Пра чатыры Глушыцы расказвае Іаланта Валуевіч

13:10 / 22.03.2019
2854
Малая радзіма, бацькаўшчына – гэта месца, дзе чалавек нарадзіўся на свет, дзе  адчуваў сябе захаваным ад бяды і гора. Гэта ўтульны цёплы дом, дужыя бацькавы рукі, ласкавыя словы матулі. І нават калі імклівы вір жыцця закруціў цябе і занёс далёка ад роднага дома, успаміны аб ім не пакідаюць ніколі. Мы часта туды вяртаемся – калі не на яве, то ў думках і снах, каб сагрэць сэрца, адпачыць і духоўна адрадзіцца. І родны кут, маленькая радзіма заўсёды нас чакаюць….

DSC00167.jpg

Мая маленькая радзіма – Глушыца, чатыры маляўнічыя, прыгожыя і такія дарагія сэрцу хутары на  Спондаўшчыне,  якія знаходзяцца адзін ад аднаго на адлегласці ў 300-500 метраў у радыусе 0,3-0,5 кіламетраў.

Калі выглянуць з акна Спондаў­скай біблія­тэкі, якая размяшчалася на другім паверсе адміні­ст­рацыйнага будынка, дзе я шмат гадоў працавала, то адразу ўбачыш зялёны астравок, які «плавае» сярод прастораў збажыны: зялёны ўвесну, жоўты ад спелага калосся летам, пакрыты белым покрывам снягоў узімку. Гэта – Глушыца Першая.

Крыху далей віднеецца віхрасты чубок сасонніку і вер­ха­віны магутных дубоў, якія некалі пасадзіў мой дзед Клеманс Валуевіч. Гэтыя дубы раслі разам з яго сынамі, бачылі, як яны жылі, весяліліся і смуткавалі, працавалі на сваёй зямельцы. Дубы засланялі сабой будынкі ад вятроў, прымалі на сябе ўдары маланак. Яны праводзілі ў апошні шлях гаспадароў засценку і, падобна, у хуткім часе яны застануцца адзінымі ўладарамі і гаспадарамі гэтага хутара. Гэта – Глушыца Другая.

Яшчэ лявей бачна шапка кучаравага клёну і страха нейкай забудовы. Гэта – Глушыца Трэцяя. 
І толькі Глушыцу Чацвёртую цяжка заўважыць – яна схавалася ў лесе прыкладна за паўкіламетра ад астатніх.

Пішу гэтыя радкі – і сэрца захлынаецца ад жалю. Яшчэ нядаўна тут кіпела жыццё,  звінелі дзіцячыя галасы, буялі кветкамі палісаднікі… А зараз толькі камяні падмуркаў,  здзічэлыя яблынькі і кусты бэзу ды язміну нагадваюць, што некалі тут было чалавечае жытло.
Першай апусцела  Першая Глушыца – здарылася гэта ў 90-х гадах мінулага стагоддзя. Затым – Чацвёртая, пасля – Трэцяя.

…Калі задумацца аб паходжанні назвы, то першай прыходзіць думка, што яна паходзіць ад слова «глуш». Але не заўсёды гэта так. Некалі я ехала на поўдзень Польшчы ў невялікі шахцёрскі гарадок. Баючыся праспаць сваю станцыю, падхоплівалася на кожным прыпынку. На адным з іх выглянула ў акно і прачытала назву буйной станцыі – «Глушыца глувна». Аказалася, што гэта вялікі горад на поўдні Польшчы. Пасля пры дапамозе інтэрнэту высветліла, што ў Расіі таксама ёсць Глушыца Вялікая – абласны цэнтр. А ёсць яшчэ і Глушыца Малая. Некалькі Глушыц ёсць і ў Беларусі.

Апроч афіцыйных, спондаўскія Глушыцы мелі і, так бы мовіць, «народныя» назвы. Так, Глушыцу Чацвёртую называлі Шурпіцкія, таму што амаль усе яе жыхары мелі такое прозвішча. Трэцяя Глушыца  – Бахцюкі: там некалі жыў чалавек з такой мянушкай. Другая Глушыца – Валуі: усе жыхары тут насілі прозвішча Валуевіч. А Першая Глушыца – Шульгачы. Нават у касцёльнай кнізе 1909-1913 гг. так запісана: «Глушица (Шульгачи)». Былыя жыхары гэтага хутара  расказвалі, што ў дзяцінстве ад дзядоў чулі пра пана Шульгу, які быў уладальнікам гэтага хутара. Тут працаваў невялікі спіртзавод, а сажалка, якая знаходзіцца ў цэнтры хутара, служыла ахалоджвальнікам. Дно ў ёй вельмі цвёрдае – выкла­дзена ці то цэглай, ці то глінай з саломай, а вада – заўсёды чыстая і халодная. Найбольш яркая і багатая прырода ў Шульгачах: тапалёвая палісада, ліпы, ляшчыны і нават вязы і грабы, якія, як сведчыць энцыклапедыя прыроды Беларусі, выкарыстоўваліся для азелянення паркаў і сквераў.

Насялялі Глушыцы простыя, шчырыя і працавітыя людзі, якія потам і мазалямі здабывалі «хлеб свой надзённы». У маёй Другой Глушыцы амаль усе былі майстрамі. Мой бацька, Франц Валуевіч, быў адным з лепшых у акрузе сталяроў і печнікоў. Заказваць вокны, дзверы і іншае да яго прыязджалі нават з Астраўца. Дзядзька, Антось Валуевіч, таксама крыху займаўся сталяркай, а яшчэ быў шорнікам – майстрам па вырабу конскай вупражы. Часлаў Валуевіч быў кавалём, меў сваю кузню ў сасонніку, які так і называлі – Кузенькай.

Клеманс.jpg

Глушыца Другая; мой дзед Кляменцій і бабуля Марыя з дзецьмі Броняй, Антосем і Юзюком. Мой бацька, Франц, на каленях у мамы.Іаланта Валуевіч.

Уладыслава Валуевіч і Стэфанія Місюк былі вядомымі ў акрузе швачкамі, нават вучаніц сваіх мелі. Мая мама, Элеанора Валуевіч, ткала дываны, настольнікі і ручнікі, якія пабывалі на розных выставах. Сама прыдумвала ўзоры, наводзіла кросны. Яе і Уладыславы Валуевіч тканыя вырабы захоўваюцца ў Гродне ў музеі. Пра іх пісалі ў 1987 годзе ў саюзнай газеце «Сельская жизнь» – артыкул В.Волах   называўся «Мастера с хутора Глушица». 

Гонар і слава Глушыц – гэта яе слаўныя сыны, імёны якіх вядомы і па-за межамі Беларусі. Гэта народныя майстры, разьбяры па дрэве Вікенцій Ягела, які ў 1978 годзе атрымаў бронзавы медаль на ВДНГ СССР, і Міхаіл Валуевіч, вырабы якога знаходзяцца ў музеі гісторыі рэлігіі ў Гродне. Вучоны фізік-ядзершчык  Рычард Памецька напісаў шмат навуковых артыкулаў. Музыкант, вынаходнік, інжынер Фелікс Станевіч у 1981 гадзе быў узнагароджаны залатым медалём  ВДНГ СССР за вынаходніцтва сінтэзатара музыкі «Фелікс-201». Да іх можна аднесці і народную паэтку Генуэфу Станевіч.
Зараз толькі ў Глушыцы Другой захаваліся пабудовы – пяць дамоў, і толькі ў адным з іх яшчэ жыве адна жанчына. Недалёкі той час, калі Глушыца стане вёскай-прывідам, і толькі векавыя дубы застануцца вартаўнікамі пустых хацін. Яны яшчэ  доўга будуць шапацець лістотай і расказваць пад акампанемент вятрыскаў сасонніку, аблокам ды выпадкова ці не заблукаўшаму сюды падарожніку пра тое, якімі шчаслівымі былі тут некалі людзі, і ўзносіць да неба малітвы за іх светлыя душы.


Ад рэдакцыі:
Расказваючы пра сваіх слынных землякоў, Іаланта Валуевіч, вядома ж, сціпла прамаўчала пра сябе. Але ўсе гэтыя імёны мы ведаем толькі дзякуючы ёй, нястомнаму краязнаўцу, бязмежна ўлюбёнаму ў свой спондаўскі край. Дзякуючы яе самаахвярнай, нікім не заказанай і нікім не аплочанай працы, на карце Спондаўшчыны практычна не засталося «белых плямаў»: яна напісала гісторыі навакольных вёсак, касцёлаў, расказала пра тапаніміку роднага краю, яго звычаі і традыцыі, народныя прыкметы, прыказкі і прымаўкі, жыццё і лёсы людзей, што тут жылі ці жывуць дагэтуль. Гэта – неацэнны скарб, і будзе вельмі шкада, калі ён застанецца толькі разрозненымі артыкуламі на старонках «Астравецкай праўды» ды некалькімі міні-зборнікамі. Даўно, напэўна, наспеў час выдаць краязнаўчыя даследаванні Іаланты Валуевіч асобным выданнем – гэта стала б вялікім помнікам малой радзіме, так патрэбным людзям, што зараз тут жывуць, і найперш – дзецям, моладзі. Гэй, мецэнаты, гатовыя зрабіць добрую справу ў Год малой радзімы, – адгукніцеся! А можа, мясцовая ўлада зацікавіцца гэтай ідэяй?


Текст: Иоланта Валуевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений