"Репортёр выходит в свет". Что значит для вас День Победы?

15:00 / 09.05.2014
Цяжка ўявіць, але сёлета мы святкуем 69 гадавіну Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 70 гадоў з дня вызвалення Беларусі. Шмат часу прайшло з таго далёкага шчаслівага дня, калі людзі крычалі “Перамога!” Мала засталося сведкаў і яшчэ менш тых, хто сваімі крывёю і потам здабываў нам мір і будучыню. Аб чым думалі і марылі тады нашы дзядулі і бабулі, бацькі і маці, браты і сёстры? Як уяўлялі мірнае жыццё?
І аб чым у гэты знамянальны дзень думаем мы, іх нашчадкі? Каб высветліць гэта, на вуліцы Астраўца выйшаў з чарговым апытаннем карэспандэнт “АП”.

Віктар Кавалевіч, электразваршчык:


– Гэта свята бацькоў і дзядоў, якія змаглі адстаяць незалежнасць нашай краіны. Мой дзед Аляксей Радзівонавіч вярнуўся на радзіму з вайны героем, а яго брат Павел пахаваны ў Польшчы, у Вродславе!
За існаванне і за незалежнасць тады змагаліся і дарослыя, і дзеці, не звяртаючы ўвагі ні на нацыянальнасць, ні на веравызнанне, ні на мову. Таму я лічу дзікунствам тое, што зараз у некаторых краінах былога Савецкага Саюза забараняюць праводзіць свята Перамогі на падставе таго, што гэта “не іх перамога”. Лічу гэта неправільным, бо падчас вайны 1941-1945 гадоў была адна краіна – СССР. Гэтыя варожыя настроі супраць свята Перамогі асабліва ярка пачалі “праклёўвацца” толькі ў апошнія дзесяцігоддзі барацьбы за самастойнасць. Відаць, некаму трэба пасварыць нас паміж сабой, каб з намі прасцей было справіцца.


Гражына Лукашэвіч, кветкавод:


– 9-га мая – гэта Свята з вялікай літары. Гэта не проста ўсеагульны Дзень Перамогі, а хутчэй, дзень памяці аб тых, хто рабіў усё магчымае і немагчымае, каб мы жылі мірна, свабодна і шчасліва. Напэўна, няма ў нашай краіне такога чалавека, які б не страціў свайго бацьку, дзядулю або прадзядулю падчас ліхалецця ваенных часоў.
У нашай сям’і гэты дзень – падстава, каб разам адпачыць і ўспомніць родзічаў. Вось і сёлета мы будзем усе разам: сходзім на дэманстрацыю, а потым, калі дазволіць надвор’е, – на канцэрт у лесапарк.


Леакадзія Спірыдон, пенсіянерка:


– Для мяне Дзень Перамогі – гэта сімвал жыцця, вялікай адданасці і самаахвярнасці. Нашы дзяды, бацькі і браты пралілі нямала крыві, каб адстаяць незалежнасць і магчымасць жыць. Людзі чакалі перамогі і верылі ў яе – і мара стала рэчаіснасцю.
Я вайны не памятаю, хоць і нарадзілася ў 1941 годзе, але маю аб ёй уяўленне, бо на ёй загінуў мой дзядзька Міхаіл Лаўрыновіч. І я добра памятаю, як складана было ў першыя гады мірнага жыцця. І я дзякую Богу за тое, што зараз у нашай краіне ўсё спакойна.


Марыя Жэбіт, настаўніца:


– На Астравеччыне мы жывём ужо 28 гадоў, пасля пераезду з Хойнікаў, але і з нашых мясцін шмат хто страціў на Айчыннай вайне таго ці іншага родзіча. І шмат сем’яў былі рады, калі іх бацька вярнуўся з вайны жывым і здаровым. У вайне 1941-1945 гадоў прымаў удзел мой бацька Рыгор Міхайлавіч, таму перамога для мяне з’яўляецца асабістай урачыстасцю: мы ўсёй сям’ёй ходзім на дэманстрацыю, а потым – на канцэрт у лесапаркавай зоне. І я кожны раз расказваю дзецям пра майго тату, каб яны аб гэтым пазней расказалі сваім нашчадкам, бо такія падзеі забываць нельга!


Іван Заянчкоўскі, арматуршчык:


– Вядома, Дзень Перамогі – гэта ў першую чаргу свята ўсіх ветэранаў, якія здолелі вызваліць нас ад фашысцкіх захопнікаў. Супраць нямецкіх захопнікаў змагаўся мой бацька Казімір Уладзіслававіч. Раней ён жыў у Мілайшунах, але ўжо колькі гадоў яго няма з намі. Мы павінны ганарыцца тым, што перамаглі, што здолелі зрабіць немагчымае! І не толькі мы, але і нашы дзеці і ўнукі.


-------------------------------
Гутарыў Антон ЧЫК, фота аўтара.