В Островце прошла презентация книги о культуре Гродненщины

17:00 / 03.09.2014
Прэзентацыя кнігі «Культура Гродзеншчыны. Факты. Падзеі. Асобы» прайшла ў кінаканцэртнай зале «Астравец».

Кніга была выдадзена ў выдавецкім доме «Звязда» па ініцыятыве ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама і стала цудоўным падарункам да 70-годдзя Гродзенскай вобласці.
Новае выданне складаецца з 8 раздзелаў, прысвечаных гісторыі бібліятэчнай творчасці, музейнай справе, аматарскай мастацкай творчасці, музычным калектывам і шэрагу іншых накірунках культуры.
Прыемна, што ў новае выданне трапілі і расповеды пра дзвюх жанчын, якія мелі дачыненне да бібліятэчнай справы нашага раёна. Гэта былы дырэктар Астравецкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, умелы арганізатар і чулы чалавек, якой, на жаль, сёння ўжо няма разам з намі, Вера Сцяпанаўна Тумаш і сённяшні загадчык Спондаўскай сельскай бібліятэкі, якая ўнесла значны ўклад у даследаванне гісторыі і культуры сваёй малой радзімы, Іаланта Францаўна Валуевіч. Менавіта дзейнасці гэтых жанчын былі прысвечаны і кніжныя выставы, якія размясціліся ў кінаканцэртнай зале «Астравец».
Слова для выступлення падчас прэзентацыі было прадстаўлена многім работнікам культуры. Адна з іх – Данута Францаўна Чарнушэвіч, жанчына-кіраўнік, якая шмат гадоў узначальвала раённы аддзел культуры і стаяла ў вытокаў зараджэння самадзейнасці нашага раёна.
Данута Францаўна нарадзілася ў сям'і музыкантаў і таму на сцэне з пяці гадоў, з 1964 года яна працавала ў культуры нашага раёна, таму сёння ёй ёсць што ўспомніць і расказаць – Данута Францаўна з задавальненнем падзялілася з гледачамі сваімі ўспамінамі і вопытам работы ў сістэме культуры.
Падчас прэзентацыі кнігі гучалі расповеды пра яе раздзелы, а таксама песні, якія выконвалі работнікі культуры.
Кніга «Культура Гродзеншчыны. Факты. Падзеі. Асобы» ёсць ва ўсіх бібліятэках раёна. Таму, мяркую, больш дэтальнае знаёмства з ёй лепш ажыццявіць самастойна, наведаўшы бібліятэку.


----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.