"Репортёр выходит в свет". Какой вы запомнили школу?

10:00 / 14.06.2014
Школьныя гады назаўсёды застаюцца ў нашай памяці і пакідаюць свой адбітак у душах, на паводзінах і адносінах да свету і людзей. Дзе б мы ні былі, куды б нас ні закінуў лёс, кожны з самымі лепшымі пачуццямі ўзгадвае сваіх школьных сяброў, строгіх і лагодных настаўнікаў, першае і непаўторнае каханне.
А якой запомнілі школу нашы сёлетнія выпускнікі, аб чым яны будуць сумаваць і ці будуць сумаваць увогуле? З гэтымі пытаннямі і звяртаўся да ўчарашніх адзінаццацікласнікаў рэпарцёр “АП”.

Вікторыя Алексеявец:


– Школьныя гады запомніліся тым, што я атрымала цудоўную падрыхтоўку да дарослага жыцця. Не толькі ў плане ведаў, але і ў адносінах паміж людзьмі. Зараз адчуваю лёгкі сум па школе і па настаўніках, але ўсё ж хочацца хутчэй апынуцца там, у дарослым жыцці. Са школай я развітваюся не назаўсёды, бо абавязкова буду яе наведваць, калі буду дома.
Вядома, буду сумаваць і па сваіх аднакласніцах, але, так як амаль палова з нас збіраецца паступаць ў Мінск, то будзем бачыцца. Дакументы я буду падаваць ва ўніверсітэт імя Максіма Танка і спадзяюся, што здолею туды паступіць і стаць добрым лагапедам.
А што запомнілася, дык гэта, напэўна, апошні званок: усе нашы дзяўчаты ў школьнай форме з белымі фартушкамі – прыгажосць!


Карына Сцефановіч:


– Зараз у мяне такі настрой – не выказаць словамі: і сум, і радасць, і журба, і весялосць. З аднаго боку, не хочацца развітвацца са школай і сябрамі, а з другога – хочацца хутчэй стаць самастойнай. Паступаць я збіраюся ў Мінск на маркетолага – прафесія, здаецца, зараз патрэбная і прэстыжная.
За гады навучання ў школе столькі ўсяго было!.. Напэўна, самым запамінальным стаў наш першы паход на ГЭС...


Сяргей Тухта:


– Мне школа запомнілася сваёй непаўторнай атмасферай, якую на працягу столькіх гадоў стваралі настаўнікі і вучні. Шчыра кажучы, я буду больш сумаваць па сваіх аднакласніках – за апошнія некалькі гадоў мы сталі блізкімі па духу і настрою, асабліва калі разам прагульвалі ўрокі ці спісвалі на кантрольных (смяецца).
Куды буду паступаць, пакуль канчаткова не вызначыўся, але разглядваю варыянт Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.


Анастасія Янецкая:
– А мне найбольш запомніўся апошні год навучання – столькі мы ўсяго зрабілі і нарабілі. Адзін дзень самакіравання чаго варты – нават дырэктар плакала ад шчасця: “Такога дня ў нас яшчэ ніколі не было!”
Вядома, буду сумаваць і па школе, і па сябрах, і па настаўніках, а асабліва – па нашай класнай Таццяне Уладзіславаўне Чыжэўскай. З нецярпеннем чакала ўручэння атэстату і свайго выпускнога. А там ужо сто дарог – выбірай сваю! Кім мару стаць я? Урачом, таму зараз актыўна рыхтуюся да паступлення ў медуніверсітэт.


---------------------------------------------
Гутарыў Антон МАЛЬШЭЎСКІ, фота аўтара.