школа, якую наведвае 31 вучань. І, як сведчыць статыстыка, колькасць дзяцей у наступныя пяць гадоў у школе не зменшыцца, а ў садку нават павялічыцца да 30 дзяцей. Значыць, перспектывы ёсць і ў школы, і ў садка. І, значыць, дзяржаўныя грошы былі ўкладзены ў рэканструкцыю недарма.
– Пачатковую школу рамонт пакуль не закрануў. Зрабіць яго цяпер немагчыма – дзецям трэба вучыцца. Але і тут ужо адчуваецца “вецер перамен”. У нас з’явіўся гардэроб і, што вельмі важна, для школьнікаў таксама ўстаноўлены санвузлы – ранней туалет размяшчаўся на вуліцы. Канешне, мы спадзяемся, што рамонт закране і школу – у планах замена вокнаў і рамонт спартыўнай залы.
Ужо сёння гаспадарчым спосабам тут рамантуецца будынак былой майстэрні – цяпер у ім няма патрэбы, і адміністрацыя плануе размясціць тут складскія памяшканні для харчовых прадуктаў. А другая частка будынка будзе прыстасавана пад музейны пакой: у Варонскай школе ён славіцца багатай экспазіцыяй.
Нягледзячы на тое, што капітальны рамонт тую частку будынка, дзе цяпер размяшчаецца пачатковая школа, не  закрануў, прыемныя змены адбыліся і тут. Калі раней некаторыя пачатковыя класы займаліся ў памяшканнях, якія былі прахаднымі, то цяпер кожны клас мае асобны кабінет, у якім праведзены касметычны рамонт.
Радуе дырэктара новай установы і тое, што ў школе застаўся камп’ютарны клас, у якім цяпер свабодна могуць праводзіць заняткі настаўнікі пачатковых класаў, – сёння вялікая роля ў навучанні адводзіцца электронным сродкам навучання. І варонскія дзеці з першага класа пачынаюць “сябраваць” з камп’ютарам.
Дарэчы, ніякіх праблем у сувязі з рэарганізацыяй базавай школы ў садок-пачатковую школу не ўзнікла і ў педагогаў. Усе яны былі працаўладкаваны ў суседнія Варнянскую і Трокеніцкую школы. Старшакласнікаў, якія ранней вучыліся ў базавай школе, цяпер падвозяць у Варнянскую сярэднюю школу, і яны таксама задаволены тым, што вучацца ў прыгожым будынку, які адпавядае сучасным патрабаванням.
З першага верасня ў школе з’явіўся свой транспарт – аўтобус, на якім падвозяцца дзеці ў школу і садок – ранней бацькам самім даводзілася дастаўляць дзяцей у сад.
– Калі толькі зайшла размова пра рэарганізацыю нашай установы, думкі, шчыра прызнаюся, былі невясёлыя, – гаворыць дырэктар. – Шкада было адправіць сваіх дзяцей і настаўнікаў у іншую школу, ды і яны не хацелі пакідаць родныя сцены. З часам, калі пачаўся рамонт і сталі бачны першыя яго вынікі – на душы павесялела. Настрой падняўся яшчэ больш пасля таго, як вучні пятых-дзявятых класаў, якія перайшлі ў Варнянскую школу, пры сустрэчах са мной дзяліліся добрымі ўражаннямі і гаварылі, што ім падабаецца ў новай школе. Кропку ва ўсіх пытаннях, што раз-пораз узнікалі, паставілі бацькі дзяцей, што цяпер наведваюць садок. У пачатку гэтага года, калі яны прыйшлі сюды на першы бацькоўскі сход – усе “ахнулі”, калі ўбачылі тыя ўмовы, у якіх цяпер знаходзяцца іх дзеці.
Уражвае і харчблок. Яшчэ ля ўваходу ў памяшканне сталовай погляд затрымліваецца на трох умывальніках рознага памеру – для малодшых дзетак, дашкольнікаў і школьнікаў. Мэбля ў сталовай таксама адпавядае ўзросту дзяцей.
Задаволена ўмовамі працы і повар Алена Рысікаўна Ігнатовіч.
– Нават язык не паварочваецца параўноўваць тое абсталяванне, што было ў садку, і што мы маем цяпер.  Электрапліта, выцяжка, халадзільнікі, новы посуд, – пералічвае Алена Рысікаўна. – Вельмі добра, што змянілася не толькі назва нашай установы, але яна напоўнілася новым тэхналагічным абсталяваннем, што значна палепшыла ўмовы знаходжання і харчавання дзяцей. І канешне, педагогі, работнікі, дзеці і іх бацькі ўдзячны ўсім за такія змены.
Наперадзе ў адміністрацыі Варонскага дзіцячага сада-пачатковай школы шмат яшчэ работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Адпаведны план ужо распрацаваны, і вясной, як толькі сыдзе снег, на прышкольнай тэрыторыі будуць усталяваны пляцоўкі і павеці для дзетсадаўцаў, з’явяцца тратуарныя сцежкі, зацвітуць кветкі.
А вясной увесь калектыў новай установы чакае яшчэ адно сур’ёзнае мерапрыемства – садок-школа будзе праходзіць акрэдытацыю ў Дэпартаменце кантролю ведаў. І верыцца, што гэты сур’ёзны экзамен яны вытрымаюць выдатна!


-------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.