"Репортёр выходит в свет". А кем мечтали стать вы?

16:00 / 14.04.2014
1
Усё мы ў дзяцінстве аб нечым марылі: адзін аб горах цукерак, другі аб тым, каб стаць самым моцным, трэці – паляцець да зор... З часам гэтыя мроі забываюцца і адыходзяць у стан “ружовых дзіцячых”.
Даволі часта дарослыя пытаюцца ў маленькіх дзяцей: “Кім ты хочаш стаць?” І нярэдка здараецца, што ў дарослым жыцці гэтыя дзіцячыя мары забываюцца. А калі не забываюцца, то ўсё роўна застаюцца ў памяці светлымі імгненнямі. Карэспандэнт “АП” паспрабаваў высветліць ў сваіх рэспандэнтаў, кім у дзяцінстве яны марылі стаць.

Наталля, хатняя гаспадыня:
– У дзяцінстве ў мяне была мара стаць настаўніцай. Але ў больш дарослым узросце я зразумела, што не настолькі моцна люблю дзяцей (смяецца). Да таго ж жыццё часам складваецца не так, як нам хацелася б. Пасля школы я закончыла Ашмянскі каледж па спецыяльнасцях повара і швачкі, выйшла замуж, нарадзіла дзяцей і зараз займаюся іх выхаваннем.
Калі б была магчымасць, то зараз, напэўна, паспрабавала б вывучыцца на юрыста.


Крысціна Субель, пенсіянерка:
– Нават і не ўспомню, кім я хацела стаць. Жаданняў было шмат, толькі не ўсе яны ажыццявіліся. А вось
работы заўсёды хапала і зараз яе хапае, абы было жаданне працаваць. Я за сваё жыццё шмат кім папрацавала. Была афіцыянткай у рэстаране “Ёлачка”, на месцы якога пабудаваны “Гермес”. Потым на аўтавакзале людзей “абілечвала”. Пасля кандуктарам па раёне і за яго межамі пакалясіла: на Пабрадзе, праз Кямелішкі на Літву, потым на Гудагай. А ў 54 гады пайшла на пенсію, стажу на той момант ужо хапала, і вось ужо 10 гадоў як пенсіянерка.


Алег Шляхцін, будаўнік:
– Колькі сябе памятаю, марыў стаць ваенным: вельмі хацелася ў Афганістан паехаць, каб дапамагаць братняму народу. А потым СССР разваліўся, і тыя мары сышлі ў нябыццё.
Зараз працую будаўніком і, шчыра кажучы, мая работа мяне задавальняе, таму мяняць яе не збіраюся. Я з дзяцінства прывык нешта збіраць, рамантаваць, што ў будаўніцтве цудоўным чынам яднаецца. Да таго ж, шмат часу застаецца на маё захапленне: я займаюся рамонтам і зборам гадзіннікаў. Раней для сяброў і знаёмых рамантаваў іх, а потым на гэтай справе зрок пасадзіў – так што цяпер выключна для сябе займаюся любімай справай.
Нехта сказаў бы, што на гэтым можна добра зарабіць, калі паспрабаваць “штурхнуць” некаторыя старыя гадзіннікі на аўкцыёне. Але для мяне гэта – гісторыя. А я сваю гісторыю прадаваць не збіраюся!


Вікторыя Змітровіч, медсястра хірургічнага аддзялення:
– У мяне дзяцінства закончылася адносна нядаўна.
А ў школьным узросце я марыла стаць настаўніцай фізічнага выхавання, бо вельмі любіла розныя спартыўныя гульні. Але так склаліся абставіны, а можа, не хапіла цярпення, імкнення ці жадання, але ў педагогі я не пайшла. Я выбрала іншы шлях дапамогі людзям – стала медсястрой. Адвучылася ў Маладзечненскім дзяржаўным медыцынскім каледжы, год працавала ў Мінску стаматалагічнай медсястрой і вярнулася на радзіму, у Астравец. Тут уладкавалася на працу ў цэнтральную раённую бальніцу.


Людміла Чыгілейчык, госця з Літвы:
– Са школы мне падабалася займацца з дзецьмі, таму, напэўна, у свой час я стала выхавальніцай у дзіцячым садку. Гэта ж такое шчасце – дапамагаць яшчэ нічога не разумеючым дзеткам пазнаваць свет.
Пазней атрымала яшчэ адну спецыяльнасць – масажыста. Займалася рэабілітацыйным і медыцынскім масажам у сацыяльным дзённым цэнтры ў Літве. Так склалася, што ўсё маё жыццё – гэта дапамога самым безабаронным – дзецям і састарэлым людзям.


--------------------------------
Гутарыў Антон ЧЫК.