На границе Островецкого и Ошмянского районов: Как жила деревня Гологуры, рассказали её уроженцы

15:01 / 29.04.2019
1049
Дзе б ты ні жыў, як блізка ці далёка ні закінуў бы цябе лёс і як бы добра і ўтульна ты ні адчуваў сябе ў іншым месцы, у думках ты бу­дзеш вяртацца туды, дзе нарадзіўся і зрабіў першыя крокі, дзе засталося дзяцінства і прайшлі самыя шчаслівыя моманты жыцця... 

Вёска Галагуры стаіць на мяжы Ашмянскага і Астравецкага раёнаў, таму жыццё галагурцаў было непарыўна звязана з  Астравеччынай. Як і чым яны жылі, расказалі сённяшнія астраўчане Эдмонт Рышардавіч Нарковіч  і Юзэфа Іванаўна Шчолка.

Назва вёскі Галагуры гаворыць сама за сябе – у перакладзе з польскага яна гучыць як «голыя горы». 

– Мясцовасць у нас сапраўды камяністая, гарыстая, – гаворыць Юзэфа Шчолка. – Але зямля радзіла. 

Юзэфа Іванаўна Шчолка.jpg



У вёсцы ўсяго адна вуліца, на ёй стаяла дзевяць хат, агульны калодзеж і кузня ля сажалкі. Цяпер у Галагурах засталося тры хаты, і тыя  выкарыстоўваюцца пад  дачы.

– Так было міла,  так вясёла, – гаворыць Юзэфа Іванаўна. – Вый­дзеш увечары на двор – і чуеш: у Талоцішках спяваюць, у Дэбесях спяваюць. Да Індрубкі, Войтушак – рукой падаць! У Труханах якія весялуны былі! А цяпер лес кругом, дарогі так зараслі, што камар носу не ўпрэ!

– А колькі мы вады перавазілі ў бочках з суседніх Войтушак, пакуль вясковую студню не выкапалі, – працягвае Юзэфа Іванаўна. 

У кожнага ў двары студня драўляная стаяла, але ж там толькі верхаводка і была – нават жывёлу напаіць не заўсёды вады хапала. Каб дапамагчы галагурцам вырашыць гэту праблему, калгас наняў чалавека выкапаць калодзеж і заліць бетонныя кольцы для яго.

– Гэты чалавек  з Ашмян быў, – расказвае бабуля Юзэфа. – Калгас яму плаціў за работу, а мы кармілі – кожная хата па кулейцы. 
Калодзеж атрымаўся глыбокім – больш за 70 кольцаў туды ўкапана – вяскоўцам даводзілася добра папацець, каб выкруціць вады. Дарэчы, ён быў крытым: стаяў у невялікім дашчатым дамку.

– Дарога ў Галагурах была брукаваная – камянёў у ваколіцы хапала! – яшчэ пры Польшчы кладзеная,  – узгадвае Юзэфа Шчолка. – Вуліца наша па форме качаргу нагадвала. Калі калгас вырашыў яе «выпрастаць», брук зраўнялі з зямлёй. Тады кожнаму шараварка была назначана – колькі дзён адпрацаваць на дарозе… Мялі дарогу кожную суботу і абавязкова перад святамі. А зімой «валакушай» чысцілі – нешта кшталту рагаціны прычаплялі да пераду трактара, і ён рассуваў снег. 

– Хлеб, пірагі, макароны – усё рабілі самі, і муку малолі самі, – узгадвае Эдмонт Нарковіч сваё дзяцінства (50-я – пач. 60-х гадоў). – Дзялкі калгасныя дапамагалі бацькам палоць, баранавалі,  кручку садзілі, лён рвалі,  сена нарыхтоўвалі... 

Эдмонт Нарковіч.jpg



– У нашай вёсцы панскіх земляў не было – усе самі набывалі, – удакладняе Юзэфа Іванаўна. 

У касцёл галагурцы хадзілі ў мястэчка Гудагай, там жа на могілках хавалі нябожчыкаў.

– Хадзілі праз Труханы, вярсты тры шляху атрымлівалася, – гаворыць  Юзэфа Шчолка. – У мястэчку некалькі могілак. За польскім часам,  каб пахавацца на прыкасцёльных могілках,  трэба было заплаціць капейчыну. 

Жыхары 

У Галагурах было толькі тры прозвішчы – Мікліс, Шчолка і Сташкевіч. 

– Мой бацька, ажаніўшыся з маці, прыйшоў напаўдом да бабуні з дзядунем Сташкевічаў, – гаворыць Эдмонт Рышардавіч. – Таму на нейкі час, пакуль бацькі не пераехалі ў Гродзі (Ашмянскі раён), у вёсцы жылі яшчэ і Нарковічы.

Вераніка і Рышард Нарковічы з дзецьмі Валянцінай і Эдмонтам. Галагуры 60-я гады 20 стагоддзя.jpg


Вераніка і Рышард Нарковічы з дзецьмі Валянцінай і Эдмонтам



– Калі ісці па вёсцы з боку Індрубкі, злева стаялі хаты Юзэфа і Станіславы Міклісаў, Юзэфа і Эміліі Шчолкаў, Тамаша і Станіславы і Яна са Станіславай Шчолкаў – яны напаўдом жылі, Станіслава і Ганны Шчолкаў, – пералічвае Юзэфа Шчолка. – Справа па вуліцы жылі Антоній і Зоф’я Міклісы, Іван і Ева Сташкевічы, Антоній і Вікторыя Міклісы – потым мы з Браніславам (муж) у іх хату адкупілі. Далей праз дарогу ад нас жылі Ігнацый і Апалонія Сташкевічы, з імі напаўдом жыла дачка з зяцем Вераніка і Рышард Нарковічы; і ў апошняй хаце жылі таксама дзве сям’і – Вінцэнт з Эміліяй і Антоній з Юліяй Сташкевічы. Дзяцей у вёсцы шмат было – сем’і шматдзетнымі былі.

Іван і Ева СташкевІчы.jpg

Іван і Ева Сташкевічы


Называлі адзін аднаго вяс­коўцы не толькі па імёнах – не абыходзілася без мянушак. Самыя распаўсюджаныя – дзіцячыя і жаночыя,  якія ўтвараліся ад імені гаспадара: калі дзеці Тамаша – то Тамашовыя, калі жонка – то Тамашыха. На канцы вёскі жыў Канцавы Мікліс,  Пшчолы трымаў пасеку, Зялёны быў белавалосы і бледнатвары, жылі ў вёсцы яшчэ Тырта, Сасік, Свіркун.

– Мой бацька быў кавалём, –  расказвае Эдмонт Рышардавіч. – Антоній Мікліс, Сасік яго празывалі, быў сталяром. Дык ён сабе труну зрабіў і трымаў на гарышчы ў хаце, а потым хату разам з труной і прадаў.

– Мы з мужам гэту хату купілі – я на гарышча з-за гэтай труны лазіць баялася, – смяецца Юзэфа Шчолка. – А потым чалавек з вёскі раптоўна памёр, да нас яго родзіч прыйшоў труну прасіць – от я шчаслівая была, як яе забралі!

– А брат мой, Браніслаў Сташкевіч, фатографам быў, – гаворыць Юзэфа Іванаўна. – Ён гэтым зарабляў.

Браніслаў Сташкевіч. Галагуры.jpg


Вайна ў памяці

– Параненых хавалі ў хатах, любанька мая. Баяліся, але хавалі – шкада людзей, – кажа Юзэфа Шчолка. 

– Помню, прыйшоў да нас зранены чалавек, палонны ён быў. А тут немцы надышлі. Мы гэтага чалавека на печ схаранілі, залажылі вітушкамі – ніткамі напрадзенымі. Сядзім і трасёмся, каб не знайшлі. Мой бацька, Ян Сташкевіч, солтысам быў – каб у нас у хаце знайшлі гэтага чалавека, немцы былі б і яго, і нас зграмаздзіўшы. Але ўсё абышлося. 

Вазілі вяскоўцы па чарзе партызан да чыгункі ў Гудагай – бомбы закладваць, а потым адвозілі ў Піктусі, што за Мурашмянкай. Юзэфа Іванаўна казала, па брэху сабак пазнавалі, што партызаны прыйшлі.

– Неяк загадалі партызаны Ігнацыю Сташкевічу, майму дзядзьку, везці іх на чыгунку, – успамінае ваенныя гады бабуля Юзэфа. – А той хворы быў – адміраў. Ледзь угаварылі іх не чапаць…

Прыходзілі часта ў вёску немцы за яйкамі і мясам.

– Ніколі сілай не бралі – прасілі, – кажа Юзэфа Шчолка. 

Калгаснае жыццё

– Цяжка было адразу. Свіран бацькоўскі ў гродзіеўскі калгас перавезлі, лес забралі, – успамінае Юзэфа Іванаўна. – А потым, любанька, мы Саветам мусілі заплаціць, каб нам там дзялянку для нарыхтоўкі дроў выдзелілі…

У калгасы адразу ўступаць людзі не хацелі, падаткі гатовы былі выплачваць, каб толькі свайго не аддаваць.

– Сход за сходам праводзілі, упэўнівалі ісці ў калгас, – гаворыць Юзэфа Шчолка. – А падаткі былі непад’ёмныя, колькі б ні працаваў, усё аддасі – і ўсё роўна не хопіць: збожжа, мяса, воўна, малако, яйкі ды яшчэ і грошы заплаціць – не выплаціш, у турму пасадзяць! Каня забаранялі трымаць, больш за адну карову, сенажаці касіць… Потым адзін чалавек, які падаткі збіраў, параіў: «У вас выйсця няма – лепш ідзіце ў калгас».

І вяскоўцы здаліся. Па словах маёй суразмоўцы, адразу плацілі натурай, а потым пакрысе сталі ўводзіць разлік за працу грашыма – і стала лягчэй.

– На першую зарплату я купіла ў Вільні шапачку, касцюм, адрэз штапельчыку, бабельчыку зялёнага і боты гумовыя, – успамінае Юзэфа Шчолка. – Потым заробкі сталі лепшымі – нічога зажылі. Адно толькі: пашпартоў нам не давалі  – каб з калгаса не ўцяклі!

На працу вяскоўцы ў Дэбескую брыгаду хадзілі – там цялятнік, гумно, стайня калгасныя былі; калі трэба было, ездзілі ў Гродзі ў калгас. А вось ісці на работу ў рэлігійныя святы людзі не хацелі.

– Дзеці бацькам заўсёды ў калгас хадзілі дапамагаць, – кажа Эдмонт Нарковіч. – І каня кожны мог узяць на стайні, запрэгчы і ехаць поле абрабляць. Усе коні былі спакойныя, падатлівыя, адзін толькі па клічцы Пракурор наравісты быў і надта кусаўся – яго нават дарослыя не ўсе маглі ўтаймаваць. (Смяецца)

– У Дэбесях лазня калгасная стаяла, там мы лён мялі і часалі – спецыяльны агрэгат для гэтага быў устаноўлены, – працягвае мужчына. – І мыцца туды хадзілі – два вазы дроў спальвалі за раз. 

Перад Вялікаднём лазня пераўтваралася ў капцільню. Мяса, сала, каўбасы зносілі ўсе вяскоўцы, нарыхтоўвалі вялікую кучу ядлоўца – і «вэндзілі» да свята прысмакі. 

Школьная навука

–   Я нарадзілася ў 1931 годзе, у школу пайшла, але не скончыла – часы цяжкія наступалі, не да навукі было, – расказвае Юзэфа Шчолка. – Сама навучылася і пісаць, і чытаць. 

Юзэфа Іванаўна расказала, што да вайны ў пачатковую школу хадзілі ў суседнія Дэбесі. Адукацыя была платная. Вучыліся на польскай мове, а пасля вайны – на беларускай. 

– Помню, як яшчэ пры Польшчы збіралі грошы на будоўлю школы ў мястэчку Гудагай: прадавалі маркі, на якіх быў намаляваны будынак будучай школы, – узгадвае жанчына. – А яшчэ надпіс быў «Złóż grosz na budowę szkół powszechnych» – маркі набывалі за злотыя. У будынку той школы цяпер кляштар.

Эдмонт Нарковіч вучыўся ў Дэбескай школе – яна была пачатковай, дзеці сярэдніх класаў хадзілі ў Гродзіеўскую школу (Ашмянскі раён), а старэйшыя ездзілі ў школу ў Ашмяны ці ў Астравец.

– У першы клас я пайшоў у 1964 годзе, – расказвае Эдмонт Рышардавіч. – Вёска Дэбесі была за кіламетры паўтара ад Галагураў – блізка, але нам, дзецям, здавалася гэта вельмі вялікай адлегласцю. Моды не было, каб хто вазіў. Боты кірзавыя ўсім вучням бясплатна выдавалі кожны год. Першай настаўніцай у мяне была Рэгіна Шчолка з Галагураў.

Юзэфа Іванаўна ўзгадвала, што адзін час школьную навуку ў Дэбесях выкладала настаўніца са Львова Яніна Вайткевічуўна – яна кватаравала ў іх хаце.

Дэбеская школа месцілася ў невялікай хацінцы на два пакоі: у адным вучыліся дзеці, прычым усе класы разам, а другі быў настаўніцкім – там сшыткі ляжалі, карты…

Школа ў Дэбесях 60-я гады 20 ст. Настаўніца Яніна Вайткевічувна ўсміхаецца ў камеру.jpg



– Пісалі пер’явымі ручкамі – дзеці сінімі чарніламі, а настаўнікі чырвоныя яшчэ мелі, – узгадвае Эдмонт Нарковіч. – Чарнільніца была ў кожнага свая – яе ставілі ў спецыяльную адтуліну ў парце, чарнілы налівала нам настаўніца. 

Пер’і былі двух відаў – «зорачка» і «дубок». «Дубком» было пісаць лягчэй – пяро мякка ішло па паперы, яно было закругленым, а «зорачку» дзеці не любілі – гэта пяро паперу драпала. І менавіта «зорачкай» шкаляроў вучылі пісаць – почырк прыгожы адпрацоўвалі.

Дзіцячыя інтарэсы

– Гулялі ўсе разам – і вялікія, і малыя. Бывала, у «пікеры» палкай так па нагах атрымаеш, што міжволі слёзы пакоцяцца. І крыўдна, і балюча – а дахаты не ідзеш: бацькі даведаюцца – яшчэ і дабавяць, – расказвае пра дзіцячыя забавы  Эдмонт Нарковіч.

Любіла дзятва паганяць у футбол, павадзіць лазовай клюшкай шайбу па лёдзе, пагуляць у хованкі, але асабліва захапляючай была «вайнушка».

– Небяспечныя былі гэтыя «войны», – узгадвае мужчына. – Акопы рабілі, закладвалі іх бярвеннем і засыпалі пяском – маскіравалі, а лазы ў іх асобна выкопвалі – траншэю такую рабілі. Былі ў нас і «немцы», і «разведчыкі»… Тады ва ўсіх такія гульні былі. 

– А колькі ў нашай вясковай сажалцы было рыбы! – успамінае дзяцінства Эдмонт Рышардавіч. – Помню, мамусіным цюлем рыбы навудзілі і павесілі яго назад на акно – думалі, што ніхто не заўважыць. (Смяецца) Атрымалі потым за гэтую рыбалку!

– А мы любілі ў дзяцінстве яшчэ «матыля» ганяць, – расказвае Юзэфа Шчолка. – Завязваеш вочы хусцінкай – і бегаеш, ловіш «матыля». (Кшалту жмурак. – Заўв. аўт.)

Вясковая культура

– На пасядзелкі мы збі­раліся ў хаце Антонія і Вікторыі Міклісоў, –  узгадвае адпачынак вясковай моладзі Юзэфа Шчолка. – Хлопцы ў карты рэзаліся, дзяўчаты пралі. Граць танцы прыходзілі Стасюк Ляшчэўскі з Асотнікаў і Гэнюк Гульбіцкі з Дзягенева.

Першы тэлевізар у Галагурах купіў Тамаш Шчолка – да яго ўся вёска збіралася.

– А потым на яго яшчэ плёнку ў тры паласы – блакітна-чырвона-зялёную начаплялі, так з чорна-белай выявы на экране атрымлівалася каляровая, – успамінае Эдмонт Нарковіч. – Гадоў па сем-восем нам было, бяжым на ферму стрымгалоў каня запрэгчы, каб бульбу абагнаць ,– і хутчэй дамоў, каб «Чатыры танкісты і сабака» па тэлевізары паглядзець. 

Галагуры 60-я гады 20 стагоддзя.jpg



Прывозілі ў вёску і фільмы. Пра сеанс папярэджвала афіша, за якой заўсёды «палявала» дзятва – у яе кнігі абгортвалі.
 
– Эдзька Юзука Мікліса, наш аднавясковец, быў кінамеханікам, ён па ўсіх вёсках ездзіў, – расказвае Эдмонт Рышардавіч. – Паказвалі сеансы па вечарах у выхадны, збіраліся на яго ўсе вяскоўцы. На сцяну вешалі белую прасціну – гэта быў экран, ставілі праектар, адразу паказвалі пяціхвілінную палітінфармацыю пра дасяг­ненні СССР, а потым – кіно.

– Дарэчы, дзяўчаты раней порткаў не ведалі, – кажа бабуля Юзэфа. – Панчошкі насілі, снегопцы (Паўбоцікі – Заўв. аўт.) суконныя… 
А яшчэ вяскоўцы мелі магчымасць набыць адрэзы тканіны, хусцінкі, посуд або зарабіць грошай, як кажуць, не адыходзячы ад касы: па вёсках часта ездзілі жыды і цыганы, якія скуплялі яйкі, малако, масла, сала і іншы правіянт, або мянялі на яго свой тавар.

Галагускія дзяўчаты.jpg



– Насоўкі ў іх яшчэ можна было купіць, графкі, мыла – яго ж не было! – успамінае Юзэфа Шчолка. – Яны мелі шмат чаго.

Так бытавалі і шчыравалі, святкавалі і гаравалі жыхары невя­лікай вёсачкі, што стаіць на мяжы Астравецкага і Ашмянскага раёнаў. А потым яна пакрысе стала пусцець: моладзь выехала – дарэчы, многія галагурцы перасяліліся на Астравеччыну; старыя дажывалі свой век, а кагосьці, як Юзэфу Шчолку, забралі да сябе дзеці. Цяпер Галагуры – толькі кропка на карце. 

Вяселле ў вёсцы. Галагуры.jpg

Вяселле ў вёсцы Галагуры


Аднак малая радзіма кліча сваіх дзяцей на спатканне, цягне, нібы магнітам, да родных мясцін. І яны едуць туды, дзе нарадзіліся, дзе прайшло іх дзяцінства, дзе пражылі, як лічаць, лепшыя гады, каб паглядзець на мілыя мясціны,  пастаяць на роднай вулачцы, пасядзець на падмурку бацькоўскай хаты, абкасіць ля плоту – і ўзгадаць, як было міла і хораша. Бо дзе б яны ні жылі, сніцца ім радзіма.

Текст: Рита Дремо
Фото: Рыта Дрэма і з сямейных архіваў Э. Нарковіча, Ю. Шчолкі.
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений